Карбалевіч: «Расейскія ўлады ў сытуацыі з Мажэйкам не выглядаюць белымі і пухнатымі»

Што стаіць за справай затрыманага журналіста КП.

— У заблытанай гісторыі з затрыманьнем журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйкі сплялося шмат розных мэтаў, інтарэсаў, інтрыгаў, — піша Валер Карбалевіч.

Тут і імкненьне канчаткова зачысьціць інфармацыйную прастору ад незалежных ад улады мэдыя; і помста за пазыцыю ў трагедыі на вуліцы Якубоўскага; і напружаньне ў адносінах з Расеяй.

Жорсткія рэпрэсіі за камэнтары ў сацыяльных сетках пра дзьве ахвяры ў выніку перастрэлкі — гэта ня толькі спробы зьнішчыць усялякае іншадумства. Галоўнае палягае ў тым, што ўлады спрабуюць стварыць культ сілавых структураў. Адносна іх існуе прэзумпцыя невінаватасьці, беспамылковасьці (як казалі ў сталінскія часы, «нашы органы не памыляюцца»), беспакаранасьці. Ім даруецца ўсё. Гэта — асобая каста недатыкальных. Фактычна яны дзейнічаюць па-над законам. І калі супрацоўнік КДБ загінуў у барацьбе з палітычнымі апанэнтамі, то ён апрыёры герой.

За час кіраваньня Лукашэнкі было нямала выпадкаў, калі супрацоўнікі сілавых структураў гінулі ад рук злачынцаў або зь іншых прычын. Але іх пахаваньні заўсёды былі сьціплымі. Цяпер пахаваньне загінулага супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка ператварылі ў важную палітычную падзею. Яго хавалі як значнага дзяржаўнага дзеяча. На цырымонію разьвітаньня прыйшлі вышэйшыя дзяржаўныя асобы. Атрымліваецца, што статус ахвяры палітычнай барацьбы істотна вышэйшы, чым ахвяры барацьбы са злачыннасьцю.

І адваротны бок гэтага новага ідэалягічнага канструкту: усе пацярпелыя ад сілавікоў — апрыёры злачынцы. Любыя пазытыўныя ацэнкі іх — варожыя падкопы. Таму ўлады разбурылі народныя стыхійныя мэмарыялы забітых Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі. Ну, і, адпаведна, любыя станоўчыя выказваньні адносна Андрэя Зельцара сталі падпадаць пад крымінальны артыкул. Пад гэты замес і трапіла «Комсомольская правда в Беларуси».

Адначасова ўлады вырашылі скарыстацца зручнай сытуацыяй (КП надрукавала пазытыўны артыкул пра Андрэя Зельцара), каб пазбавіцца ад, магчыма, апошняга масавага недзяржаўнага СМІ. А тое, што гэта філія расейскай газэты, ня так і важна. Паводле зьместу там было шмат беларускай тэматыкі. Па лёгіцы ўладаў, усё, што не залежыць ад дзяржавы, становіць пагрозу і павінна быць ліквідавана.

Магчыма, трохі нечакана Масква адрэагавала на пагром КП нэгатыўна і публічна. Нечакана таму, што сёньня слухаць ад расейскіх афіцыйных асобаў словы ў абарону свабоды СМІ трохі дзіўна. Але тут спрацаваў «украінскі сындром». То бок хваравітая рэакцыя Расеі на забарону ва Ўкраіне расейскіх (ці прарасейскіх) СМІ. Цяпер гэтае ўкраінскае рэха чуваць у заявах афіцыйных і паўафіцыйных асобаў Расейскай Фэдэрацыі з нагоды канфлікту вакол КП у Беларусі.

Больш заблытаная сытуацыя з затрыманьнем журналіста, аўтара нататкі пра Зельцара — Генадзя Мажэйкі. Пасьля таго як сайт КП быў заблякаваны, ён адчуў пагрозу і зьехаў з краіны. Але куды ехаць журналісту расейскага мэдыя? Зразумела, у Расею. Гэта цалкам лягічнае рашэньне.

А вось далей пачынаюцца загадкі і супярэчнасьці. Расейскія крыніцы паведамілі, нібыта Мажэйка быў затрыманы ў Маскве беларускімі спэцслужбамі. І што яго нават выкралі. Гэта адразу дало падставу для аналёгіі са справай Рамана Пратасевіча, калі дзеля затрыманьня нейкага знакавага апазыцыянэра беларускія ўлады ахвяравалі шмат чым.

Але МУС Беларусі заявіла, што Мажэйку затрымалі ў Беларусі. Бо той нібыта меўся вылецець у трэцюю краіну, аднак улады Расеі адмовілі яму ў такой магчымасьці і прадпісалі пакінуць тэрыторыю. Пасьля гэтага ён вярнуўся ў Беларусь, дзе яго і затрымалі.

Цяжка сказаць, што тут праўда. Але, падаецца, расейскія ўлады ў гэтай сытуацыі не выглядаюць белымі і пухнатымі. Даволі адметныя камэнтары прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова. Ён нэгатыўна ацаніў толькі блякаваньне сайта КП. У тым жа рэчышчы гучаць камэнтары МЗС Расеі.

А вось абараняць Мажэйку расейскія афіцыйныя асобы і інстытуцыі не сьпяшаюцца. Сэнс камэнтара Пяскова палягае ў тым, што, маўляў, журналіст — грамадзянін Беларусі, таму беларускія ўлады могуць зь ім рабіць што захочуць. Таксама ён адзначыў, што ня мае зьвестак пра абставіны затрыманьня Мажэйкі. І сам факт, што беларускі журналіст вырашыў вылецець з Расеі, паказвае, што там яму знаходзіцца было небясьпечна.

Нельга выключаць, што тут мела месца супрацоўніцтва спэцслужбаў дзьвюх краін. Што лішні раз пацьвярджае, што Расея — ня тое месца ў сьвеце, дзе супрацоўнікі СМІ могуць адчуваць сябе ў бясьпецы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(23)