Камандзір каліноўцаў: «Беларусы, якія цяпер ваююць за Украіну, абралі адзіны правільны шлях для вызвалення Беларусі»

Два гады таму, 9 сакавіка 2022 года, беларускія добраахвотнікі аб'явілі пра абʼяднанне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага.

За гэты час яны прайшлі шлях ад невялікай групы пры тэрытарыяльнай абароне «Азоў» да найбуйнейшага нацыянальнага падраздзялення замежнікаў у складзе Узброеных сіл Украіны.

У баявую частку Палку ўваходзяць батальён «Волат», батальён «Літвін», БПЛА імя Мікіты Крыўцова, медычная рота, механізаванае падраздзяленне.

З 2023 года сфармавана новае падраздзяленне імя Касцюшкі. Яно складаецца з замежных грамадзянаў, у асноўным жыхароў ЕС і ЗША, якія прайшлі службу ў прафесійных узброеных сілах і маюць вялікі вайсковы досвед. І гэты досвед Полк імкнецца пераняць і перадаць яго беларускім ваярам.

Ад моманту стварэння беларускае падраздзяленне прымала ўдзел у баях на самых гарачых участках фронту – за Кіеў, Мікалаеў, Лісічанск, Севераданецк, Запарожжа, Бахмут, Кляшчэеўку, Куп'янск і іншыя ўкраінскія гарады і мястэчкі.

На жаль, ёсць беларускія ваяры і камандзіры, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе з расейскім агрэсарам, стаўшы новымі героямі Беларусі. Сярод іх Ілля Хрэнаў «Літвін», Зміцер Апанасовіч «Тэрор», Павел Суслаў «Волат», Іван Марчук «Брэст», Васіль Грудавік «Атам», Васіль Парфянкоў «Сябро», Вадзім Шатроў «Папік», Міраслаў Лазоўскі «Мыш» і яшчэ 11 ваяроў палка імя Каліноўскага, інфармацыю пра якіх праз меры бяспекі ў дачыненні да іх сваякоў у Беларусі не агалошваюцца.

У сярэднім на баявыя задачы Палка мецэнаты ахвяруюць да 1,5 млн долараў у год у выглядзе ваеннага абсталявання і мэтавых фінансавых збораў.

Падводзячы вынікі двухгоддзя, камандзір каліноўцаў Дзяніс Прохараў з пазыўным «Кіт» адзначыў:

– Я лічу, што беларусы, якія цяпер ваююць за Украіну, абралі адзіны правільны шлях для вызвалення Беларусі. Калі Расея пераможа ў гэтай вайне, то пра Беларусь як незалежную краіну нам прыйдзецца забыцца надоўга.

Ціханоўская: «для беларусаў Полк Каліноўскага – значна больш, чым проста вайсковае фарміраванне»

Святлана Ціханоўская звярнулася да байцоў Палка Каліноўскага, назваўшы іх сімвалам таго, як любоў да свабоды і імкненне да справядлівасці аб'ядноўваюць людзей нават у самыя жудасныя часы.

– З першых дзён расійскага ўварвання вы рушылі змагацца на самых складаных напрамках, каб захаваць не толькі незалежнасць Украіны, але і мару пра свабодную Беларусь. Дзякую вам за самаахвярнасць і захапляюся вашай рашучасцю.

Бо кожны дзень на фронце – гэта сапраўднае выпрабаванне. І я ганаруся тым, з якой годнасцю вы яго праходзіце: пад кулямі, артылерыйскімі абстрэламі, у акопах, без сну і адпачынку…

Словы падтрымкі могуць здавацца чымсьці нязначным на фоне таго, што вы кожны дзень рызыкуеце самым дарагім, што маеце – сваім жыццём. Але я хачу, каб вы ведалі: для беларусаў Полк Каліноўскага – значна больш, чым проста вайсковае фарміраванне.

Вы ўвасабляеце смеласць і годнасць нашага народа і даказваеце, што беларусы гатовыя дзейнічаць – і нават ахвяраваць сабой, каб дамагчыся зменаў.

Дзякуй вам за тое, што вы робіце. Беражыце сябе і вяртайцеся з заданняў жывымі і цэлымі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)