Гурневіч: «Вернікі моляцца за ўладу, каб яна не ўчыняла дзікунстваў»

Журналисты Радыё Свабоды — пра тое, чаму не варта папракаць пратэстанцкага пастара за малітву за Лукашэнку.

— Бачу, многім людзям не спадабалася малітва за Лукашэнку падчас «Фестывалю надзеі», — піша Дзмітрый Гурневіч. — Я разумею, што большасць беларусаў або агностыкі, або атэісты, але хвіліначку... Эстэтычна гэта сапраўды выглядае так сабе, пакуль мы не захочам зразумець: малітва за ўладу — гэта не падзяка ўладзе за яе мудрасць, эфектыўнасць і дабрыню.

Дзмітрый Гурневіч

Я працытую самы важны фрагмент той маліты:

«Ойча наш Нябесны, мы дзякуем Табе за гэтую выдатную магчымасць быць тут разам. Мы молімся аб прэзідэнце Лукашэнку. Мы молімся за ўсіх ва ўладзе ў гэтай краіне. Мы молімся, каб Ты вёў іх і накіроўваў іхнія крокі», – так маліўся за Лукашэнку сам Грэм.

Нават тут мы бачым, што гэта нейтральны тэкст. Але кожны прысутны маліўся так як хацеў. Усё сваё дзяцінства, памятаю, малітву за ўладу ў касцёле ў Налібаках, дзе я вырас. Я ў жыцці не ўспрымаў яе як ухваленне ўлады. Наадварот, гэта малітва за тое, каб яны не тварылі злога.

Напрыклад, у каталіцкім касцёле заўсёды моляцца за ўладу, нягледзячы на палітычны лад. І гэта зразумела. Людзі моляцца за грэшнікаў, у гэтым і ёсць сэнс малітвы.

У 1979 годзе Папа Рымскі Ян Павел ІІ упершыню наведаў Польшчу як галава каталіцкага касцёлу. Нагадаю, у краіне ўжо 35 год кіравалі камуністы. Папа неаднаразова на імшах дзякаваў уладзе за магчымасць наведаць радзіму, за арганізацыю сустрэч. І… маліўся за ўладу. Думаю, што ніводнаму паляку тады не прыйшо ў галаву, што Ян Павел ІІ моліцца з падзякай Богу за камуністаў.

Падчас візіту на Кубу ён маліўся за ўлады Кубы. І кіраваў там тады Фідэль Кастра. Калі папа Леў XIV, калі-небудзь наведае Беларусь, то гарантую, што ён будзе маліцца за яе ўладу, ці то Лукашэнку, Караніка, ці то Ціханоўскую, ці то Пазьняка або Латушку.

І вельмі несправядлівымі выглядаюць папрокі пратэстантаў, што яны дазвоілі сябе выкарыстаць такой карцінкай Грэма і дыктатара Беларусі.

Вайтыла наведваў сваю радзіму ўжо пасля расстрэлаў пратэстоўцаў у Познані ў 1956 годзе, калі загінула амаль 60 пратэстоўцаў. Пасля ўдзелу польскай арміі ва ўварванні ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Пасля пратэстаў 1970, калі загінула 40 пратэстоўцаў.

Таму вернікі і моляцца за ўладу, каб яна не ўчыняла дзікунстваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)