Кныровіч: Падчас смуты ў Расіі «вока Саўрона» адвернецца ад Беларусі, і ў нас будзе наступны шанец

Бізнесмен — пра тое, чаму пры рэжыме Лукашэнкі беларусы не сталі жыць лепш.

Экс-кіраўнік будаўнічага холдынгу «Сармат», у якога беларускія ўлады адціснулі бізнес і забралі свабоду, прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч  распавёў у вялікім інтэрв’ю ТОК пра стан беларускай эканомікі, хлусню ўладаў і таленавітых эканамістаў у атачэнні Лукашэнкі, а таксама аб тым, калі выпадзе новае вакно магчымсцяў. Выбралі найбольш цікавае.

Пра прапаганду

— Зараз вялікая частка майго жыцця — гэта канал на YouTube, эканамічныя праграмы і іншыя справы вакол усяго гэтага. Гэта хоць і малы, але бізнес, які я раблю сам і зарабляю, — тлумачыць Кныровіч, чаму яго можна назваць не толькі блогерам, але і контрпрапагандыстам. А таму ён добра разумее, чаму супрацьдзейнічае:

— Уся прапаганда глядзіць у мінулае. І таму, калі Лукашэнка заявіў на УНС, што беларусы жывуць лепш чым за ўсе часы дагэтуль — то канешне, 30 гадоў таму было горш, чым цяпер, а пры Сталіне яшчэ горш, а пры Расейскай імперыі — так цяпер нельга такія словы казаць, каб апісаць становішча беларусаў у ёй. Гэта такі ж самы погляд, як у савецкай статыстыцы, калі пісалі лічбы «ў параўнанні з 1913 годам».

Хаця з пункту гледжання заробкаў, цяпер не самыя лепшыя часы — лепшыя былі прыкладна ў 2011-2013 годзе.

Але наогул, не ў гэтым справа. Беларусь атрымала незалежнасць у 1991 годзе, прыкладна ў той самы час, што і нашыя ўсходнееўрапейскія суседзі: Польшча, Эстонія, Літва, Латвія.

І вось зараз калі параўнаць, які шлях пераадолелі яны і дзе знаходзіліся мы, не выпадае хваліцца тым, што сёння на сярэдні заробак беларус можа купіць цэлых 100 кілаграмаў мяса. Бо ў 21 стагоддзі ў Еўропе хваліцца тым, што людзі могуць паесці — гэта наогул што?!

Самая бедная краіна Еўразвязу Румынія траціць на харчаванне 27% сярэдняга заробку — а беларусы трацяць амаль 40%. Нашыя суседзі — недзе па 20%, Бельгія ці Брытанія — 8-10%. Еўропа жыве ўжо ў такія часы, калі хваліцца харчаваннем вельмі і вельмі сорамна.

І так па ўсіх паказчыках у суседніх краінах з дабрабытам і якасцю жыцця справы лепшыя.

Пра найвялікшую хлусню Лукашэнкі

— Лукашэнка на УНС пахваліўся тым, што ў кожнага беларуса цэлая тысяча долараў у банку. Па-першае, хлусня ў тым, што гэта агульная лічба. На дэпазітах ляжыць у сярэднім трохі меней за $600 на чалавека, астатняе — гэта заробак, які прыйшоў сёння, і заўтра чалавек яго патраціць.

Калі мы паглядзім, колькі чалавек маюць уклады ў банках, то з 9 мільёнаў насельцніцтва толькі адзін мільён мае, што пакласці на гэты дэпазіт. А 8 мільёнаў не трымаюць у банку ніякіх грошай. Зірнем у бок суседзяў — Латвія, Літва, Польшча, — у Латвіі памер дэпазіта мінімальна $6000-8000 на чалавека, то бок, у 10-15 разоў болей грошай, і там амаль кожная сям’я мае дэпазіт.

Гэта паказнікі вельмі дэградуючай эканомікі. І было б вельмі добра верыць, што проста частка беларусаў не трымае грошы ў банку, а зашылі пад матрасам, але ўпэўнены, што гэта не так.

Мы — краіна, якая за 30 год засталася на месцы. Таму ўсе чыноўніцкія параўнанні, як мы сталі добра жыць у параўнанні з 1991 годам — вялікая хлусня.

Пра данос на сябе

— Злітая база даносаў у КДБ мяне вельмі натхніла. Бо калі ў краіне, якая прапагандуе Савецкі Саюз як ідэал (а там даносы былі нармальнымі паводзінамі савецкага чалавека), і дзе як мінімум чвэрць насельніцтва падтрымлівае Лукашэнку і Крэмль, ты бачыш толькі 20 тысяч даносаў за 9 год — разумееш, што не такая ўжо вялікая ў рэжыму падтрымка.

Асобныя выпадкі, калі даносяць блізкія на блізкіх, натуральна, здзіўляюць. Але як масавая з’ява — я хутчэй парадаваўся, чым засмуціўся.

