Политика

«Калючы дрот не зьяўляецца ніякай перашкодай для радыёхваляў»

Былы палітзняволены Арцём Дубскі, вызвалены 25 траўня з магілёўскай папраўчай калоніі, распавёў пра тое, як ён быў «санітарам» хворай сістэмы, утварыў вакол сябе «хатку-чытальню» і пра ўзаемаадносіны з іншымі асуджанымі.

Пра адносіны з іншымі асуджанымі

– Адносіны былі спачатку насьцярожаныя, але пасьля 2-3-месячнага тэрміну, калі асуджаныя ўжо прыглядзеліся да мяне, яны зразумелі, што спецыфічнае стаўленьне да мяне з боку адміністрацыі – гэта своеасаблівая абарона ад уцечкі інфармацыі пра тое нэгатыўнае, што адбываецца ў калёніі, і пра што грамадзтву ведаць не пажадана. Сыходзячы з гэтага, асуджаныя падтрымлівалі мяне, паколькі лічылі, што я – супраць адміністрацыі. Яны лічылі, што сваімі дзеяньнямі я магу дапамагчы палепшыць умовы ўтрыманьня, – распавёў Арцём слухачам «Радыё Свабода».

– Ва ўсялякім разе, я бачу сярод асуджаных найперш грамадзян Беларусі, якія апынуліся ў такой сытуацыі. Сыходзячы з гэтага , і будаваў зь імі нармальныя адносіны. Як вынік, неспадзяваны торт на дзень народзінаў. Было вельмі прыемна.

Пра вернасць сваёй працы

– Ад працы ў Маладым Фронце я не адыходзіў нават у калёніі. Спрабаваў пазыцыянаваць сябе як «санітара» гэтай хворай сыстэмы, падкрэсьліваючы ўсе тыя недахопы, што існуюць у турэмнай і судовай сыстэмах. Я часта атрымліваў карысную інфармацыю нават ад новых асуджаных, якія бачылі магчымасьць нешта агучыць толькі праз мяне.

Пра набліжаючыяся выбары

– Адзіны варыянт, які зараз мне бачыцца найлепшым – гэта байкот выбарчай кампаніі. Такія высновы я зрабіў, зважаючы на абсурд сытуацыі, калі дзейны кіраўнік «атрымае» зноў 85-90 працэнтаў. А зь іншага боку, я разумею, што краіне патрэбны новы кіраўнік, таму вялікай розьніцы паміж патэнцыйнымі кандыдатамі на сёньня ня бачу. Пытаньне толькі ў тым, каб быў нехта іншы.

– З палітыкаў асуджаныя нікога не вылучаюць і на хуткія зьмены не спадзяюцца. Затое цяпер я ведаю, чаму асуджаныя ня маюць права галасаваць, адбываючы пакараньне. Бо дзейны кіраўнік у іх дакладна не атрымаў бы большасьці. З-за таго, што досыць часта мяняюцца самыя гучныя апазыцыйныя прозьвішчы, асуджаныя скептычна ставяцца да кожнага. Аднак людзі больш сталага веку схіляюцца больш да Пазьняка. Больш маладыя – да Саньнікава. Прыход апазыцыі да ўлады, на думку зьвяволеных, магчымы. Але ці будзе гэта заслугай самой апазыцыі – яны сумняюцца. У зьняволеных увогуле спецыфічная жыцьцёвае стаўленьне да ўсяго, якое можна выразіць знакамітай фразай – «Ня вер, ня бойся, не прасі».

Пра беларускую мову ў турме

– Зьняволеныя прыязна ставяцца да беларускай мовы. Калі мне, напрыклад, прыходзіла 7 газэт, і сярод іх 4 былі на беларускай мове – да мяне проста выстройвалася чарга па іх, гэта была такая хата-чытальня. І ня толькі чыталі, але нешта падкрэсьлівалі асадкамі, занатоўвалі – у тым ліку па-беларуску: у іх гэта не выклікала ніякага дыскамфорту. На зоне слухаюць і Радыё Свабоду: запісваюць інфармацыю, потым распавядаюць іншым. Шмат аб чым – у тым ліку аб тым, што мая будучая жонка давала інтэрвію Радыё Свабода – я даведаўся ад такіх людзей. Праўда, пакуль я дабег да прыймача, на жаль, ужо інтэрвію скончылася. Але людзі цікавяцца: акрамя газэт знаходзяць інтэрнэт-раздрукоўкі. Калючы дрот не зьяўляецца ніякай перашкодай для радыёхваляў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)