Общество

Вікторыя Захарава

Ігар Палынскі: «Адчуваць унутраную нязгоду і не мець магчымасці яе выказаць — гэта страшна»

Пра перамогу здаровага сэнсу і беларусаў, якія не здаюцца.

Ігар Палынскі — журналіст, аўтар і голас рок-гурта Sumarok і грамадскі актывіст. Летась, ратуючыся ад пераследу, ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі. Пра тое, якім быў для яго пратэставы год і як пачалі «зачышчаць» рэгіянальных журналістаў, што сёння нахтняе і пра што не можа маўчаць, ён распавёў «Салідарнасці».

Ігар родам з Полацка, але апошнія некалькі гадоў жыў у Маладзечне, працаваў у недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеце». У ліпені 2021 года, калі пачалася хваля затрыманняў і вобшукаў у рэгіянальных медыя, сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю і да супрацоўнікаў з ператрусамі, канфіскавалі тэхніку.

Газета была вымушаная спыніць выпуск друкаванага выдання. А ў студзені 2022-га сайт і тэлеграм-канал «РГ» улады прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Cтудзень 2020, падчас эфіру «Крок да рока» на Радыё Сталіца (у жніўні-верасні практычна ўся каманда станцыі звольнілася на знак пратэсту)

— Я з’ехаў літаральна напярэдадні, за два дні да таго, як у рэдакцыю прыйшлі з ператрусам, — згадвае Ігар. — Не тое каб давялося рабіць выбар, ехаць або застацца: я разумеў, што ў мяне вельмі мала часу, і калі прыйдуць па мяне, то ўзнікнуць праблемы надоўга. А ўсёй карысці ад мяне будзе — плюс адзін радок на сайце праваабаронцаў. Таму паехаў: ноўт у руках, звычайная дарожная сумка, і ўсё.

«Канцэнтрацыя здаровага сэнсу ў дзікіх умовах»

Чаму маладзечанскіх журналістаў не чапалі ажно да лета-2021?

— Мы працавалі на акцыях настолькі акуратна, максімальна нейтральна, каб нават у міліцыі не было, да чаго дакалупацца, — кажа Ігар. — Я назіраў за тым, як адбываліся рэпрэсіі ў дачыненні да іншых медыя — там знаходзілі якую-небудзь фармальную прычыну. Але калі стала ўжо зусім не да законаў, то зразумела, рана ці позна гэта павінна было адбыцца і з намі, і з іншымі рэгіянальнымі медыя.

Калі пасля ад’езду прыходзілі ў рэдакцыю і да мяне дамоў — мяркуючы па тым, што казала жонка і калегі, якія таксама цяпер у бяспецы за мяжой, мяне, хутчэй за ўсё, забралі б і не выпусцілі.

У прыватнасці, сілавікоў цікавілі кліпа гурта Sumarok і справы мінулага года — а ў 2020-м Ігар Палынскі, па-першае, уваходзіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, а па-другое, выступіў як музыка са сваёй пазіцыяй і «крамольнымі» песнямі на адным са жнівеньскіх мітынгаў у Маладзечна, калі ў горадзе быў адносны зацішак, раптоўна зніклі з вуліц сілавікі і мясцовыя ўлады не забаранялі акцыі.

Падчас акцыі салідарнасці ў падтрымку свабоды і правоў чалавека. Маладзечна, 21 жніўня 2020 года. Фота Настассі Уткінай

— Акрамя таго, што я журналіст, які мусіць працаваць «у полі» з бэджам і ў камізэльцы «Прэса», я не перастаю ад гэтага быць беларусам, чалавекам, які хоча жыць у лепшай краіне, і хоча рабіць унёсак у яе развіццё. Лічу, няма ніякіх перашкодаў для таго, каб у свой вольны час, як беларус Ігар Палынскі, жыхар гэтай краіны, удзельнічаць у яе палітычным жыцці.

