Общество

Марына Міхайлава

Ілья Міронаў: «Разам мы можам многае. Галоўнае, перажыць гэтыя цёмныя часы, якія накрылі Беларусь»

Гомельскі актывіст распавёў «Салідарнасці» пра ад’езд з краіны, лісты падтрымкі і новыя мэты.

Зусім нядаўна Ілья Міронаў паведаміў, што вымушана з’ехаў з Беларусі ў Літву. Інфармацыйны партал, якому актывіст даваў шмат каментароў, улады прызналі «экстрэмісцкім», і існавала вялікая пагроза быць арыштаваным за тое.

Але гэта, натуральна, быў толькі апошні званочак. Яму папярэднічалі пяць арыштаў і «сутак» за апошнія паўгады, скаргі на дзяржаўных прапагандыстаў і сілавікоў, крымінальная справа за «распальванне варожасці» і «дыскрэдытацыю РБ».

Аб тым, чаму заставаўся да апошняга, як цяпер успрымае навіны з радзімы і што (не плануе, а ўжо робіць) далей, Ілья распавёў «Салідарнасці».

Усе фота з асабістага архіву актывіста

— Пяць cёлетніх арыштаў, разгромленая падчас вобшуку кватэра, апублічванне пераследу іншых актывістаў, скаргі на супрацоўнікаў міліцыі і прапагандыстаў. Не дзіўна, што ўсе пытаюцца: хіба Ілья не разумеў, чым гэта скончыцца, чаму не з’язджаў з краіны?

— Я распавяду крыху перадгісторыю. Калі выйшаў з СІЗА, то меркаваў: хутчэй за ўсё, дадуць тэрмін вялікі — за гэты час было 22 вымовы, 3 разы змяшчалі ў карцар… Але далі ўсяго 1,5 гады калоніі, а з улікам больш як года ў СІЗА вызвалілі ў залі суда. Бо нічога не знайшлі, за што можна было б зачапіцца і даць болей, — мяркуе Ілья. — Адразу зноў пачаў пісаць лісты палітзняволеным, хадзіць па судах.

Першы раз «органы» выклікалі на прафілактычную гаворку ў сваё аддзяленне міліцыі, а калі прыйшоў, затрымалі і далі пяць сутак. І потым ужо штомесяц арыштоўвалі.

Не выдавалі пратаколы, прычым не толькі мне, але і іншым затрыманым. Я стаў скардзіцца, а на мяне ў адказ пачалі ліць бруд «Жоўтыя злівы», я скардзіўся — мяне зноў затрымлівалі. Агулам адбыў 58 сутак арышту.

Але што цікава: за гэты час спрабавалі адкрыць яшчэ чатыры ці пяць крымінальных спраў — за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці», «абразу прадстаўніка ўлады», датычнасць да «В*сны» — але доказаў, відаць, не сабралі, і справы спынілі.

Паўсюдны страх

Цяпер, аглядваючыся назад, Ілья зазначае: пасля СІЗА ён атрымаў моцную псіхалагічную траўму, прапіў курс антыдэпрэсантаў. І, мабыць, варта было прыслухацца да парадаў сяброў і псіхолага выбрацца ў бяспечнае месца раней.

Да таго ж умовы стварылі невыносныя: пастаўлены на 5 год на ўлік як «экстрэміст», ён вымушаны быў штомесяц адзначацца ў нарколагаў, не мог уладкавацца на працу, з-за стрэсу амаль перастаў спаць.

— Але я не хацеў з’язджаць да апошняга, хоць сябры папярэджвалі: гэта пытанне часу, цябе пасадзяць. Адкладваў з розных прычын. То Новы год хацеў адзначыць дома пасля СІЗА, то свой дзень народзінаў, то мамы. Ну і зноў жа, я працягваў пісаць лісты, пісаць звароты ў афіцыйныя структуры, якія вымушаныя былі адказваць.

