Филин

Юлія Кот

Коршунаў: «Ацэнка стасункаў Беларусі і Еўропы як дрэнных — гэта аб’ектыўна. Але агульнае стаўленне беларусаў да Еўразвязу не «абвалілася»

Сацыёлаг — аб тым, ці змаглі ўлады дэманізаваць Захад.

Беларусаў спыталі, што яны думаюць пра Еўразвяз, як ацэньваюць стасункі нашай краіны з Еўропай і якім міжнародным інстытуцыям давяраюць.

Анлайн-апытанне зладзіў праект EU Neighbours East яшчэ ў лютым бягучага года, але вынікі яго былі апублікаваныя толькі днямі. Удзел у даследаванні прымалі 1000 чалавек ва ўзросце 15+, як з гарадоў, так і з сельскай мясцовасці.

16% рэспандэнтаў адказалі, што ставяцца да ЕЗ негатыўна, удвая больш — пазітыўна, яшчэ 39% абралі варыянт «нейтральна». Дарэчы, год таму размеркаванне галасоў было такім жа.

Пры гэтым добрымі адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю палічылі толькі 12% апытаных, а дрэннымі — 42% (для параўнання: у 2019-м пра добрыя адносіны казалі 62%).

Пра тое, як гэтыя лічбы карэлююць з еўрапейскім выбарам для Беларусі, абвешчаным дэмсіламі, чым патлумачыць стабільнасць сімпатыі беларусаў да ЕС і як паўплывалі на грамадскую думку прапагандысцкія наратывы беларускага і расійскага рэжымаў, Филин спытаў старшага даследчыка Цэнтра новых ідэй, сацыёлага Генадзя Коршунава.

— Я не ўпэўнены ў тым, што гэтыя лічбы тым ці іншым чынам звязаныя з еўрапейскім выбарам, які абвясцілі дэмакратычныя сілы — прынамсі, які мінімум пра тое, што па часе гэтыя падзеі не супадаюць, — гаворыць даследчык. — Хутчэй, можна было б сказаць, што дэмсілы пачулі запыт з боку беларускага грамадства — але наўрад ці, думаю, усё ж тут больш палітычны выбар.

Генадзь Коршунаў

Што да настрояў уласна грамадства, сацыёлаг звяртае ўвагу на некалькі важных момантаў у іх фармаванні.

— Вобраз Еўразвязу ці еўрапейскага выбару для беларускага грамадства збольшага абстрактны. Таму што такія рэчы  ў свабоднай краіне абмяркоўваюцца — у медыях і на ўсіх узроўнях: распрацоўваюцца розныя праграмы, аргументацыі, адны партыі кажуць адно, другія — іншае, кожны выступае за сваё, але агулам ідзе абмеркаванне. У Беларусі яго няма дзясяткі год.

Нават падчас пэўных «пацяпленняў» і шматвектарнасці ў беларускай палітыцы на станоўчы вобраз Еўразвязу, не кажучы ўжо пра геапалітычны праеўрапейскі выбар, ніхто не працаваў.

Так, можна казаць, што прадэмакратычная частка грамадства, НДА і палітычныя партыі ў свой час шмат пра гэта казалі. Але сказаць, што гэта значна паўплывала на грамадскую думку, усё ж нельга — не такі моцны голас яны мелі.

Другі важны момант, пра які гаварылі шмат якія даследчыкі, — у беларускай масавай свядомасці выкрышталізаваўся погляд на тое, што беларускі шлях можа быць асобным — ні на Усход, ні на Захад, а нейкі трэці: ці то цалкам нейтралітэт, калі мы самі па сабе, ці наадварот, калі сябруем і з тымі, і з другімі. Насамрэч, гэта вельмі блізкія пазіцыі, проста пытанне ў шчыльнасці сувязяў.

З пачатку 2010-х гадоў, зазначае Генадзь Коршунаў, сума гэтых актыўных і пасіўных пазіцый нейтралітэту складала больш за 50% беларускага грамадства — і захоўвалася да 2020 года ўключна. Нават у 2021-м, паводле апытанняў Chatham House, беларусы роўна, стрымана-пазітыўна, глядзелі і на Усход, і на Захад — і толькі пасля пачатку вайны адбыўся зрух, калі колькасць прыхільнікаў «свайго шляху» складала менш як палову.

