Филин

Ірына Марозава

Класкоўскі: «Уся канцэпцыя нацбяспекі хібная, прасякнутая думкай захавання анахранічнага, недэмакратычнага, рэпрэсіўнага рэжыму»

Палітычны аглядальнік — пра «электаральны суверэнітэт», рэальныя пагрозы і пошук ворагаў сярод сваіх.

У Беларусі рыхтуюць папраўкі ў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Тэкст дакумента, які ўлады абяцаюць вынесці на грамадскае абмеркаванне, дагэтуль не апублікаваны, але анансавана «кардынальнае» абнаўленне прыкладна на 70%.

У прыватнасці, распавёў у эфіры тэлеканала СТБ начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Арцём Буторын, у дакуменце з’явіліся паняцці «электаральнага суверэнітэту» і «біялагічнай бяспекі», а таксама градацыя пагроз бяспецы — ад рызык і выклікаў да ўласна пагрозы.

Адсочваць небяспеку для дзяржавы ўлады плануюць на этапе «фарміравання дэструктыўных намераў», прычым пільнаваць будуць не толькі знешнія крыніцы пагроз, але і ўнутраныя — у іх ліку былі названыя «здраднікі і сабатажнікі».

Паводле генеральнага сакратара Рады Бяспекі Аляксандра Вальфовіча, новая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, якую мусяць прыняць дэлегаты Ўсебеларускага народнага сходу, — гэта «другі пасля Канстытуцыі стратэгічны дакумент». Але што насамрэч стаіць за гучнымі словамі і ці зможа новая канцэпцыя ўмацаваць вертыкаль, ці, наадварот, расхістае яе пошукам здраднікаў ва ўласных шэрагах? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам праекта @pozirkonline Аляксандрам Класкоўскім.

Аляксандр Класкоўскі

— Думаю, што праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі — гэта проста бюракратычны дакумент, які рэальна мала што зменіць, — мяркуе аналітык. — У прынцыпе, так, кожная краіна павінна мець падобную канцэпцыю. Але ў беларускім выпадку яна адлюстроўвае скажоныя, спецыфічныя ўяўленні цяперашняй кіроўнай вярхушкі пра тое, як мусіць быць уладкаваная краіна і як выглядае навакольны свет. Гэта такое рэтраградскае мысленне ў катэгорыях «ворагаў», скіраванае на кансервацыю цяперашняга рэжыму. І адсюль вынікаюць усе хібы дакумента.

Згадкі пра «здраднікаў і сабатажнікаў», зазначае Аляксандр Класкоўскі, вельмі нагадваюць лексіку сталінскіх часоў — як і ўвогуле ўся сённяшняя беларуская рэчаіснасць з яе рэпрэсіўнымі метадамі дасягнення славутай «стабільнасці».

— Дэ-факта барацьбу з гэтымі катэгорыямі людзей улады і так вядуць, — іншая рэч, што запісваюць у іх сваіх палітычных праціўнікаў, ведучы змаганне з іншадумствам, з усімі тымі, хто мае іншы погляд на шляхі развіцця краіны. І таму тое, што ў іншых дзяржавах лічыцца нормай — змена кіроўных элітаў, палітычная барацьба за ўладу, агітацыя за розных кандыдатаў — у Беларусі ўзводзіцца ў катэгорыю злачынстваў і пагроз нацыянальнай бяспецы.

Для жорсткага аўтарытарнага рэжыму змена ўлады, што ёсць нормай у дэмакратычных краінах,— нібыта падкоп пад дзяржаву, і гэта адлюстроўвае ўсю хібнасць мыслення так званай беларускай кіроўнай эліты.

Вішанькай на торце эксперт называе новаўведзенае паняцце электаральнага суверэнітэту, якое апошнім часам ахвотна тлумачыць праз дзяржСМІ кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка:

— З яго каментароў вынікае, што пад электаральным суверэнітэтам улады фактычна маюць на ўвазе сваё права ператвараць выбары ў своеасаблівую «чорную скрыню». І калі казаць пра так званую рэформу палітычнай сістэмы, то прадугледжваецца, што выбары ва Усебеларускі народны сход увогуле будуць праходзіць без удзелу шараговых грамадзян: чыноўнікі, наменклатура будуць абіраць самі сябе.

Улады імкнуцца закансерваваць сітуацыю і знішчаць усялякую палітычную канкурэнцыю, а таксама ліквідаваць міжнародны кантроль над электаральным працэсам (калі наогул так можна называць імітацыйныя мерапрыемствы, у якія ператварыліся выбары ў Беларусі).

Лукашэнка на днях на «Мінскай лыжні», у прыватнасці, абрынуўся на АБСЕ, маўляў, якое яны дачыненне маюць да выбараў — хоць раней улады ўсё ж запрашалі назіральную місію БДІПЧ АБСЕ і вытрымлівалі ў гэтым плане палітэс перад Еўропай. Але цяпер, мабыць, на ўсё напляваць, і найхутчэй што наступныя выбары пройдуць увогуле без назіральнікаў ад гэтай арганізацыі, а будуць запрашаць, як звычайна, назіральнікаў ад Расіі і СНД, ведаючы апрыёры, што тыя ацэняць электаральную кампанію ў кампліментарным ключы.

