Карбалевіч: Беларусь паўстала перад альтэрнатывай: альбо сапраўдныя перамовы, альбо пагроза грамадзянскай вайны

Чаму ў турме немагчыма дамовіцца ні пра спыненьне пратэстаў, ні пра Канстытуцыю, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Вязьні на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020

Візыт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ ускосна спрычыніўся да абвастрэньня палітычнага супрацьстаяньня ў краіне. Пра гэта сьведчаць падзеі нядзелі і панядзелка.

Расейскі рэсурс «Открытые медиа», спасылаючыся на інсайдэрскія крыніцы, вылучыў вэрсію пра сэнс візыту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ і размовы з палітвязьнямі. Паводле інфармацыі рэсурсу, сытуацыя выглядае так: «Адразу тры крыніцы „Открытых медиа“ ў беларускім кіраўніцтве — у Савеце бясьпекі, у адміністрацыі прэзыдэнта і ў Савеце міністраў паведамілі, што мэта візыту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ — прапанаваць сваім апанэнтам угоду. Яны заклікаюць сваіх прыхільнікаў спыніць вулічныя выступы і спробы арганізаваць страйкі. Узамен Лукашэнка выпускае апазыцыянэраў на свабоду, дзе яны ўвойдуць у склад будучай камісіі для выпрацаваньня новай Канстытуцыі. Калі яна будзе гатовая (ужо налета) — адбудуцца і новыя выбары».

Вэрсія выглядае даволі праўдападобнай. Але складанай для рэалізацыі. На тое ёсьць шэраг прычынаў.

Найперш варта канстатаваць, што ў вулічных пратэстаў няма пэўнага кіраўніка. Ні Сьвятлана Ціханоўская, ні Павал Латушка, ні Віктар Бабарыка, ні Сьцяпан Пуціла іх не кантралююць. Таму заклікі любых палітыкаў спыніць пратэсты наўрад ці прынясуць плён. Асабліва калі яны прагучаць з турмы. А пагатоў ніхто ня зьверне ўвагі на пэрсанажаў кшталту Юрыя Васкрасенскага, які моцна сябе здыскрэдытаваў адыёзнымі інтэрвію на БТ.

Пра канстытуцыйную рэформу і датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары Лукашэнка мусіў бы абвясьціць публічна. Вызначыць дакладныя тэрміны. Прычым не на словах, а у нейкім заканадаўчым акце накшталт дэкрэту. Зразумела, нават і ў такім выпадку давер да яго невялікі, каб стаць асновай для кампрамісу. А што тады казаць пра нейкія кулюарныя абяцаньні.

Дарэчы, гэта ў стылі Лукашэнкі: кулюарная ўгода замест публічных прапановаў.

Ідзем далей. Канстытуцыйная камісія, якая прапануе зьмены ў Канстытуцыі, — гэта добра. А хто будзе зацьвярджаць канчатковы варыянт Асноўнага закону? Сам Лукашэнка? Дык грамадзтва не прызнае ягоную легітымнасьць, праз што, уласна, і выбухнуў канфлікт. Парлямэнт? А хто ў Беларусі ўсур’ёз лічыць яго рэальным органам улады? Усебеларускі народны сход? Гэта карыкатура на народнае прадстаўніцтва, ва ўмовах рэвалюцыйнай сытуацыі такіе бутафорскія структуры абсалютна не працуюць. Рэфэрэндум? А хто яго будзе праводзіць? Тая ж Лідзія Ярмошына? Гэта нават ня сьмешна. Тое ж самае пытаньне ўзьнікае і пра датэрміновыя выбары. Калі яны паводле традыцыйнай схемы, то ў чым сэнс? І дзе тут кампраміс? Гэта ніяк не вырашае палітычнага крызісу.

То бок мы ўпіраемся ў галоўнае пытаньне. І рэальная канстытуцыйная рэформа, і новыя выбары ня могуць адбывацца ва ўмовах фактычнай вайсковай дыктатуры ў краіне, калі галоўным дзяржаўным органам ёсьць АМАП. Спачатку — дэмакратызацыя палітычнай сыстэмы, абавязковае спыненьне палітычных рэпрэсіяў, вызваленьне ўсіх палітвязьняў — і толькі потым можна казаць і пра канстытуцыйную рэформу, і пра выбары, шукаць кампраміс. Бяз гэтага ніякая ўгода немагчымая.

Зразумела, можна пра нешта дамовіцца з асобнымі палітвязьнямі, асабліва з улікам стану, у якім яны знаходзяцца. Але гэта ня будзе мець ніякага ўплыву на вырашэньне беларускага палітычнага крызысу.

Больш за тое, візыт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ ускосна спрычыніўся да абвастрэньня палітычнага супрацьстаяньня ў краіне. Пра гэта сьведчаць падзеі нядзелі і панядзелка. Лукашэнка, мусіць, спужаўся, што праявіў слабасьць, пайшоўшы на размову з палітвязьнямі, і, як можна меркаваць, загадаў падвысіць жорсткасьць дзеяньняў супрацоўнікаў МУС. У адказ народ узмацніў супраціў, пачаў адказваць сілай на сілу.

То бок Беларусь рэальна паўстала перад альтэрнатывай: альбо сапраўдныя перамовы, альбо — пагроза грамадзянскай вайны. І выбар тут выключна за кіроўным рэжымам.

Карбалевіч: Лютая жорсткасць на Маршы звязана з візытам Лукашэнкі ў СІЗА КДБ

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(31)