— Пры гэтым зразумела, што выбар на карысць Расіі быў больш, чым Еўропы, — працягвае сацыёлаг.

Але, улічваючы, якая сёння сітуацыя ў беларускіх медыя (афіцыйная інфармацыйная прастора, лічы, цалкам падпарадкаваная расійскай), той факт, што і пасля рэвалюцыі, і пасля вайны дзяржаўнай прапагандзе не ўдалося цалкам перавярнуць беларускае грамадства ў бок Расіі — проста фенаменальная штука.

Тое, што стаўленне да Еўразвязу ў пэўным сэнсе пагоршылася — цалкам чаканая з’ява, адзначае даследчык. Бо людзі адчуваюць на розных узроўнях, нават у паўсядзённасці, супрацьстаянне беларускай дзяржавы і еўрапейскіх краін:

— Санкцыі працуюць, што б ні казаў урад — і беларусы адчуваюць гэта па бізнесу, па пастаўках на заводы. Бачаць моманты супрацьстаяння на межах — калі палічыць, колькі пунктаў пропуску засталося на ўсе межы з Еўропай пасля ўчорашняга закрыцця (для легкавога і пасажырскага транспарту дасяжныя чатыры пункты пропуску з Літвой, адзін з Латвіяй і адзін з Польшчай — Ф).

Таму зразумела, што ацэнка стасункаў Беларусі і Еўропы як дрэнных — гэта аб’ектыўна. І пры тым дзіўна, што агульнае стаўленне беларусаў да Еўразвязу, пасля ўсяго, што было, не «абвалілася» — гэта таксама феномен.

Што на гэта ўплывае? Па-першае, разуменне таго, што адказны за пагаршэнне стасункаў перадусім Лукашэнка. І па-другое, думаю, даволі моцны фактар — тое, што шмат у каго бацькі, калегі, сябры, знаёмыя мусілі з’ехаць з Беларусі, прынамсі ў Еўропе цяпер сотні тысяч беларусаў, — і ідзе абмен інфармацыяй на ўзроўні тэт-а-тэт.

Натуральным чынам і ад тых, каму яны давяраюць, людзі ў Беларусі інфармаваныя, як жыве Еўропа. І што б там ні казалі прапагандысты пра тое, што «пацукоў даядаюць», праз сваіх сяброў беларусы ведаюць, што гэта зусім не так.

Яшчэ цікавая акалічнасць: адна з частак апытання EU Neighbours East датычылася прапагандысцкіх наратываў наконт вайны ва Украіне. І хоць значная частка рэспандэнтаў з Беларусі пагаджалася з тэзісамі «метадычкі Крамля», ад чвэрці да паловы апытаных выбіралі адказ «Не ведаю» — фактычна адмаўляліся адказваць.

І гэта, зазначае Генадзь Коршунаў, з аднаго боку, сведчыць, што агулам у грамадстве расце недавер — як да афіцыйнай прапаганды, так і да незалежных медыя. Плюс, канешне, фактар страху — «не ведаць» у цяперашніх умовах найбольш бяспечная пазіцыя. А з другога, такі сумнеў і недавер на 100% аднаму з бакоў — добрая тэндэнцыя.

— Стратэгічна — гэта супер, насамрэч. Таму што сумнеў — тое, што прымушае чалавека думаць, выпрацоўваць сваю пазіцыю.

Хачу нагадаць, што цягам 2018-2019 года (а гэта, хоць сёння цяжка паверыць, былі мірныя часы, калі яшчэ не садзілі за меркаванне і на сацапытанні можна было адказваць спакойна) доля людзей, якія на самыя простыя пытанні палітычнага кшталту выбіралі варыянт «Цяжка адказаць», складала часам больш за палову.

Але нават у гэтай «шэрай зоне», зыходзячы ад адказу ,чалавек усё адно нешта трымае ў галаве. Ён сумняецца і зараз не робіць крок — чакае, што будзе, такой інфармацыі ці такой сітуацыі, калі стане нешта празрыстае.

І ўлічваючы тое, наколькі моцна працуе і расійская і беларуская прапаганда, але ўсё адно прарасійскі выбар не робіцца дамінуючым, а расце вось гэтая «шэрая зона» — бо людзі разумеюць, што за любы негатыў у бок улады чакае неілюзорны тэрмін, — я лічу, гэта выдатныя лічбы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(17)