«Калі ты крытыкуеш Захад — вяртайся назад у Беларусь»

Журналіст Віталь Цыганкоў – пра «працу на расейскую прапаганду».

– Нядаўна я ледзь не зрабіў стратэгічную памылку, – піша Цыганкоў на OstWest Monitoring. – Размаўляючы з гаспадыняй кватэры, якую здымаю ў Варшаве, я захоплена пачаў даводзіць, як добра жыць у Польшчы (калі, канешне, заплюшчыць вочы на тыя трагічныя абставіны, з-за якіх я вымушана знаходжуся за межамі Беларусі).

Гучала гэта прыкладна так: «У нашым раёне на ўскрайку гораду поўна крамаў, рэстаранаў, ёсць басейн, парк, дзіцячая зона, спартовыя пляцоўкі, шмат самых розных дрэваў, усё прыгожа і чыста. Калі ідзеш па цэнтры Варшавы вечарам, усё свеціцца, у клубах і рэстаранах поўна людзей, столькі новых сучасных будынкаў, новыя музеі, помнікі...»

Яшчэ не дагаварыўшы гэтую хвалебную тыраду, я зразумеў, што трапіў не на тую мэтавую аўдыторыю.

Віталь Цыганкоў

«Жыццё страшна падаражэла, яйкі падаражэлі, масла падаражэла, транспарт ходзіць кепска, працэнты банкаўскія растуць, PIS будуе дыктатуру», — усхвалявана казала Рэгіна, і я падумаў, што зараз мая ветлівая і зычлівая гаспадыня падвысіць мне аплату альбо ўвогуле выставіць з кватэры.

Слухаючы яе максімальна крытычныя разважанні, я пачаў асцярожна азірацца вакол, са страхам правяраючы, ці не схавалася недзе ў кустах здымачная група расейскага альбо беларускага тэлебачання. Якая здымае нашу размову, каб выдаць у эфір сюжэт з тытрамі «Польская пенсіянерка патлумачыла збегламу журналісту, як насамрэч цяжка жыць у Варшаве».

Гэта, канешне, жарт. Але зусім не жарт тое, што калі беларусы (ці ў самой Беларусі, ці за яе межамі) пачынаюць крытыкаваць нейкія рэаліі па заходні бок ад мяжы, знаходзяцца людзі, якія пачынаюць іх абвінавачваць у «распаўсюджванні наратываў расейскай прапаганды».

«Праца на расейскую прапаганду» — гэта яшчэ не самае страшнае, што можа пачуць у сацсетках у адказ на развагі пра заходнія рэаліі. Самае прыкрае — гэта калі чалавеку, які выказваецца пра нейкія праблемы жыцця ў той краіне, дзе ён зараз апынуўся, кажуць: «Што ж ты там жывеш, вяртайся назад у Беларусь».

Пры тым нярэдка такое кажуць людзям, пра якіх дакладна вядома, што вярнуцца яны не могуць, бо адразу будуць арыштаваныя.

Няўжо тыя, хто такое прамаўляюць, не заўважаюць, як гэта гучыць? — ганебна, па-саўковаму і вельмі таталітарна. У гэтым, калі казаць шчыра, праяўляецца тая самая рабская псіхалогія — «не выпендрывайся, маўчы і ўхваляй новага гаспадара». Толькі выгляд з іншага ракурсу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(24)