Таму перада мной не стаяла пытанне, далучацца да ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ці не — падалося, што гэта канцэнтрацыя здаровага сэнсу ў тых дзікіх умовах, што былі ў Беларусі.

Яшчэ падчас працы журналістам у Полацку бралі ў яго каментар аб экспанаванні на радзіме «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны, і склалася адчуванне, што гэта вельмі інтэлігентны, адукаваны, таленавіты чалавек, які здольны прывесці да поспеху не толькі банк, але і запусціць эфектыўныя механізмы кіравання ў маштабах краіны.

Я працягваю лічыць, што Бабарыка — найлепшы кандыдат на пасаду прэзідэнта ў здаровай краіне, хоць да яе, канешне, нам яшчэ трэба дайсці.

«Маё 9 жніўня заўжды са мной»

— Помніце атмасферу ў Маладзечне пасля выбараў і ў першай палове 2021-га: які быў настрой у людзей, што выклікала рэзананс?

— Апошнія відавочныя актыўнасці адбываліся, напэўна, яшчэ напрыканцы 2020 года. Але і пасля былі рэзанансныя падзеі: напрыклад, справа лыжнікаў, калі людзі проста паехалі пакатацца фактычна ў лес, але ў кагосьці як быццам быў сцяг, і прыехалі сілавікі, «запакавалі» ўсіх… Пазней ужо ўсе актыўнасці фактычна адбываліся ў партызанскім фармаце.

Нават у той нездаровай атмасферы, якая склалася ў Беларусі ў першай палове мінулага года, наколькі я ведаю,у некаторых гарадах глядзелі скрозь пальцы на актыўнасць людзей кшталту экскурсій ці нечага падобнага.

Але ў Маладзечне, на маё разуменне, у сілавікоў былі асабістыя крыўды за словы, якія людзі пісалі, за рэакцыі ў сацсетках. Наогул, ад пачатку ў горадзе ўсё было вельмі жорстка — успомніць легендарны пісталет, які амапавец выхапіў, а МУС патлумачыў, нібыта ён «выпаў з кабуры», і 9-10 жніўня, калі адбываўся поўны трэш, і шматлікія жорсткія прысуды, у тым ліку пераслед і прысуд Аляксею Кудзіну…

На здымках кліпу на песню «Чэрці», Маладзечна, верасень-2020

— Ці не страшна было ў такі час зрабіць татуіроўку з сімваламі аб’яднанага штабу и наогул беларускага пратэсту: «Верым, можам, пераможам»?

— У мяне ўжо некалькі гадоў таму быў зроблены беларускі арнамент на плячы, і думаў, каб далей зрабіць рукі ў гэтым стылі. А яшчэ, помніцца, на пачатку жніўня 2020-га сам сабе даў абяцанне: калі мы пераможам, пастрыгуся пад Машу Калеснікаву — для мяне гэта прыклад нязломнасці, нескаронасці.

У нейкі момант так і зрабіў — таму што разумеў: хоць да агульнай перамогі яшчэ далёка, але ўнутры свядомасці беларусаў перамога здаровага сэнсу ўжо адбылася.

А праз некалькі дзён у Мінску зрабіў і татуіроўку. Падумаў: як бы ні павярнулася гісторыя, але сам гэты сімвал трыумвірату штабоў, трох жанчын, які даў надзею на лепшае, нікуды не знікне і будзе нагадваць пра той важны момант.

На правым плячы ў Ігара сімвал беларускага пратэсту і лога «Крумкачоў»

Яшчэ праз час я набіў надпіс «Жыве Беларусь!» і лагатып ФК «Крумкачы», за якіх даўно заўзею. І цяпер маё 9 жніўня заўжды са мной.

«Немагчыма 24/7 быць у працоўнай мабілізацыі і захоўваць розум»

Ужо амаль паўгады Ігар Палынскі жыве ў Беластоку. Сябры і знаёмыя — па абодва бакі мяжы: хтосьці з’ехаў і адаптуецца ў новых умовах, а хтосьці застаўся ў Беларусі ці нават вярнуўся, нягледзячы на рызыку пераследу.

