Филин

Ірына Марозава

Класкоўскі: «Ідзе закабаленне: любіць чалавек рэжым, не любіць, але ж не рыпнецца»

Падітычны аглядальнік — пра ўказ Аляксандра Лукашэнкі, згодна з якім некаторых беларусаў могуць прымусіць кампенсаваць дзяржпадтрымку на будаўніцтва жылля.

У Беларусі падпісаны ўказ, што рэгламентуе кампенсацыю дзяржпадтрымкі, атрыманай на будаўніцтва жылля. Вайскоўцы і дзяржслужачыя, якія скарысталіся такой магчымасцю, абавязаныя адпрацаваць на ранейшым месцы службы ці працы не менш чым 10 гадоў, а ў выпадку звальнення паводле ўласнай ініцыятывы альбо праз «дыскрэдытуючыя абставіны» атрыманую субсідыю давядзецца кампенсаваць.

Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам праекта «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім, ці атрымаецца ў рэжыму забяспечыць з дапамогай гэтага інструмента дадатковую лаяльнасць

— Думаю, што гаворка тут не столькі пра лаяльнасць, колькі пра замацаванне кадраў, — зазначае аналітык, — пра іх утрыманне на пэўных, можа, не вельмі прэстыжных месцах.

Калі казаць пра дзяржслужачых, то ў некаторых уяўленне, што гэта абавязкова праца ў сталіцы, вялікі кабінет, персанальны аўтамабіль і г.д. Але ёсць шмат дробных пасад з невысокімі заробкамі ў глыбінцы, і трэба думаць, што там вялікая цякучасць кадраў.

Мабыць, тут выкарыстоўваецца банальны кручок, проста каб закабаліць чалавека: любіць ён рэжым, не любіць, але ж не рыпнецца, інакш давядзецца кампенсаваць вельмі вялікую, а мо і непад’ёмную суму на будаўніцтва жылля.

Калі глядзець шырэй, мне здаецца, Лукашэнка ў пэўнай ступені ўжо асэнсаваў, што няма ў яго ранейшай папулярнасці, і наўрад ці спадзяецца шчырую любоў шырокіх народных мас зноў заваяваць. Невыпадкова пасля прыняцця новай Канстытуцыі ён некалькі разоў паўтарыў: маўляў, дарэмна мы падчас яе распрацоўкі не скасавалі ўвогуле ўсенародныя выбары прэзідэнта.

І самі рэпрэсіі, дадае Аляксандр Класкоўскі, накіраваныя не на тое, каб пратэсная частка электарату раптоўна палюбіла рэжым, а на тое, каб баяліся. Пакорлівасць — новая ідэя рэжымнага цмока, а хто не скарыўся, таго альбо выціскаюць з краіны, альбо кідаюць за краты, альбо прымушаюць сядзець як мыш пад мятлой.

— У сённяшняй рэпрэсіўнай сістэме чалавек у пагонах, дый цывільны на дзяржслужбе, так ці іначай будзе ўдзельнічаць у рэпрэсіях, у нейкіх кадравых чыстках, — разважае аналітык. — І чым далей, тым болей ён будзе павязаны з рэжымам, чым далей, тым болей вымушаны за яго трымацца. Бо будзе мацнець разуменне: калі ўлада зменіцца, непазбежны «разбор палётаў», чакай люстрацыі…

Гэта цяжка назваць лаяльнасцю, хутчэй — фаталізмам. Да таго ж чым старэйшы чалавек, тым болей кансерватыўным ён становіцца, тым менш гатовы нешта мяняць. Думаю, тут ва ўладаў разлік на тое, што спрацуе ўвесь гэты комплекс чыннікаў.

Цяперашні ўказ, гаворыць эксперт — толькі частка шматгадовай дзяржаўнай палітыкі закабалення людзей. І гэта выразная прыкмета несвабоднай краіны. Бо ў дэмакратычных краінах ствараюцца ўмовы, каб грамадзяне болей зараблялі і самі маглі выбіраць форму набыцця жылля, а не былі абавязаныя кланяцца «цару» за тое, што ён ім даў нейкую порцыю дабротаў.

Цікава, што ў ліпені беларускія ідэолагі адпрацоўвалі на сустрэчах з насельніцтвам тэму дэмаграфічнай бяспекі. У прыватнасці, расказвалі, што адна з галоўных прычын падзення нараджальнасці ў Беларусі і ў свеце — «нежаданне ахвяраваць сваім камфортам» і «прыярытэт асабістых інтарэсаў над грамадскімі».

– За гэтымі наратывамі стаіць замшэлая савецкая ідэалогія, – лічыць Класкоўскі. – І па сутнасці, гэта няправільна, — казаць, што людзі сталі эгаістамі, таму ў іх мала дзяцей. Думаю, і ў ранейшыя часы нараджальнасць тлумачылася не дзяржаўнымі інтарэсамі.

Калі ўзяць сялян, у якіх былі сем’і па 10-12 дзяцей — гэта ж не таму, што селянін гарэў жаданнем болей рэкрутаў для цара паставіць. Па-першае, не было кантрацэптываў, супрацьзачаткавых сродкаў, людзі былі малаадукаваныя ў гэтым плане.

Па-другое, высокая смяротнасць: бацькі нярэдка нараджалі «з запасам», бо з 10 дзяцей выжывалі двое-трое. Да таго ж людзі жылі мала, хутка старэлі, а пенсіяў тады не плацілі.

Вялікая сям’я была неабходнасцю, каб дзеці дапамагалі (прыгадаем хрэстаматыйны прыклад з Някрасава) і каб старых бацькоў потым пракармілі. Але дзе тут думкі пра дзяржаву?

Таму варта канстатаваць, што цяперашнія ідэалагічныя метадычкі абсалютна неадэкватныя і заснаваныя на нейкіх фальшывых пастулатах.

Тое-сёе беларуская дзяржава для падтрымання сем’яў усё ж робіць, гэта нельга адмаўляць. Але калі гаворка ідзе пра захаванне ўлады, то палітычныя меркаванні пераважаюць, падкрэслівае аналітык, а пытанні дэмаграфіі адкідаюцца ўбок.

— Каб было іначай, рэжым не выціскаў бы за межы краіны самую перспектыўную, маладую частку — людзей, якія маглі б ствараць сем’і і нараджаць дзяцей у Беларусі. Але і з-за палітычнага пераследу, і з эканамічных прычын яны вымушаныя будаваць сваё жыццё ў Літве, Польшчы і іншых краінах.

І пры ўсіх патугах дзяржавы вырашыць дэмаграфічную праблему аб’ектыўна супраць будзе працаваць тое, што Беларусь мае рэпрэсіўны рэжым ды ўсё болей адстае ад суседзяў па ўзроўню жыцця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(29)