Политика
Анастасія Зелянкова

«Кандыдата з прарасійскімі памкненнямі мы проста не прапусцім»

Адзінага кандыдата могуць абраць ужо ў канцы чэрвеня. З такой прапановай выступіў старшыня Рады інтэлігенцыі Уладізмір Колас.

Нагадаем, што яшчэ раней у прэсе агучваўся тэрмін 25 мая. Аднак да гэтага часу імя адзінага кандыдата дэмакратычныя сілы назваць не гатовыя.

— Вызначыць “адзінага” да 25 мая – гэта было толькі жаданне некаторых удзельнікаў “круглага стала”, але такая прапанова не была прынятая, — патлумачыў “Салідарнасці” старшыня Рады інтэлігенцыі Уладзімір Колас. — Я прапаную тэрмін – канец чэрвеня. Хутка я буду дакладаць на Радзе пра сітуацыю і пра наш прагрэс, і калі будуць прапановы вызначыць канкрэтны тэрмін, будзем прымаць рашэнне. На жаль, працэс праходзіць не так хутка, як таго хацелася б. Але нейкія рухі наперад ёсць.

Як вядома, ужо практычна ўсё ўдзельнікі “круглага стала” падпісалі папярэднія абавязацельствы прэтэндэнтаў і ўзгаднілі ўмовы правядзення кампаніі). Па словах Уладзіміра Коласа, асаблівых супярэчнасцяў на гэтым этапе не ўзнікла.

— Праблем па сутнасці ніякіх няма, — запэўніў старшыня. — Таму мне асабіста і не зусім зразумела, чаму б не ўзяць, так бы мовіць, быка за рогі? Але, з другога боку, можна зразумець і гэтую асцярожнасць прэтэндэнтаў, жаданне адсунуць вырашэнне галоўнага пытання на потым. Кожны хоча выкарыстаць усе шанцы для таго, каб адзіным назвалі менавіта яго. Тым не менш трэба браць пад увагу, што часу практычна не засталося і варта ўжо вызначацца. Неабходна ўзняцца да разумення важнасці галоўнай мэты і адсунуць свае ўласныя і партыйныя інтарэсы і мэты на другі план. Шчыра кажучы, пакуль не ўсе здольныя на гэта.

Не вызначанай пакуль застаецца і працэдура выбару адзінага. Удзельнікі “круглага стала” збіраюцца абмяркоўваць яе ўжо пасля таго, як зацвердзяць стратэгію. Разам з тым вядома, што сённяшнія прэтэндэнты маюць розныя погляды на праблему геапалітычнага выбару Беларусі. Адсюль узнікае заканамернае пытанне: ці не акажацца, што ў выніку ўсіх маніпуляцый адзіным кандыдатам будзе абраны палітык з прарасійскімі поглядамі?

— Для гэтага і былі прынятыя папярэднія абавязацельствы, дзе запісана, што адзіны кандыдат прымае на сябе абавязкі ў выпадку абрання прэзідэнтам ініцыяваць далучэнне Беларусі да сям’і вольных еўрапейскіх народаў, — запэўніў Уладзімір Колас. — Таму гэта з’яўляецца пэўнай гарантыяй. І я не думаю, што адбудзецца нейкая такая памылка ці нечаканасць. Рада інтэлігенцыі ўсё ж такі будзе гэты працэс пэўным чынам кантраляваць, і кандыдата з такімі вось памкненнямі мы проста не прапусцім. Па-другое, усе ўдзельнікі круглага стала выказваліся за незалежнасць Беларусі, а таксама за добрасуседскія адносіны з Расіяй і за еўрапейскую арыентацыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)