Коктейль

Гары Адамчук

«Графіці. Тэрыторыя абсалютнай свабоды». Месца, дзе тусаваўся Том Стопард і будучы лукашэнкаўскі прапагандыст

Напярэдаднi Нік Маторын, уладальнік легендарнага бара «Графіці», звярнуўся да сваіх падпісчыкаў у сацыяльных сетках, дзе падзякаваў усім за падтрымку і паведаміў, што «эпоха идет отдыхать». І гэтым разам ужо канчаткова.

«Салідарнасць» публікуе першую частку размоваў з беларускімі музыкамі, журналістамі і дзеячамі культуры, якія ўзгадваюць знакавыя падзеі, што адбываліся ў «Графіці», звязаныя з іх творчым і асабістым жыццём.

Лявон Вольскі: «Калі людзі хочуць замовіць піва, то яны проста праз цябе ідуць да бармэна»

– Быў такі час, калі мы ігралі ў «Графіці» ледзь не адзін раз на два тыдні. Гэта было падчас першай забароны і нідзе нельга было іграць. Ну, як нідзе. Можна было па рэстарацыях, бо яны (ўлады – «С.») на гэта не звярталі ўвагі. А ў «Графіці», паколькі гэта малое месца, дык яны і не забаранялі наогул.

Таму, пачынаючы недзе з 2003 года, мы і з N.R.M., і з «Крамбамбуляй» ігралі пастаянна. Нават былі нейкія граматы за лепшы канцэрт «Крамбамбулі», якія выдаваў сам «Графіці». Яны потым былі прылепленыя ў грымерцы.

Міхал Анемпадыстаў і Лявон Вольскі падчас прэзентацыі кніжнага выдання «Народнага альбома», калі ў клубе яшчэ не было сцэны, 2008 год

Гэта было смешна, бо «Крамбамбуля» выступала поўным складам з духавымі інструмэнтамі, а тады яшчэ не было сцэны, таму ўсе ігралі проста каля барнай стойкі. І ўся гэтая «Крамбамбуля» тулілася з духавой сэкцыяй каля стойкі. Ужо зусім блізка столікі, а калі людзі хочуць замовіць піва, то яны проста праз цябе ідуць да бармэна. Досыць смешна было, але весела, – ўзгадвае Вольскі.

Піт Паўлаў і Лявон Вольскі падчас акустычнага канцэрта N.R.M., 2005 год, фота: nrsm.org

– Гэта сапраўды былі часы росквіта, бо, пачынаючы з другой забароны, калі туды прыйшла камісія, наколькі я ведаю, ўжо пачаўся такі лёгкі заняпадзік, – працягвае музыка. – Гэта было недзе на мяжы 2012-2013 гадоў, калі іх ўжо пачалі прэсаваць, каб яны запрашалі «правільных» артыстаў, маўляў, вы ж нейкіх «няправільных» запрашаеце.

Тады ж, як звычайна ў такіх выпадках, прыйшла комплексная праверка: МНС, санстанцыя і ўсе астатнія.

Піт Паўлаў і Лявон Вольскі падчас канцэрта N.R.M., 24.01.2006, фота: nrsm.org

У N.R.M. дык наогул быў такі перыяд, калі штомесяц або два разы на месяц мы там ігралі. І там ужо публіка пісала на нрмаўскім форуме, што гэта былі канцэрты «за гранью дабра і зла», бо я там чытаў і сваю прозу, і проста ўсё, што было.

То бок, гэта ператваралася ў такія нефармальныя сустрэчы і ўсе зносіны былі даволі хатнія, амаль, як на кухні.

І, трэба сказаць, што атмасфера была сапраўды класная і непаўторная. І яшчэ таму, што ў «Графіці» ты ўсё ведаеш, ты проста прыходзіш і амаль не трэба саўндчэка. Вельмі намоленае месца было.

