Политика
Юлія Аляксандрава

Каваленка патлумачыў на псіхалагічнай экспертызе, што палітыка адрозніваецца ад псіхалогіі

Сяргей Каваленка, якога за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай елцы Віцебска абвінавачваюць у хуліганстве і супраціве міліцыі, 19 студзеня прайшоў псіхалагічную экспертызу. «Мяркую, што на ход следства гэтая экспертыза ніяк не паўплывае, бо на ўсе пытанні я адказваў нармальна», кажа ён. Адначасова з тым, абвінавачванні ў дачыненні да віцебскага актывіста былі перакваліфікаваныя.

Экспертыза, ініцыяваная міліцыянтамі, заняла 2,5 гадзіны.

— Спачатку была камісія з трох ці чатырох чалавек, пры якой прысутнічала і следчая, — распавёў Сяргей Каваленка «Салідарнасці». — Там зачытваліся абвінавачванні міліцыі, а я распавядаў што і чаму зрабіў. Як я ўбачыў, камісіі было цікава мяне слухаць. Я патлумачыў ім, што такое палітыка, што гэта адрозніваецца ад псіхалогіі. Пасля я адказваў на пытанні псіхолага, якія выяўлялі ўзровень памяці і таму падобнае. Гэта былі разнастайныя табліцы, асацыяцыі, шэраг пытанняў… Мяркую, што на ход следства гэтая экспертыза ніяк не паўплывае, бо на ўсе пытанні я адказваў нармальна.

Як стала вядома, абвінавачванні ў дачыненні да віцебскага актывіста былі перакваліфікаваныя.

– Па сутнасці ж, яны не асабліва змяніліся, — лічыць Каваленка. — Пакінулі «супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак» (артыкул 363 Крымінальнага кодэксу, які пагражае заключэннем да пяці год). Замест другой часткі артыкула 339 — абвінавачванні ў парушэнні першай часткі таго ж артыкула (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і дэманструюць яўную непавагу да грамадзтва), што прадугледжвае ад нуля да трох гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, што сцяг над елкай у Віцебску з’явіўся 7 студзеня. Неўзабаве актывіст быў затрыманы, а ў дачыненні да яго была ўзбуджана крымінальная справа. Ад сваіх дзеянняў Сяргей Каваленка не адмаўляўся, кажучы, што для яго «гэта справа гонару».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)