Коктейль
Руслан Гарбачоў

Індыя, за што ты мяне так?! (фота)

Карэспандэнт «Салiдарнасцi» з сябрам адправіліся ў трохтыднёвую вандроўку па Індыі: «Непрыемнасць здарылася як толькі мы выйшлі з метро пасля прыезду з аэрапорта. Такога пачатку мы ніяк не чакалі».

Сонца яшчэ не ўзышло, на бетоне спалі дзесяткі індусаў. Мы з сябрам Змітром планавалі прайсці праз чыгуначны вакзал на другі бок, дзе знаходіцца вядомая вуліца Мэйн Базар з дзесяткамі танных гэстхаузаў. Але на ўваходзе нас спыніў малады чалавек у белай кашулі і на англійскай мове патлумачыў: нам не пашанцавала, у гэтыя дні ў Дэлі праходіць фестываль, недарагія гасцініцы перапоўненыя. Па парадзе з’ездзілі ў турыстычны офіс, але там нам толькі прапанавалі вольны нумар у гатэлі за 200 долараў (мы разлічвалі на 5). У офісе аўтобуснай фірмы паведамілі, што з’ехаць з Дэлі можна толькі паслязаўтра і прапанавалі тур па паўночнай Індыі за 210 долараў.

Жыццё на асфальце. З уласнасці: шафа і сабака

***

У роспачы мы здзейснілі апошнюю спробу знайсці танны начлег. Выйшлі на іншай станцыі метро. Ішлі доўга, глядзелі на трушчобы і здзіўленых індусаў, пакуль да нас не падскочыў веларыкша – невысокі, хударлявы, з закутаным у хусцінку тварам і чорнымі вачыма. Селі ў яго вазок, рыкша смела выехаў на сярэдзіну ажыўленай дарогі з хаатычным рухам – і панеслася… На скрыпучым і крохкім ровары рыкша манеўраваў паміж аўтамабілямі, матацыкламі і каровамі. З узгорку мы спускаліся заплюшчыўшы вочы.

Зміцер быў упэўнены, што мы з чым-небудзь сутыкнемся, я – што стары ровар пад намі проста разваліцца. А калі наш рыкша нечакана падрэзаў аўтобус, я зразумеў, што скачок з парашутам – гэта не экстрым.

Так-так, той самы Тадж-Махал

***

У выніку трапілі ў гэстхауз, дзе знялі пакой з душам і тэлевізарам за 8 долараў на дваіх.

Праз пару гадзін мы зразумелі, што знаходзімся на тым самым Мэйн Базары, куды планавалі прайсці праз вакзал. Чалавек у белай кашулі і яго сябры ў турыстычным офісе проста нас «разводзілі».

Дзеці гуляюць ля базара (Дэлі)

***

Веларыкша марудна ехаў у пошуках кліентаў. Але на вуліцы стаяў той час раніцы, калі многія яшчэ мыліся. Ноч выдалася халоднай. Даваў знаць аб сабе кашаль, што настрою ніяк не дадавала. І раптам на дарозе рыкша ўбачыў двух белых! Яны, відавочна, былі разгубленыя. Як ўвогуле турысты аказаліся ў гэтым раёне?! Думаць не было калі, рыкша падскочыў да белых і пачаў прапаноўваць свае паслугі. Дурні, хацелі знайсці танны гэстхауз, але на Мэйн Базар ехаць адмаўляліся – ледзь угаварыў паехаць з сабою.

Ехаць было цяжка: белыя важылі шмат, да таго ж іх заплечнікі былі кілаграм па 15, не менш. Як падымаліся ўгару, нехта падскочыў ззаду і рукой падпіхваў ровар. Наверсе прыйшлося даць узнагароду – ён адарваў ад сэрца 10 рупій.

Аднак гэта хутка забылася. За працу рыкша атрымаў амаль два долары – цэлых 100 рупій!

Індускі фатаграфуюцца на фоне помніка Хануману – малпападобнаму богу

***

Чытаю на лаве Буніна, падымаю галаву – падлетак здымае мяне мабільным тэлефонам на відэа. Іду праз парк – дарослы індус дакранаецца да маёй рукі. Сяджу ў цягніку – хлопчык насупраць глядзіць на мяне, выкаціўшы вочы – быццам пабачыў цуд. Зміцер са светлымі валасамі і барадою тут увогуле пачувае сябе суперзоркай. Толькі што аўтографы не раздае.

