Политика

Карбалевіч: «УНС вырашылі пакуль «замарозіць», каб ня блытаўся пад нагамі»

«Усебеларускі народны сход» задумваўся Аляксандрам Лукашэнкам як мэханізм транзыту ўлады. Але, паколькі сыходзіць Лукашэнка перадумаў, то ўзьнікла праблема: што рабіць з ужо створаным УНС піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Усебеларускі народны сход. Менск, красавік 2024

Вырашылі пакуль «замарозіць», каб ня блытаўся пад нагамі. Але ў будучыні існаваньне УНС можа стварыць вялікія праблемы.

У эпоху Сярэднявечча адной з тэмаў дыскусій філёзафаў-схалястаў было такое пытаньне: ці можа ўсемагутны Бог стварыць такі камень, які сам падняць ня здольны?

Падобная асацыцыя ўзьнікла пасьля нядаўняга паседжаньня прэзыдыюму «Ўсебеларускага народнага сходу» (УНС). На ім абмяркоўвалася пытаньне, якое паставіў Аляксандар Лукашэнка: што рабіць з гэтым інстытутам, куды яго паставіць, каб не замінаў, ня блытаўся пад нагамі. Атрымліваецца, сам стварыў новую структуру, надаў ёй канстытуцыйны статус, а цяпер ня ведае, як убудаваць у палітычную сыстэму.

Лукашэнка прызнаўся, што статус УНС яго «вельмі турбуе»:

«Нам трэба вырашыць галоўнае пытаньне (можа, нават ня вырашыць, яно вырашана ў Канстытуцыі): мы ўсе павінны разумець, што УНС нікому не павінен перашкаджаць працаваць... Мы (я маю на ўвазе УНС і прэзыдыюм) ні ў якім разе нікому не замінаем з органаў улады і ня цісьнем іх. Кожны займаецца сваёй справай. Гэта ўжо дзесяцігодзьдзямі ў нас «устаканілася», усе гэта разумеюць. А лічыць, што наш найвышэйшы прадстаўнічы орган, УНС, зьверху і мае права рабіць усё ў краіне, — з такім падыходам жыць нельга. Яшчэ раз паўтараю: ніякага дубляваньня, ніякага ціску. УНС павінен заняць сваё месца».

Такая сытуацыя ўзьнікла таму, што прага Лукашэнкі да ўтрыманьня ўлады пераважыла лёгіку захаваньня эфэктыўнага дзяржаўнага кіраваньня. Справа ў тым, што канстытуцыйная рэформа, прыняцьце новай Канстытуцыі ў 2022 годзе першапачаткова задумваліся як мэханізм, неад’емная частка працэсу транзыту ўлады і адстаўкі Лукашэнкі са сваёй пасады. Менавіта з гэтай прычыны быў прыдуманы новы орган дзяржаўнага кіраваньня — «Усебеларускі народны сход». Да яго перацягвалася частка паўнамоцтваў прэзыдэнта і парлямэнту.

Меркавалася, што Лукашэнка, узначаліўшы гэты інстытут, зможа кантраляваць наступнага прэзыдэнта. Гэтак утварыўся б паралельны орган улады, закліканы стаць страхавальным мэханізмам на выпадак, калі Лукашэнка вырашыць пакінуць пасаду прэзыдэнта. Уласна, у гэтым і была галоўная ідэя канстытуцыйнай рэформы.

Але ў апошні момант Лукашэнка перадумаў сыходзіць. Так узьнікла парадаксальная сытуацыя. Новая Канстытуцыя прызначана для новага прэзыдэнта, а Лукашэнка адмаўляцца ад гэтай пасады не збіраецца. У выніку захоўвае ўсю ранейшую ўладу, але цяпер яна разьмеркаваная паміж двума цэнтрамі, якімі ён жа сам кіруе: пасады прэзыдэнта і старшыні УНС.

Паколькі цяпер УНС Лукашэнку не патрэбен, то вырашана, што ня варта нават імітаваць, быццам ён зьяўляецца нейкім уладным органам. У выніку нічога лепшага не прыдумана, як «замарозіць» яго, ператварыць у цалкам дэкаратыўную канструкцыю.

Толькі цяпер, праз 7 месяцаў пасьля стварэньня прэзыдыюму УНС, правялі ягонае першае паседжаньне. Мусіць, доўга думалі над парадкам дня. І нічога лепшага не прыдумалі, як абмеркаваць праект указу аб павышэньні статусу старшынь райвыканкамаў. Лукашэнка чамусьці назваў яго важным стратэгічным дакумэнтам.

Цікава адзначыць, што толькі ў інфармацыі пра паседжаньне прэзыдыюму УНС у афіцыйных мэдыя Лукашэнку назвалі «старшынёй Усебеларускага народнага сходу». Упершыню за сем месяцаў з моманту правядзеньня паседжаньня УНС у красавіку сёлета. Што лішні раз падкрэсьлівае другасны статус гэтай інстытуцыі.

Але, як слушна зазначыў Лукашэнка, гэты статус-кво захоўваецца да той пары, пакуль на пасадзе старшыні УНС і прэзыдэнта знаходзіцца адзін чалавек. «Але потым мы можам стварыць сабе вялікія праблемы», — перасьцярог ён.

Тут Лукашэнка мае рацыю. Пакуль ён кіруе, то ўсе дзяржаўныя інстытуты Беларусі (урад, парлямэнт, Канстытуцыйны і Вярхоўны суды і інш.) — гэта дэкарацыі, якія ня маюць рэальнай улады. Менавіта Лукашэнка зьяўляецца адзіным рэальна дзейным уладным інстытутам.

Але вось калі Лукашэнка зь якой-небудзь прычыны зьнікне, то ўся палітычная сыстэма, сканструяваная ім, пачне развальвацца, разбурацца. Бо яна разбалянсаваная. Тры дзяржаўныя інстытуты (прэзыдэнт, парлямэнт, УНС) пачнуць змагацца за ўладу. Новая канструкцыя ўлады канфліктагенная паводле азначэньня. Яна можа ўвесці краіну ў палітычны крызіс.

Але ў тым і праблема, што Канстытуцыю пісалі не для таго, каб забясьпечыць палітычную стабільнасьць у краіне, а толькі дзеля ўтрыманьня ўлады адным чалавекам, Лукашэнкам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(9)