Политика

Карбалевiч: «У беларускае пытаньне моцна ўмяшалася геапалітыка»

Палiтолаг – пра абмежаваныя санкцыі.

– Эўразьвяз прыняў санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, – пiша Валер Карбалевiч. – Нагадаю, што іх прыняцьцё плянавалася яшчэ 14 жніўня. ЭЗ пасьля амаль пяцігадовага пэрыяду нармалізацыі адносін з Беларусьсю вяртаецца да палітыкі санкцый. Але ў новых палітычных умовах.

Мінулы пік санкцый прыйшоўся на 2011 год. Тады пасьля жорсткага падаўленьня акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году цягам двух гадоў ў Беларусі было затрымана за апазыцыйную дзейнасьць звыш 2 тысяч чалавек, зьявілася звыш 40 палітвязьняў.

Цяпер маштаб падзей непараўнальны з 2010 годам. Супраць існага рэжыму выступіла большасьць народу. У краіне пачалася рэвалюцыя. І маштаб рэпрэсій непараўнальны. Чацьвёра забітых, сотні пакалечаных і параненых, звыш 14 тыс затрыманых, больш за 70 палітвязьняў.

Здавалася б і маштаб санкцый павінен быць адпаведна большым. Аднак атрымалася ўсё наадварот. Калі ў 2011 годзе санкцыі ЭЗ былі ўведзены ў дачыненьні да 243 вышэйшых прадстаўнікоў беларускай кіруючай эліты, то цяпер толькі супраць 40 чалавек, і Лукашэнкі ў гэтым сьпісе няма. Тады уводзілася забарона на супрацоўніцтва эўрапейскага бізнесу з 29 беларускімі кампаніямі. Цяпер пра эканамічныя санкцыі увогуле не ідзецца.

Чаму такая розьніца? Найперш, таму, што ў ЭЗ цяпер значна больш сваіх праблем, чым 9-10 гадоў таму. Пра што сьведчыць паўтарамесячнае блякаваньне рашэньня аб санкцыях Кіпрам.

Але галоўнае ў іншым. У беларускае пытаньне моцна ўмяшалася геапалітыка.

За час пасьля Крыму павялічылася расейская сілавая пагроза рэгіёну Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. І значэньне сувэрэнітэту Беларусі ў вачах эўрапейскіх палітыкаў узрасло. ЭЗ баіцца жорсткімі санкцыямі супраць Лукашэнкі канчаткова заштурхнуць Беларусь у Расею. Наколькі такая лёгіка сёньня зьяўляецца рацыянальнай, гэта іншая справа. Але яна дзейнічае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(19)