Але слава стамляе. Калі чарговы бацька бяжыць праз дарогу з просьбаю сфатаграфавацца з яго сынам, мы адмахваемся рукою: вас шмат, а нас у гэтым раёне толькі двое.

Веларыкша

***

Ляжалі на пясчаным пляжы, убачылі, як да нас набліжаюцца ўжо знаёмыя індускі. Маці і дачка прадаюць турыстам кветкі для паходу ў храм. На гэты раз дзяўчына ад мяне вачэй не хавае і нават усміхаецца. Напярэдадні мы нічога не набылі, але я прапаноўваў грошы за магчымасць іх сфатаграфаваць, дачка, на жаль, схавалася за маці…

Усміхаецца, але кветкі прапаноўвае мне ўсё роўна здалёк. Дзякуем і зноў нічога не набываем. Жанчыны абышлі нешматлюдны пляж і сышлі ні з чым.

***

Неяк вечарам зайшлі ў іншы гатэль, каб пакарыстацца інтэрнетам. Сядзім, пішу ліст дадому. Раптам чую ззаду гучнае «Ё… маць!»

Думаю: чаго здзіўляцца? Што мала рускамоўных у Індыі? Нават азірацца не стаў. Праз пару секунд збоку вылезла чыясьці пыса. Павярнуў галаву і не паверыў сваім вачам: Сяргей Марчык – стары знаёмы з Баранавіч! Неяк само сабой вырвалася: «П…ц!»

***

У Рышыкешы, гімалайскім курорце, мы любілі харчавацца арахісам і вось прыйшоў час за гэта расплачвацца. Гоп-стоп, малпа саскочыла з верху маста. Рух праз Ганг на вузенькім мосце шырынёю два метры спыніўся. Малпа паказала вачыма на кулёк у маіх руках і прадэманстравала зубы. Паспрабаваў абысці жывёліну справа – малпа скокнула туды ж. Зрабіў крок налева – яна наблізілася яшчэ больш. Я вырашыў у бойку не ўступаць, кінуў кулёк у бок і прашмыгнуў наперад. Малпа хуценька апынулася са здабычай наверсе.

Я паглядзеў на яе з усмешкай – небарака не ведала, што пад газетай не арэхі, а ўсяго толькі шкарлупіна. Арахіс мы ўжо з’елі, але на тым баку не знайшлі сметніцы. Малпа з роспаччу разарвала кулёк, і ўніз паляцеў дождж з шкарлупіны – якраз на галаву нейкай дзяўчыны.

Удзельнік іншай банды прыглядаецца да адной з кватэр

***

Індусы п’юць чай (гарбата ў іх так і называецца) зусім не так як мы. Туды дадаюць малако, кардамон і цукар. Па смаку гэта больш нагадвае какаву.

***

На вакзале падбягае хлопчык – чысцільшчык абутку. Мурзаты, з вялікай драўлянай скрынкай і чорнай шчоткай – усё як у кіно. Без папярэджання пачынае церці мае сандалі, я хуценька адскокваю. Гэта яго не спыняе, прыходзіцца пагразіць пальчыкам. Тады хлопчык дастае іголку з ніткаю і пачынае сшываць часткі майго заплечніка. Дапамагае толькі мясцовы індус: пасля яго заўвагі мяне пакідаюць у спакоі.

Такой колькасці прыліпал мы не бачылі ні ў адной краіне свету. Усе лічаць, што калі ты белы, то ледзь не мільянер і табе ўсё трэба.

***

Роўна ў 7.30 мы, як і было ўказана ў квітках, выйшлі з дэлійскага цягніка. На ўсялякі выпадак спыталі на платформе, ці туды мы прыехалі. Заскочыўшы назад у вагон, сустрэлі ўсмешкі індусаў: цягнік спазняўся на пяць з паловаю гадзін.

***

Наступны раз непадалёк ад Варанасі мы прачакалі патрэбны нам цягнік шэсць гадзін, а на канцавы прыпынак ён у выніку спазніўся на трынаццаць.

***

Як толькі падышлі ў Варанасі да рытуальнай набярэжнай Манікарніка Гхат, нас папярэдзілі, што далей фатаграфаваць забаронена. А вось глядзець – калі ласка. Англамоўны індус завёў нас на ўдалую пляцоўку – да падпаленага трупа было не больш за тры метры.

