Политика

Карбалевіч: «Праблема ў тым, ці гатовы Захад уступіць у рэальную канкурэнцыю з Расеяй за Беларусь»

Ляйтматывам выступаў беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі Каліноўскага ў Брусэлі быў такі: прыйшоў час паставіць пытаньне пра інтэграцыю Беларусі ў структуры ЭЗ, піша Валер Карбалевіч на Радыё Св*бода.

21 чэрвеня ў Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі прайшла канфэрэнцыя Каліноўскага. Канфэрэнцыя такога маштабу, прысьвечаная выключна Беларусі, ладзіцца ў Эўрапарлямэнце ўпершыню з 2020 году.

Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну беларуская тэма трохі сышла з парадку дня палітыкі Захаду. Усё выціснула ўкраінская трагедыя.

Цяперашняя канфэрэнцыя — гэта спроба лідэраў беларускай дэмакратыі ня проста вярнуць Беларусь у эўрапейскі парадак дня, але і, скарыстаўшыся новым трэндам палітыкі Захаду адносна Ўсходняй Эўропы ў зьвязку з расейскай агрэсіяй, надаць беларускай тэме новую якасьць.

З гледзішча Захаду, усе мінулыя гады лукашэнкаўскага праўленьня асноўнай праблемай Беларусі была гуманітарная. У краіне існуе дыктатура, якая парушае правы чалавека, няма выбараў, пэрыядычна зьяўляюцца палітвязьні, душаць незалежныя мэдыя і інш. І гэта моцна кантрастуе з эўрапейскімі ўяўленьнямі і каштоўнасьцямі. Што і стварала пэрманэнтны палітычны, ідэалягічны і дыпляматычны канфлікт паміж афіцыйным Менскам і Захадам.

Што тычыцца замежнай палітыкі, то тут Захад прызнаваў Беларусь сфэрай уплыву Расеі, настроі яе насельніцтва лічыліся прарасейскімі, і ЭЗ і ЗША асабліва не прэтэндавалі на тое, каб нешта памяняць у гэтым пляне. Варта толькі параўнаць, якія фінансавыя рэсурсы на кантроль над Беларусьсю траціла Расея і якія грошы ўладам і грамадзянскай супольнасьці выдзяляў Захад, каб рабіць высновы пра важнасьць краіны для гэтых геапалітычных цэнтраў.

Здавалася, і рэвалюцыйны 2020 год мала што памяняў у гэтым раскладзе. Але потым выявілася, што нявырашанасьць унутранага беларускага крызісу выплюхнулася за межы краіны, стала крыніцай крызісу рэгіянальнай бясьпекі. Гісторыя з пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у Менску, міграцыйны крызіс, штучна арганізаваны беларускімі ўладамі, паказаў усю небясьпеку, якую нясе для суседзяў непадкантрольны грамадзтву рэжым.

Але галоўным трыгерам пастаноўкі пытаньня аб новым геапалітычным статусе Беларусі стала агрэсія Расеі супраць Украіны і саўдзел у ёй беларускага рэжыму. Вайна радыкальна памяняла ўвесь расклад у рэгіёне Ўсходняй Эўропы. Захад аб’яднаўся ў супрацьдзеяньні расейскай агрэсіі і гатовы да рашучых крокаў у гэтым кірунку. Важным паказьнікам гэтай новай палітыкі стала рашэньне Эўракамісіі надаць Украіне і Малдове статус кандыдатаў на ўступленьне ў ЭЗ.

І беларускія дэмакраты лічаць, што настаў зручны момант, каб вылучыць тэму эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі — трэба каваць жалеза, пакуль гарачае.

Лейтматывам выступаў беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі Каліноўскага ў Брусэлі быў такі: прыйшоў час паставіць пытаньне пра інтэграцыю Беларусі ў структуры ЭЗ.

Найбольш выразна яго сфармуляваў Павал Латушка. Ягоны выступ быў канцэптуальны. Ён адзначыў, што прыйшоў час Захаду адмовіцца ад погляду на Беларусь як на частку «русского мира», сфэры ўплыву Расеі. Трэба прызнаць змаганьне беларусаў супраць рэжыму Лукашэнкі нацыянальна-вызвольным рухам. Латушка заклікаў ЭЗ падтрымаць імкненьне Беларусі ў Эўропу. Прычым падкрэсьліў, што большасьць беларусаў выступаюць за эўрапейскі выбар.

Анатоль Лябедзька гэтую ж ідэю выклаў у выглядзе формулы: «Сёньня — Украіна і Малдова, заўтра — Грузія, пасьлязаўтра — Беларусь». І прапанаваў выснову пра эўрапейскую пэрспэктыву Беларусі зафіксаваць у дакумэнтах кіроўных органаў ЭЗ.

Ва ўнісон зь імі выступіла на пленарнай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і Сьвятлана Ціханоўская. Яна таксама вылучыла гэты кірунак у выглядзе афарызму: мы эўрапейцы, мы жадаем вяртаньня нашай краіны назад у Эўропу.

А што ж заходнія палітыкі? Яны выказваліся больш асьцярожна. Найбольш прыхільнымі да ідэі эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі былі палітыкі з Польшчы і Літвы, што натуральна. Але падобныя думкі выказвалі і іншыя выступоўцы. Напрыклад, прафэсар Эксэтэрскага ўнівэрсытэту Джэймі Шы заявіў, што прыйшоў час ставіць задачу інтэграцыі ўсёй Усходняй Эўропы ў структуры ЭЗ і NATO. Маўляў, Рубікон ужо пяройдзены, і навошта спыняцца.

Фармальна падтрымаць курс Беларусі ў Эўропу — справа нескладаная. Праблема ў тым, ці гатовы Захад уступіць у рэальную канкурэнцыю з Расеяй за Беларусь? Ці ёсьць у яго на тое палітычная воля? Ці гатовы ён траціць фінансавыя, дыпляматычныя, інфармацыйныя і іншыя (магчыма, і вайсковыя) рэсурсы, як гэта ён цяпер робіць адносна Ўкраіны? Бо Расея такіх высілкаў не шкадуе.

Іншае пытаньне, наколькі само беларускае грамадзтва гатовае да такога радыкальнага павароту. Высновы незалежнай сацыялёгіі наконт гэтага даволі стрыманыя. Але гэта ўжо іншая тэма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(16)