У чэрвені паехаў па справах у Мінск, даведаўся пра тое, што цяпер «Шт*дзень» стаў «экстрэмісцкім фармаваннем», і сябры і блізкія пераканалі не вяртацца ў Гомель, бо там бы мяне і прынялі.

Купіў было квіток на аўтобус Мінск-Вільня, аднак потым за паўцаны здаў яго, бо шмат чытаў, як штодня трасуць на мяжы. Паехаў электрычкай да Астраўца, а там памежным рэйсавым аўтобусам, сярод дачнікаў—літоўскіх бабуль і дзядуль, неяк праскочыў. Хоць і сам да апошняга не верыў, і разумеў, што з’язджаю, магчыма, назаўжды.

Псіхолаг раіў Ільі пэўны час не чытаць навіны — але ён прызнаецца, што не выходзіць. І што ў бяспецы рэпрэсіўны каток у Беларусі успрымаецца яшчэ больш востра:

— Без слёз немагчыма чытаць. Вось дзяўчыну ў Гомелі пасадзілі на тры гады за данат палку К*ліноўскага…  Гляджу на людзей, якія ўсміхаюцца, спрабуюць жыць нармальным жыццём, але ўсё адно не могуць не звяртаць увагі на тое, што адбываецца, па-мойму, кожны ўнутры раве і плача. І падаецца, што арыштаў стала больш.

А з другога боку, нягледзячы на тое, што я дагэтуль не магу спакойна засынаць — сама Вільня, такое адчуванне, што тут жыў усё жыццё, усіх ведаеш, вуліцы і дамы такія знаёмыя.

Спыніць актыўнасць ён таксама пакуль не можа — сцвярджае, што гэта дапамагае спраўляцца з дэпрэсіяй і эмацыйнымі арэлямі. Таму Міронаў — то на мітынгу салідарнасці беларусаў, то на адзіночным пікеце ў падтрымку беларускіх ваяроў, то на «варце святла» каля амбасады, то на акцыях у падтрымку Украіны.

— Улады ўжо трэці год стараюцца паказаць, як у іх стабільна і ўсё пад кантролем, але ад землякоў даводзіцца чуць, што нават у атмасферы страху нічога не забылася, а  толькі чакае часу, каб прарасці, якк бульба…

Ці адчуваецца гэты настрой у Гомелі?

— Гомель як быццам вымер. Ён пусты, няма ніякіх вялікіх мерапрыемстваў, руху. Горад змяніўся за апошнія 2-3 гады — ні людзі ўвечары не гуляюць, ні шумных канцэртаў, нічога. У адрозненне, дарэчы, ад Мінску. Той яшчэ трымаецца, і ў маленькіх клубах праходзяць імпрэзы, хоць тую ж Зыбіцкую, канешне, не параўнаць з ранейшай.

І страх, так — паўсюдны страх. Само знаходжанне ў родным горадзе стала некамфортным і вельмі моцна адбівалася на псіхіцы. Складана весці валанцёрскую дзейнасць па маніторынгу судоў, калі цябе не пускаюць, робяць паседжанні закрытымі, адміністрацыйныя справы разглядаюць у абед і не папярэджваюць. Калі лісты не даходзяць, цяжка не апусціць рукі.

Кожны ліст бясцэнны

— Дарэчы, пра лісты. З зімы 2020 года да восені 2021-га ты напісаў рэкордныя 2,5 тысячы лістоў і паштовак са словамі падтрымкі вязням. Колькі прыйшло адказаў?

— Частка людзей казала, што да іх даходзілі толькі пустыя канверты, камусьці нічога. Агулам мне адказалі недзе працэнтаў 10. І яшчэ частка лістоў чамусьці ў мяне вынялі пры вобшуку ўзімку 21-га, так і не вярнулі. Вельмі шкада, бо кожны ліст бясцэнны і надае натхнення і энергіі. І ты бачыш, што тыя людзі, якія знаходзяцца ў ІЧУ, у СІЗА, у калоніях — не толькі не здаюцца, але нават падтрымліваюць нас, тых, хто на волі за іх перажывае.

