Профсоюзы
Юлія Аляксандрава

Ініцыятары вяртання льготнага праезду адстойваюць свае правы праз суд

19 жніўня ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца судовы працэс ініцыятыўнай групы грамадзян, якая дабіваецца вяртання льготаў навучэнцам, студэнтам і пенсіянерам, з Мінскім гарвыканкамам. Чыноўнікі забаранілі грамадзянам, якія выступаюць за вяртанне льготнага праезду ў грамадскім транспарце, правесці сход ініцыятыўнай групы.

26 чэрвеня кіраўніцтва Беларускага прафсаюза працаўнікаў радыёэлектроннай прамысловасці падало заяву на правядзенне сходу ініцыятыўнай групы грамадзян, якая плануе збіраць подпісы за вяртанне льготнага праезду для навучэнцаў, студэнтаў і пенсіянераў. Правесці сход меркавалі 13 ліпеня. Прафсаюз прапанаваў Мінгарвыканкаму тры магчымыя пляцоўкі для правядзення сходу, аднак адказ гарадскіх уладаў быў адмоўным: “Паданая Вамі заява аб правядзенні сходу не адпавядае патрабаванням Закону РБ “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”.

Як распавёў “Салідарнасці” прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч, у мінулым годзе прафсаюз праводзіў сход і ні пра якія парушэнні размовы не было, хаця дзеянні ініцыятыўнай групы зараз нічым не адрозніваюцца:

— Мы ўпэўненыя, што ўсё зрабілі ў адпаведнасці з законамі. Вось у судзе і запытаем, якія парушэнні былі з нашага боку... Калі ў правядзенні сходу суд нам адмовіць, будзем ізноў рабіць заяўку ў Мінгарвыканкам, у адпаведнасці з законам. Праблема існуе, і яе трэба вырашаць, — паведаміў Генадзь Фядыніч “Салідарнасці”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)