Карбалевіч: Макей адкрытым тэкстам кажа, што будзем чыніць рэпрэсіі супраць уласных грамадзян

У вялікім інтэрвію міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея тэлеканалу «Беларусь 1» 10 красавіка было шмат чаго, але мяне зацікавілі два тэзісы, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

— Першы момант. Міністар сказаў: «І зьвярніце ўвагу: сёньня ніхто не спрачаецца, што Аляксандар Лукашэнка выйграў выбары. Гаворка ідзе пра тое, ці тая гэта лічба ці ня тая гэта лічба».

То бок, міністар прызнае, што ёсьць сумневы ў афіцыйных выніках прэзыдэнцкіх выбараў. Дарэчы сам Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе прызнаў, што, магчыма, губэрнатары накінулі яму некалькі працэнтаў.

Калі тое сапраўды так, то з прававога гледзішча гэта азначае, што прэзыдэнцкія выбары былі сфальсыфікаваныя. І няважна, колькі насамрэч набраў Лукашэнка, «тая гэта лічба ці ня тая гэта лічба».

Паводле закону, нельга выйграць сфальсыфікаваныя выбары. У такім разе вынікі прэзыдэнцкіх выбараў павінны быць адмененыя, генэральны пракурор абавязаны распачаць крымінальную справу, каб разабрацца, што ж там адбылося. Калі спартовец злоўлены на выкарыстаньні допінгу, то ён здымаецца з спаборніцтваў, дыскваліфікуецца, незалежна ад таго, якое месца заняў.

Другі момант. Уладзімер Макей прызнаў, што ў адказ на замежны ціск беларускія ўлады зьнішчаць грамадзянскую супольнасьць. Падобнага роду намёкі міністар рабіў і раней. Але цяпер гэта была сказана проста і шчыра, без усялякай маскіроўкі. Прычым двойчы.

Гаворачы пра пазыцыю Захаду, Макей адзначыў: «Гэта прывядзе адназначна, скажам, калі далей будзе нагнятацца сытуацыя, да таго, што ня будзе той грамадзянскай супольнасьці, пра якую так клапоцяцца нашы эўрапейскія партнэры».

А потым у другім сюжэце яшчэ раз акцэнтаваў на гэтым увагу: «Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі».

Галоўная выснова палягае ў тым, што ўлады абсалютна перасталі маскавацца. Яны не баяцца прызнацца, які палітычны рэжым сфармаваны ў Беларусі. Ім цяпер ня важна, як яны выглядаюць звонку. Рэпутацыя іх цяпер зусім не цікавіць. Макей не зьмякчае сваю пагрозу нейкім эўфэмізмам кшталту «так званая грамадзянская супольнасьць».

Але грамадзянская супольнасьць ёсьць аснова дэмакратыі. Гэта запісана ва ўсіх падручніках. Грамадзянская супольнасьць адсутнічае толькі ў таталітарных дзяржавах. А ў згаданым інтэрвію гаворка ідзе якраз пра тое, каб зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць пад корань, каб яна ўвогуле перастала існаваць. Як вынікае, пра існаваньне гэтай супольнасьці ў Беларусі клапоцяцца «эўрапейскія партнэры», а не беларускія ўлады. То бок дэмакратыя беларусам непатрэбная.

Такім чынам, міністар адкрытым тэкстам кажа, што будзем чыніць рэпрэсіі супраць уласных грамадзян, будзем змагацца з сваім народам. Яму лянота нават называць гэтых людзей «экстрэмістамі» ці «тэрарыстамі». У Расеі гэта называецца «бамбіць Варонеж». У Беларусі гэта можна назваць захопам закладнікаў.

З улікам таго, што гэтая супольнасьць, якая была створаная падчас масавых пратэстаў летась, аб’ядноўвае сотні тысяч людзей, можна ўявіць маштаб рэпрэсій. Пра які абвяшчае краіне і сьвету не міністар унутраных спраў ці нейкі ўмоўны Карпянкоў, а міністар замежных спраў. Што яшчэ больш паказальна.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:112)