Частку лістоў я заскрыніў і выклаў у сетку, і цяпер у вольны час кожны можа іх прачытаць.

— Што будзе з ініцыятывай «Пішыце лісты»? Вядома, якая мізэрная колькасць допісаў сёння трапляе да адрасатаў.

— Так, мы-то пішам, і лісты даходзяць, але далей цэнзара не трапляюць.

— І што застаецца рабіць?

— Пісаць і пісаць далей. Бо нават цэнзары, маю на ўвазе ўсю структуру Дэпартамента выканання пакаранняў, бачаць, што беларусы помняць пра палітвязняў. І магчыма, гэта ўплывае на стаўленне да іх. Бо ім, цэнзарам, усё-ткі жыць далей побач з сябрамі, сваякамі, бацькамі зняволеных — у рэшце рэшт, з намі. Як яны потым будуць глядзець людзям у вочы, ведаючы, што груба парушаюць канстытуцыйнае права вязняў на перапіску?

Бо трэба памятаць, што ўсе іхнія захады — уключанае пастаянна святло, адсутнасць элементарных рэчаў, пазбаўленне перапіскі — гэта катаванні і злачынствы.

Тое, што людзі працягваюць пісаць, моцна і добра нас усіх аб’ядноўвае. Незалежна ад палітычных перакананняў, веравызнання і гэтак далей. Калі беларусы збіраюцца — у кавярні, у гатэлі, ці ў хостэле, і пішуць беларусам у вязніцу, яны адкідваюць сабістыя абміцыі, перастаюць спрачацца адно з адным на мяжы знявагі, дзеляцца пазітыўнымі эмоцыямі і ўключаюцца ў агульны рух падтрымкі. Гэта адчуваецца нават на вялікай адлегласці.

Натуральна, лістамі не вызваліш людзей, гэта мусіць вырашацца на іншых узроўнях. Але ліставанне важнае — і для вязняў, і для тых, хто на волі, і для дыяспары ў розных краінах свету, бо салідарызуе нас усіх.

Калі людзі не атрымаюць лісты цяпер, то пасля «хіміі» ці лагера, апынуўшыся на волі, яны атрымаюць архіў і адчуюць, што яны не адны, што за іх перажываюць і падтрымліваюць беларусы. Гэта, зноў жа, важна для псіхалагічнага стану кожнага зняволенага.

Што сказаць Азаронку

— Эпапея, за якой многія сачылі — спробы прыцягнуць да адказнасці прапагандыстаў. Зразумела, што Мінінфармацыі дасылала адпіскі — тады навошта гэта было?

— Даўней у Гомелі быў прапагандысцкі сайт, дзе пра актывістаў пісалі рэчы яшчэ горшыя, чым цяпер. Сёння гэта працягваюць рабіць Азаронак, Мукавозчык і іншыя. Яны атрымліваюць вялікія грошы і адчуваюць сябе ў бяспецы і ўседазволенасці. Але, мабыць, не разумеюць, што напісанне гадасцяў толькі ўзмацняе падтрымку актывістаў.

Калі ў 96-м тата Грышы Азаронка падчас рэферэндума ў парушэнне ўсіх законаў зрабіў зняважлівы фільм пра наш нацыянальны сцяг, і яму гэта дазволілі. Зразумела, што ў такой атмасферы беспакаранасці Азаронак-малодшы вырас яшчэ больш заўзятым.

Мабыць, гэта яшчэ адна прычына, з якой я доўга не з’язджаў — хацеў давесці да канца абскарджванне. Бо ў адпісках Мінінфарма не знайшлі ніякага парушэння закону, а сам Азаронак заявіў «я распальваў, распальваю і буду распальваць варажнечу на кожным рынку».

Як вядома, рукапісы не гараць. Абразы чэсных людзей, актывістаў, пенсіянераў, настаўнікаў і многіх іншых — гэта ёсць на паперах, відэазапісах, у кэшы Гугла і г.д. Так, сёння Грыша адчувае беспакаранасць і запатрабаванасць. Але будзе такі час, хай праз дзесяць ці нават трыццаць год, што давядзецца адказваць.

