Политика

Карбалевіч: «Курская бітва» засталася не заўважанай саюзьнікамі

Саміт АДКБ у Астане меў пэўныя асаблівасьці, піша Валерый Карбалевіч на Радыё Свабода. Удзельнікі арганізацыі ніяк не адрэагавалі на наступ украінскага войска ў Курскай вобласьці. Яшчэ адной прыкметай крызісных працэсаў у АДКБ стала «замарожваньне» Армэніяй свайго сяброўства ў гэтым саюзе.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на саміце АДКБ. Астана, 28 лістапада 2024

Саміты АДКБ (ці, як гэта афіцыйна называецца, паседжаньні Савету калектыўнай бясьпекі) праходзяць раз на год. У 2023-м засядалі ў Менску, сёлета — у Астане.

Усё адбывалася паводле звыклага рытуалу. Кіраўнікі дзяржаў казалі шмат агульных словаў пра мацаваньне бясьпекі, вонкавыя пагрозы, аб’яднаньне намаганьняў ды інш.

Былі і пэўныя асаблівасьці цяперашняга саміту. Найперш зьвяртае ўвагу тое, што Ўладзімір Пуцін сумясьціў паездку на саміт зь дзяржаўным візытам у Казахстан. І таму ягонаму прыезду спадарожнічалі пышныя ўшанаваньні, з усімі неабходнымі і нават празьмернымі рытуаламі, як гэта ўмеюць рабіць на Ўсходзе. Для Пуціна, на якога цісьне вялікі цяжар міжнародных праблем, гэта выглядала як суцяшэньне.

Але больш важны агульны фон, на якім адбываўся саміт. Можна казаць, што вайна Расеі супраць Украіны стварае ўсё новыя выпрабаваньні для АДКБ. Статус арганізацыі прадугледжвае, што саюзьнікі павінны прыйсьці на дапамогу краіне, супраць якой чыніцца вонкавая агрэсія. І пры вялікім жаданьні наступ украінскага войска ў Курскай вобласьці можна было інтэрпрэтаваць як напад на сувэрэнную тэрыторыю аднаго зь сяброў ваенна-палітычнага саюзу. У такім разе хаўрусьнікі павінны прыйсьці на дапамогу.

Можна было чакаць, што будзе праведзены тэрміновы, надзвычайны саміт АДКБ, зробленыя захады дзеля падтрымкі Расеі. Ці хоць бы прынятая нейкая палітычная заява салідарнасьці з РФ.

Аднак нічога гэтага не адбылося. «Курская бітва» засталася не заўважанай саюзьнікамі. На дапамогу Расеі прыйшла Паўночная Карэя. У эпічнай канфрантацыі з Захадам, якую вядзе РФ нібыта ад імя «сусьветнай большасьці», АДКБ ніякага ўдзелу не бярэ. Моўчкі назірае ці не заўважае. Адна толькі Беларусь усяляк падтрымлівае Расею.

Яшчэ адна прыкмета крызісных працэсаў у АДКБ зьвязана з Армэніяй. Саюзьнікі не падтрымалі Ерэван у яго ваенным канфлікце з Баку. Вынікам стало тое, што Армэнія ўсё больш аддаляецца ад АДКБ. Калі год таму Ерэван проста байкатаваў чарговы саміт у Менску, то цяпер краіна афіцыйна замарозіла сваё сяброўства ў гэтай арганізацыі, не бярэ ўдзелу ў саміце і стала больша актыўна разьвіваць свае стасункі з Захадам.

Што да выступаў на саміце, то яны прагучалі паводле звыклага сцэнару. Фактычна толькі Лукашэнка рэзка асудзіў пазыцыю Захаду, NATO, казаў пра вялізныя пагрозы з таго боку.

Беларускі ўладар чарговы раз назваў пагрозамі, ад якіх трэба бараніцца, новыя тэхналёгіі, убачыў небясьпеку ў штучным інтэлекце.

Яшчэ Лукашэнка выступіў з амбіцыйнай прапановай сабраць у Беларусі сумесны саміт АСЕАН, АДКБ, ШАС, СНД, Нарады па ўзаемадзеяньню і мерах даверу ў Азіі, Савету супрацоўніцтва краін Пэрсідзкай затокі. То бок запрасіў усіх кіраўнікоў Азіі і Блізкага Ўсходу ў Менск.

Ці варта казаць пра ўтапічнасьць гэтай ідэі. Але Лукашэнку яўна цесна і нецікава ў Беларусі, ён прэтэндуе на сусьветнае лідэрства. І гэта ў сытуацыі, калі многія замежныя краіны і лідэры з сумневам ставяцца да сувэрэнітэту Беларусі.

Пуцін гаварыў пераважна не аб праблемах і задачах АДКБ, а пра стан вайны з Украінай. І гэта выразна паказвае, што яго па-сапраўднаму турбуе.

Па выніках саміту прынята і падпісана 14 дакумэнтаў. Адным з самых важных названа заява ў гонар 80-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Падзея 80-гадовай даўнасьці — ці не адзінае, што пакуль змацоўвае гэты вайскова-палітычны саюз.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(10)