Знайшоў, дарэчы, адну згадку пра сябе. Былы следчы, здаецца, АБЭЗ, скардзіцца ў КДБ, як яшчэ ў 2004 годзе ён хацеў мяне пасадзіць, а яму не далі, а потым у 2018-м мяне ўсё ж пасадзілі, і значыць, ён меў рацыю, што я злачынец, а яго несправядліва звольнілі…

Так што па выніку я хутчэй натхнёны тым, наколькі малы ўплыў прапаганда аказвае на мазгі людзей, што гэтых даносаў так няшмат, з пункту гледжання статыстыкі.

Пра дзяржпрадпрыемствы

—Мы маем справу з сістэмнай з’явай: калі беларускія прадпрыемствы працуюць на канкурэнтным рынку, нават у Расіі, то гэта ўсё пра страты. Усе праекты мадэрнізацыі — дрэваапрацоўка, цаментная вытворчасць і г.д. — стратныя праекты, якія нічога не прынеслі.

Так сама і АЭС — стратны праект, які нічога карыснага Беларусі не прынясе, толькі шкоду. Светлагорскі ЦКК, які пацягнуў мільярд, а цяпер не можа працаваць за свае грошы. Біятэхналагічная карпарацыя, БНБК, што разлічвалася як вельмі паспяховы інавацыйны праект, найсучасны, таксама прыйшоў прасіць грошы, таму што сам не можа ні сплочваць адсоткі па крэдытах, ні самі крэдыты.

Так паўсюль: як толькі мы кажам пра нейкую мадэрнізацыю і працу ў галіне, дзе ёсць канкурэнцыя — усё працуе ў мінус.

Ёсць хіба асобныя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія працуюць у плюс, але толькі там, дзе створана манаполія. Напрыклад, для гарэлачнага заводу «Крышталь», для тытунёвых фабрык.

«Белавія» да санкцый працавала ў плюс — але гэтую прыбытковасць ёй аплочвалі беларусы, якія не мелі магчымасці карыстацца Ryanair.

Я не ведаю ніводнага прадпрыемства, якім беларусы маглі б ганарыцца. І гэта, пасля непрацуючага заканадаўства, другая па памерах праблема нашай эканомікі.

Пра эканамістаў рэжыму

— Калісьці ў эканамічным блоку Лукашэнкі быў Кірыл Руды, якога я годзе ў 2015-м слухаў і разумеў: па-першае, вельмі таленавіты чалавек, а па-другое, вельмі смелы, бо за тое, што ён казаў ад імя дзяржавы, цяпер робяць «экстрэмістамі» і садзяць за краты.

Румас — найлепшы прэм’ер за ўсе гады кіравання ў Беларусі. Добрая каманда ў Нацбанку, і таму ўжо год 10 ніхто не чапае Калаўра — магчыма, і хацелі б нешта з ім зрабіць, але так напужаў улады 2011 год, што ў іншых структурах і ведамствах могуць перастаўляць кіраўнікоў як заўгодна, а іх не чапаюць.

Больш-менш стабільнасць беларускай эканомікі — шмат у чым заслуга каманды Нацбанку, і тое, што цяпер адчуваюцца хістанні, гэта не дрэнная праца Паўла Калаўра, а ўсе астатнія робяць чорт ведае, што.

Новы намеснік адміністрацыі Лукашэнкі, спадар Ягораў з Банку развіцця (прызначаны адказным за эканоміку з сакавіка 2024 — С), мяне здзівіў: у БРР былі заўжды добрыя спецыялісты, а ён прыйшоў і нагаварыў такіх эканамічных глупстваў, як быццам прыходзячы ў адміністрацыю, кожны сам становіцца трошку Лукашэнкам.

Пра тое, чаму ідзе ў палітыку

— Я цалкам упэўнены, што Расію ў найбліжэйшай будучыні чакае паўнацэнная смута. Падчас яе «вока Саўрона» адвернецца ад Беларусі, і ў Беларусі будзе наступны шанец — не заўтра, не праз месяц, але цягам дзесяці год дакладна будзе. Пытанне ў тым, наколькі мы бдзем гатовыя да яго.

Знаходзячыся ў эміграцыі, мы не будзем вырашальнай сілай, але можам паўплываць на тое што будзе адбывацца далей. А для гэтага нам патрэбная моцная дыяспара, тыя, хто выехаў пасля 2020 года.

Ідэалагічна мы боўтаемся: 2020 год не перапрацаваны, няма асновы, базы, якая дазваляла б гаварыць, што мы — новыя беларусы, і ў нас ёсць палітычнае прадстаўніцтва, якое змагаецца за правы дыяспары ў той меры, наколькі гэта магчыма, каб на беларусаў глядзелі асобна ад рэжыму, асобна ад Расіі, каб беларускі добрасумленны бізнес мог працаваць з Еўропай, а рэжымны — не мог.

І на маю думку, Каардынацыйная Рада — гэта не парламент, не размеркаванне грошай і не напісанне законаў. Але гэта яшчэ адна магчымасць стварыць новы цэнтр сілы, які можа ў будучым паўплываць на перамены ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(43)