Так што я б сказаў Азаронку: Грыша, перастань наступаць на тыя ж граблі. Справа аб парушэнні табой законаў з цягам часу становіцца толькі большай, то лепш спыніся цяпер, пакуль яшчэ магчыма. Хаця сумняюся, што ён прыслухаецца — адчуванне, што яму шчыра падабаецца рабіць тое, што робіць.

— Калі вымяраць у Азаронках, гэта, мабыць, край шкалы варожасці. Але ж ёсць і іншыя. У апошнія два гады табе давялося не па сваёй волі шчыльна кантактаваць з сістэмай — ці засталіся ў ёй не толькі бяздумныя выканаўцы?

— Так, ёсць такія людзі. На ІЧУ я сустракаў супрацоўнікаў, для якіх утрыманне вязняў — проста праца, і яны не «жасцяць», не ствараюць наўмысна невыносных умоў. Яны не размаўляюць мацернай лаянкай, не б’юць па нагах, не пагражаюць бясконца.

Хоць ёсць і кáты, па якіх бачна, што ім здзек дастаўляе задавальненне і хто ўспрымае нас як асабістых ворагаў.

І вось я думаю, што, можа, варта пісаць лісты таксама супрацоўнікам ІЧУ і СІЗА — не гнеўныя, каб не памнажаць нянавісць, а нармальныя, добрыя і харошыя, каб зламаць у іх шаблон пра «змагароў».

Пра захаванне беларускасці

— Сёння наша культура збольшага знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, — зазначае Ілья, які больш як 20 гадоў займаўся арганізацыяй канцэртаў. — Гэта датычыцца не толькі музыкаў, але і акцёраў, і мастакоў, і пісьменнікаў. Штомесяц іх выціскаюць з краіны, не даюць працаваць, ставяць палкі ў колы з-за іх грамадскай пазіцыі. А хто не з’ехаў, многія за кратамі.

Такое «ашчушчэніе», што гэта робіцца адмыслова — усё нацыянальнае, роднае выкараняецца ў Беларусі. Бо культура — тое, што аб’ядноўвае людзей, не дае забыцца аб тым, што мы беларусы. І каб не даць нам кансалідавацца на гэтай глебе, улады робяць усё магчымае па вынішчэнні.

Што з гэтым можна зрабіць? Знаходзіцца наноў у эміграцыі, гаворыць актывіст, каб  захоўваць і развіваць сваё.

— У вядомай віленскай карчме «1863» я сустрэў мноства нашых дзеячаў культуры, асабіста пазнаёміўся з Аляксеем Стукіным — заснавальнікам Тэатра Залатога рэжысёра. І мы якраз разгварыліся, як можна тут захоўваць беларускую сцэну. Вырашылі аб’яднаць досвед: я стаў прамоўтарам тэатру жывых скульптур, першыя дзве імпрэзы Illusions show адбудуцца ўжо 1 і 2 ліпеня ў Вільні, адзін дзень будзе для дарослых, другі для дзяцей.

Такога яшчэ не было не толькі ў Беларусі, але і ў краiнах Балтыi, і, наогул нідзе. Гэта магчымасць наблізіцца да постацяў гістарычных асоб, якія «ажываюць» у пастаноўцы. Прытым тут інтэрнацыянальная каманда: ёсць літовец-канферансье, ілюзіяніст з Латвіі, нашы беларускія акцёры — жывыя скульптуры.

Канешне, прэм’ера — заўсёды хвалюючы момант. Але я ўпэўнены, што разам мы можам многае, і дзякуючы культурным імпрэзам паяднаемся яшчэ больш. Галоўнае, перажыць гэтыя цёмныя часы, якія накрылі Беларусь.

Як бы банальна ні гучала, за самым цёмным адрэзкам ночы прыходзіць світанак. Таму — мы пратрымаемся, сябры, і ўсё ў нас будзе добра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(26)