Івашкевіч: Асноўная катэгорыя гандлю паміж Беларуссю і Узбекістанам — спецыфічныя тавары, якія, як правіла, азначаюць ваенныя

Як улады Беларусі абыходзяць санкцыі?

Кіраўнік «Беларускага расследавальніцкага цэнтра» Станіслаў Івашкевіч у эфіры Обычного утра расказаў, якім чынам рэжыму ўдаецца прадаваць пэўныя тавары ў ЕС.

У першую чаргу Узбекістан дапамагае Беларусі абыходзіць санкцыі і прадаваць у ЕС угнаенні падсанкцыйнага прадпрыемства, адзначае эксперт.  

— Чыноўнікі ў Беларусі ствараюць фірмы-пракладкі, праз якія яны спачатку экспартавалі ўгнаенні наўпрост у ЕС. Потым у пачатку гэтага года было наша супольнае расследаванне з «Рабочым рухам», пасля якога спыніўся часткова экспарт праз беларускія пракладкі, — тлумачыць Станіслаў Івашкевіч.

Станіслаў Івашкевіч. Фота: скрын з ютуб-канала «Обычное утро»

Тады яны зрабілі проста яшчэ адзін крок: з беларускіх пракладак цяпер афармляюць экспарт нібыта ва Узбекістан, але, як паказваюць дакументы, якія апынуліся ў нашым распараджэнні, наўпрост з Беларусі афармляецца пакупка ва Узбекістан, а адтуль ён адпраўляе свой жа груз у Еўропу. Фірмы належаць украінскаму бізнесоўцу, які парушае санкцыі супраць «Гродна Азота» і Украіны, якая таксама ўвяла такія ж санкцыі пасля нападу Расіі.

Усё гэта адбываецца на фоне адноўленага сяброўства Аляксандра Лукашэнкі з Узбекістанам, у іх рэзка вырас таваразварот.

Прэзідэнт Узбекістана яшчэ ў 2019-м, калі было ясна, што амерыканцы сыходзяць з Афганістана і будуць патэнцыйныя праблемы з талібамі, узяў курс на пераўзбраенне краіны, заключыў з Расіяй некалькі буйных кантрактаў.

Падобна, што частка гэтых кантрактаў — на абслугоўванне самалётаў, мадэрнізацыю танкаў — дасталіся і Беларусі. Калі паглядзім бум гандлю паміж Беларуссю і Узбекістанам, то там асноўная катэгорыя — спецыфічныя тавары, якія, як правіла, азначаюць ваенныя тавары.

Станіслаў Івашкевіч заўважае: у ЕС да гэтага часу не было разумення, што санкцыі трэба не проста ўводзіць, але і кантраляваць іх выкананне.

— Было таксама наша расследаванне з літоўскімі партнёрамі пра тое, як Еўразвяз імпартуе санкцыянаванае беларускае дрэва пад выглядам кіргізскага і казахскага. Гэта смешна, бо там лесістасць 5 адсоткаў. Дзякуючы літоўскім партнёрам, якія бяруць каментары ў міністраў, прымаюцца вельмі хутка захады. У выніку імпарт драўніны ў Літву з Казахстана і Кыргыстана абнуліўся, але адначасова вырас у Польшчы. Здавалася, ім таксама не ўсё роўна на санкцыі, яны стараюцца, але трошачкі менш, чым літоўцы.

Паводле законаў ЕС за выкананнем санкцый павінны сачыць самі краіны. Атрымліваецца, што, калі адна краіна пастараецца, адразу ўсё перацякае ў іншую, а ў той краіне паўстае лоббі, якое кажа, чаму нам больш усяго трэба.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(12)