Што да абяцанага грамадскага абмеркавання новай Канцэпцыі нацбяспекі, на думку аналітыка, яно будзе імітацыйным, як і дыялогавыя пляцоўкі да леташняга рэферэндуму па зменах у Канстытуцыі:

— Хоць прапагандысты і абвясцілі такі фармат новым інстытутам дэмакратыі, нават па здымках у дзяржаўных медыях было бачна, як насамрэч праводзіліся гэтыя «абмеркаванні»: зганялі рабацяг у ватоўках, і тыя з каменнымі тварамі слухалі чыноўнікаў, якія даводзілі, што і старая Канстытуцыя добрая, і новая будзе яшчэ лепшай, а галоўнае, Лукашэнка forever.

Мяркую, і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі будуць «абмяркоўваць» у такім прыблізна ключы. Напэўна, улады думаюць, што змогуць гэта прадаць Еўропе як праяву дэмакратызацыі, хоць ніякай паліфаніі галасоў і ніякага плюралізму на гэтых пляцоўках няма. Мы памятаем, як на Гомельшчыне засудзілі пенсіянера, які паспрабаваў выказаць сваё меркаванне наконт паправак у Канстытуцыю (былога сельскага дэпутата Мікалая Віцікава асудзілі да 8 месяцаў калоніі —Ф.).

А самае галоўнае, падкрэслівае эксперт, што новая КНБ ніяк не паўплывае на рэальны узровень нацыянальнай бяспекі — хоць да яе забеспячэння вялікія пытанні, у прыватнасці, пасля інцыдэнту ў Мачулішчах.

— Праект КНБ пакуль не апублікаваны, але, хутчэй за ўсё, у ім не адлюструюць рэальныя небяспекі, — зазначае Аляксандр Класкоўскі. — Так, там будзе пра падступнага монстра НАТО, пра «тэрарыстычныя арганізацыі», якія нібыта хочуць развязаць грамадзянскую вайну (напэўна, маюцца на ўвазе Полк К*ліноўскага і «Паспалітае Руш*нне», небяспеку якіх улады прызнаюць і, можа, нават перабольшваюць). Але напэўна ж не будзе рэальных пагроз — а яны палягаюць у палітыцы цяперашняга рэжыму, скіраванай на шчыльны хаўрус з Расійскай Федэрацыяй, а дакладней з імперыяй.

Мы бачым, што Лукашэнка, дзеля таго каб захаваць сваю ўладу падчас пратэстаў 2020 года, яшчэ шчыльней звязаў свой лёс з Расіяй, пайшоў на вялікія саступкі Крамлю і ў рэшце рэшт стаў саўдзельнікам агрэсіі.

Спецыфіка аўтарытарнага рэжыму, які найперш дбае пра самазахаванне і сам лезе ў імперскую пастку, што пагражае незалежнасці Беларусі,— вось найвялікшая на сённяшні дзень пагроза.

І, адпаведна, ключавое пытанне — пытанне змены ўлады ў краіне. Але гэта, нагадаю, лічыцца апрыёры злачынствам. Таму і ўся канцэпцыя хібная, прасякнутая думкай захавання анахранічнага, недэмакратычнага, рэпрэсіўнага рэжыму.

— Ці пойдзе гэта канцэпцыя на карысць уладам? Нядаўна кіраўнік КДБ Іван Церцель распавёў, што з пачатку года былі выкрытыя «больш як 10 здраднікаў» у сілавых структурах і дзяржапараце — то, магчыма, замест аб’яднання атрымаецца працяг «чыстак» у вертыкалі і пошук унутраных ворагаў?

— Так, элементы самапаядання ў сістэме назіраюцца, там пачынаюць шукаць «здраднікаў» сярод сваіх. Мы ведаем нямала прыкладаў з 2020-га, калі, як патэтычна пісала незалежная прэса, сілавікі і чыноўнікі пераходзілі на бок народа: Павел Латушка, дыпламаты з МЗС, шэраг міліцыянтаў, у тым ліку афіцэраў, хто дэманстратыўна звальняўся з органаў на знак пратэсту супраць гвалту. Але ж некаторыя людзі, што ў душы не прымаюць гэтую сістэму, у ёй застаюцца — напэўна, іх будуць выкалупваць, працягваючы чысткі.

А часткова «пад раздачу» будуць трапляць і адданыя служкі рэжыму, як гэта было ў сталінскія часы: спачатку расстрэльваў наркам Яжоў, а потым расстралялі яго, і такіх прыкладаў таксама было шмат.

Аднак, на мой погляд, было б наіўна разлічваць, што сістэма сама сябе скрышыць такім чынам. Усё ж на першым плане ў Лукашэнкі і ягонага атачэння — інстынкт самазахавання. Хоць узровень рэпрэсій многім у вярхушцы, мяркую, не падабаецца, асабліва калі казаць пра цывільны блок, тых цвярозых людзей з ураду, хто застаўся пасля ўсіх кадравых перастановак і чыстак і разумее, што цяперашняя палітыка не на карысць краіне. Напэўна, гэтыя людзі падказалі Лукашэнку, што трэба думаць пра вяртанне так званых «збеглых», бо вымываюцца каштоўныя кадры з медыцыны, IT-сферы, іншых галін.

Калі гэтыя крызісныя з’явы будуць нарастаць, стане рэзка пагаршацца становішча ў эканоміцы, узмоцняцца санкцыі, калі Расія будзе відавочна прайграваць вайну ва Украіне, а мо і заўважна пахіснецца здароўе правадыра,—пры збегу такіх чыннікаў можа пачацца браджэнне ў «элітах», і не выключана, што на нейкім этапе нават саспее палацавы пераварот. Але, напэўна, не сёння і не заўтра: Лукашэнка пільна за ўсімі сочыць, спецслужбы кантралююць адна другую, таму браджэнне і выспяванне нейкіх змоў цяпер наўрад ці адбываецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)