— Не ведаю, на якіх маральна-валявых якасцях людзі вяртаюцца. Быць у Беларусі зараз — з аднаго боку, гэта вельмі мужна, а з другога — надзвычай складана. Спрабую сябе ўявіць у гэтай сітуацыі — і не магу. Я не змог бы.

Ёсць пачуццё віны, што я з’ехаў, хоць, уключаючы розум, разумею, што рэальнай карысці, калі вярнуцца і трапіць за краты, не было б. Мяркую, што рана ці позна, калі б застаўся, то сеў бы — таму, што маю не такі характар, каб маўчаць, гледзячы на несправядлівасць у абсалюце, якая фактычна становіцца дзяржаўнай ідэалогіяй. Таму або «флягасвістанула б», як кажа Слава Камісаранка, альбо мяне ўсё адно забралі б.

Адчуваць унутраную нязгоду і не мець магчымасці яе выказаць — гэта страшна. Таму зараз я расказваю сваю гісторыю, выступаю, пішу песні, працую як журналіст — бо не магу маўчаць. За мяжой у мяне, ва ўсіх нас прынамсі, ёсць голас — трэба выкарыстоўваць гэта напоўніцу.

У Беластоку, снежань 2021. Фота Руслана Кулевіча

З гэтай мэтай беларусы ў Польшчы запусцілі новы медыяпраект «Most». Дакладней, спачатку з’явіўся каворкінг для беларускіх журналістаў у Беластоку — як дах над галавой, месца для стасункаў з калегамі, тэхнічныя магчымасці, прастора для культурніцкіх мерапрыемстваў. А потым, разумеючы, што ў замежжы людзі так ці інакш адрываюцца ад кантэксту, а тыя, хто застаўся, часта не ведаюць, як і чым жывуць вымушаныя рэлаканты, прыдумалі ідэю «Мосту», каб аб'ектыўна расказваць пра падзеі па абодва бакі мяжы.

— Немагчыма 24/7 ныць, пры гэтым быць у працоўнай мабілізацыі і захоўваць розум. Канешне, многія з тых, хто з'язджае, свядома ці не стараюцца забыць перажыты страх, цалкам закрыцца ад траўматычнага мінулага, але шмат хто застаецца неабыякавым да лёсу Беларусі і расказвае пра гэты страх, каб дапамагчы іншым з ім справіцца.

Мы бачым, што частка людзей стамілася ад палітыкі — але гэта не значыць, што пра гэта не трэба пісаць, неабходна проста шукаць новыя фарматы.

«Мяне натхняюць беларусы, якія не здаюцца»

— Для мяне не стаіць пытанне, вяртацца ці не. Я вярнуся адназначна, як толькі гэта стане магчымым, будзе бяспечна і будзе мець сэнс. Я вярнуся, каб далучыцца да працэсу будаўніцтва новай Беларусі, дзе ёсць месца розным людзям, розным поглядам, і гэтыя погляды могуць сутыкацца на дыскусійных пляцоўках, а не ў сутычках з АМАПам, калі людзі вымушаныя адстойваць сваё права на голас.

Падчас канцэрту ў Маладзечне 3 верасня 2020. Фота Настассі Уткінай

…Пра што я напісаў бы песню пасля перамогі? Увогуле, я заўсёды пісаў не пра палітыку, а пра каханне, пра мары, пра нешта светлае і ўзнёслае.

Я вярнуся і буду пісаць пра каханне. Але, напэўна, гэта будзе ўжо не толькі пачуццё да каханага чалавека, а пра любоў беларусаў да беларусаў, беларусаў да Беларусі, а Беларусі — да нас…

Упэўнены, што Беларусь нейкім чынам думае, як аддзячыць тым, хто змагаецца за яе будучыню і развіццё. Не ведаю, можа, мы нафту знойдзем ці золата, але нешта будзе, — усміхаецца музыка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)