Анастасія Зелянкова
Інтэлігенцыя заклікае Вялікую васьмёрку заняцца беларускім пытаннем

Напярэдадні саміту “Вялікай васьмёркі” прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі Беларусі накіравалі зварот кіраўнікам дзяржаў, якія летась збяруцца ў Санкт-Пецярбургу. У лісце яны выказалі просьбу паставіць у парадак дня саміту беларускае пытанне.

“Мы ўдзячныя Вам за нязменную падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа, — гаворыцца ў звароце да кожнага з лідэраў дзяржаў. — Ваша краіна не прызнала легітымнымі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, справядліва лічачы іх не адпаведнымі міжнародным стандартам. Аднак магутная эканамічная і палітычная падтрымка Расіі парадзіла беспакаранасць рэжыму, для якога «немецкий порядок» часоў Гітлера — «…это то, что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента» (З выступу А.Лукашэнкі па беларускім радыё)”.

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выказалі спадзяванне, што кіраўнікі дзяржаў — удзельніц саміту — будуць садзейнічаць “барацьбе дэмакратычных сіл Беларусі за правядзенне законных прэзідэнцкіх выбараў у самы бліжэйшы час”.

Пад лістом паставілі свае подпісы каля трыццаці дзеячаў беларускай культуры і навукі. Сярод іх — Аляксей Марачкін, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Віктар Дашук, Станіслаў Шушкевіч, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік і іншыя.

— Для нас вельмі важна, каб беларускае пытанне было ўзнята на гэтым прадстаўнічым форуме, — кажа вядомы мастак Аляксей Марачкін.— Думаю, што падобныя лісты будуць ісці і ад Кангрэса дэмакратычных сіл. Галоўнае — каб нас пачулі.

Учора зварот быў перададзены амбасадарам усіх краін — удзельніц саміту. Адначасова яшчэ адзін зварот накіраваны прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну.

«Мы с уважением относимся к Вашим заявлениям о приверженности демократическим принципам. В частности, о том, что Вы не собираетесь изменять Конституцию Российской Федерации и выставлять свою кандидатуру на третий президентский срок, — адзначаецца ў лісце. — Вместе с тем, мы с глубокой тревогой и разочарованием воспринимаем Вашу терпимую позицию в отношении к уничтожению основ демократии в Беларуси… Результаты и референдума, и так называемых выборов не признаны никем из Ваших коллег — руководителей государств, с кем Вам предстоит сесть за стол переговоров в Санкт-Петербурге. Признание этих результатов и экономическая поддержка диктаторского режима Кремлем свидетельствуют о наличии двойных стандартов во внешней политике России».

У лісце да расійскага прэзідэнта прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі таксама выказалі спадзяванне, што Уладзімір Пуцін стане ініцыятарам правядзення законных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)