Гурневіч – Макею: «Гэта проста феерычна»

Журналiст – пра інтэрв'ю кіраўніка МЗС Беларусі.

– Макей прысніў, што пад бел-чырвона-белым сцягам «здзяйснялася шмат злачынстваў супраць беларускага народа» і заклікаў гісторыкаў заняцца гэтым пытаннем, – пiша Дзмітрый Гурневіч. – Гэта проста феерычна. Чвэрць стагоддзя вядзецца барацьба прапагандыстаў супраць сцяга і столькі ж ад ініцыятараў гэтай барацьбы гучаць заклікі да гісторыкаў.

І што? І нічога? Яны за 25 год не здолелі нават напісаць хоць крывую дысертацыю па гэтым пытанні ці навуковы артыкул. Не змаглі скляпаць фільм са «сведкамі», якія памятаюць, як забойцы крычалі «Жыве Беларусь» і махалі сцягам. Толькі Давыдзька, які нарадзіўся 10 год пасля вайны, такое памятае.

А я памятаю жывых ветэранаў у Налібаках, якія стаялі пад бчб-сцягамі 9 траўня, на мітынгах каля Дома культуры. І ніколі ніхто з іх нічога падобнага не ўзгадваў, ніхто не наракаў на сімвал, які мусіў бы быць, здавалася б, такі ненавісны.

Але што тут казаць. Такога за ўсё маё жыццё я не пачуў ні аднаго старажыла ў сваёй вёсцы і ваколіцах. Увогуле, ад ніводнага чалавека, які памятаў вайну. А я правёў больш сотні такіх гутарак, пачынаючы са школы. Не раз я наўмысна падводзіў да тэмы бел-чырвонага-белага сцяга.

НІХТО не памятаў яго з часоў вайны. У Налібаках была паліцыя, як і амаль у кожнай вёсцы. НІХТО не памятаў, каб на рукавах былі бчб-нашыўкі. Бабуля маёй жонкі падчас акупацыі некалькі месяцаў была ў працоўным лагеры ў Мінску і прыбіралася ў «доме гаўляйтэра». Яна ў 92 гады памятала нават нямецкія імёны на шыльдах на дзьвярах. А калі я спытаў яе пра сцяг, яна прыжмурылася і сказала, што ніколі падчас вайны не бачыла такога сцяга.

І я ані разу не сустрэў сведку, які б адказаў інакш. За ўсе 20 год, якія я займаюся краязнаўствам. Ведаць праўду пра гісторыю і не баяцца фактаў – неверагодна камфортная справа. Не трэба нічога і хаваць, маніпуляваць і прыдумляць. У адрозненні ад Даніловіча, аднаго з аўтараў аперацыі супраць бчб-сцяга, які сцьвярджае, што ў Літве і Славеніі да гэтага часу адбываюцца маршы ССаўцаў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:131)