Манікарніка Гхат

Патлумачыў увесь працэс: вось памерлага паліваюць маслам, вось кладуць на цела дровы, а калі яно згарыць, прах развеяць над святым Гангам і душа памерлага адразу накіруецца ў рай.

Пры развітанні патлумачыліся паводзіны дабравольнага гіда. Хлапец паведаміў, што працуе ў хоспісе, і прапанаваў («каб у мяне была добрая карма») набыць дроваў для паміраючых жабракоў. За 10 кг – 7 баксаў. Я даў паўдолара.

***

Чыгуначная станцыя Мугхал Сараі. Шматгадзіннае чаканне цягніка. Як зайшло сонца, убачылі ўнізе на рэйках пацука. Ён нават нам спадабаўся. Прыглядзеліся – пацукоў было некалькі. Пазней выявілася, што іх дзесяткі. Чым бліжэй да ночы рабілася, тым смялей яны сябе пачувалі. Падняліся наверх і пачалі бегаць на платформе. Нехта упарта спрабаваў дабегчы да лавы, дзе сядзелі жанчыны, нехта завярнуў у адчыненыя дзверы мэнеджара вакзала. Адзін рабіў прабежку уздоўж сцяны, пакуль не сутыкнуўся з перашкодай. Ёю была сумка. На сумцы ляжала галава індуса, які спаў на платформе.

– Стаяначка, – пракаментаваў Зміцер.

– Тупік, – пагадзіўся я.

Пацук ўзабраўся на сумку і па валасах мужчыны пабег далей.

Фота па просьбах маленькіх жыхароў Варанасі

***

На адным з прыпынкаў у вагон залазіць малады чалавек і на карачках паміж нагамі пасажыраў анучай прыбірае падлогу. Пасля вяртаецца з працягнутай рукой. Гэта жабрак. Некаторыя адварочваюцца, а мы даем яму дзве рупіі.

***

Індускія мужчыны абдымаюцца з сябрамі і ходзяць ўзяўшыся за рукі. Ні адна індуская жанчына дазволіць сабе такога не можа. Але гэта не перашкаджае індусу на рысэпшыне гэстхауза прапаноўваць нам indian girlfriend.

Сушка вымытай бялізны на пяску

***

У алкагольнай лаўцы за вуглом ад нашага гэстхауза па вечарах збіраліся чэргі. Перад намі ж, відаць, як перад белымі, прадаўцы адчынялі брамку, мы заходзілі на склад і доўга прымерваліся да коштаў на піва, ром ці віскі.

Цырульня пад адкрытым небам

***

За 1 долар я набываў: ці талерку рысу з гароднінай, ці кілаграм арахісу, ці 12 бананаў, ці літр кока-колы. Гэта калі харчавацца ў сталоўках з індусамі і рабіць закупы на вуліцы.

Агулам трохтыднёвая самастойная вандроўка па Індыі каштавала мне 250 долараў.

Прывітанне з Рышыкеша!

***

Ноччу прыехалі ў Рышыкеш. Аўтобус спыніўся ля набярэжнай. З Гімалаяў дзьмуў халодны, парывісты вецер. Недзе ўнізе ў цемры вурчаў святы для індусаў Ганг. Паблізу станцыі ў кафэ гарэла святло. Мы набылі гарбату за 8 рупі і сталі ля вонішча на вуліцы.

Праз некалькі хвілін з’явілася сем немаладых мужчын. Яны ўзялі крэслы з-пад сталоў, селі вакол вогнішча і пачалі размову. На іх смуглявых тварах выдзяляліся белыя зубы, на галовах былі белыя хусткі, на нагах – чорныя туфлі. Я слухаў іх размову, нічога не разумеючы, і ад холаду ўсё пасоўваўся бліжэй да вогнішча. Калі мой твар ужо стаў асвятляцца, адзін з мужчын зрабіў жэст галовой, чалавек насупраць яго пасунуўся і прапанаваў мне рукой увайсці ў кола.

Яны ўсе гавары і гаварылі. Было неяк спакойна і ўтульна глядзець на агонь у гэтым коле.

Нарэшце, калі светлая пляма разгарнулася ўздоўж гарызонту і стала відаць бліжайшае дрэва, мужчыны ў белай вопратцы паўставалі і патушылі вогнішча. Праз пяць хвілін пасля іх сышлі і мы. Калі цяпер я думаю, у якое месца хацеў бы вярнуцца ў Індыі, то ўзгадваю гэтае кафэ каля Гангу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)