Лявон Вольскі ў «Графіці»

Была адна смешная гісторыя, калі я прыехаў з Чарнагорыі і ў мяне быў белы капялюш. Гэта была прэзентацыя маёй кнігі «Міларусь». І вось мы там ігралі, а потым на сцэну так нефармальна ўзышоў Аляксандр Кулінковіч, каб праспяваць дуэт, а потым яшчэ была Вераніка Круглова ў зале, і яна таксама ўзлезла і мы там штосьці ўтраіх спявалі.

Вераніка Круглова і Лявон Вольскі на тым самым канцэрце

Пачаўся класны творчы гармідар, гэта не досыць прафесійна было, але весела. І я памятаю, што забыўся там гэты капялюш, а ён мне вельмі падабаўся. Таму недзе зараз ён там і ляжыць, або хтосьці ўжо яго і знасіў.

Павел Гарадніцкі (РСП / Беларускі свабодны тэатр): «Мы выйшлі, ніхто нас не ведаў, і тады мы першы раз парвалі зал»

– Наогул «Графіці» – гэта наша адпраўная точка, наша гавань, з якой мы адправіліся ў сваё музычнае падарожжа. Таму што там адбыўся наш першы клубны канцэрт менавіта ў дуэце, калі Дзяніс Тарасенка граў на баяне, а я на клавішах.

Канцэрт РСП, фота: 34mag

Я памятаю, як наш тагачасны прадусар дамовіўся з «Графіці», гэта быў год недзе 2004-ы. Здаецца, мы яшчэ вучыліся ва ўніверсітэце. І, дарэчы, ў нас ўжо тады была ўніверсітэцкая слава, бо мы ладзілі канцэрты папросту ў аўдыторыях, а тут наш першы клубны канцэрт. Зразумела, мы хваляваліся, таму што гэта было ў пятніцу, а нас нават не анансавалі, маўляў, прыйдзеце, падключыцеся і іграйце.

Мы выйшлі, ніхто нас не ведаў, і тады мы першы раз у жыцці парвалі зал. Мы адчулі, што такое кайф, эйфарыя, бо я наогул такога ніколі ў жыцці не бачыў.

Там проста сядзелі ўсе за столікамі, была нейкая свая тусоўка, і сярод яе быў немец, якога звалі Торстэн. Карацей, усе адзін аднаго ведалі, а нас – ніхто.

Мы пачынаем іграць, і проста недзе з трэцяй песні ўсе ўжо танчаць на сталах, пачынаюць рагатаць з тэкстаў, шалець ад музыкі, і гэта быў проста угар.

Я памятаю, як Торстэн цалаваў наш плэйліст і казаў: «Это звезды, я их повезу в Германию». І мы падумалі: «О, клас! Вось, як яно робіцца ўсё. Мы ўжо ў свеце шоў-бізнэса». Вось такім быў наш першы канцэрт.

Канцэрт РСП 05.09.2011, фота: bnp.by

Потым у нас ужо з’явіўся склад і быў перыяд, калі мы стабільна ігралі кожны месяц. Гэта было звязана яшчэ і з тым, што Коля Маторын, уладальнік «Графіці», на той момант быў нашым менеджэрам.

Урэшце, мы зразумелі, што трэба штосьці мяняць і змянілі менеджэра, сталі радзей іграць у «Графіці», выходзіць на большыя пляцоўкі, бо пабаяліся ў пэўны момант стаць такім гуртом выключна «Графіці».

Але ж потым, калі некаторы час там не ігралі, вярнуліся ў клуб, зладзілі невялічкі хатні канцэрт і было вельмі душэўна і прыемна.

Канцэрт РСП, 05.09.2011, фота: bnp.by

І, канешне, грымёрка. Тое, што адбывалася ў самім клубе і тое, што адбывалася ў грымёрцы, гэта проста свой маленькі «Графіці». Там была свая весялуха, бо любы чалавек мог проста адкрыць дзвер і зайсці.

Напрыклад, усе ведаюць, што іграе РСП, адчыняюць дзверы, мы рыхтуемся да канцэрта і пачынаецца…

І гэта ўсё магло зацягнуцца настолькі, што канцэрта магло і не быць. Нейкі сумбур, хаос, але гэта, канешне, была тэрыторыя абсалютнай свабоды.

Яшчэ ў маім жыцці «Графіці» звязана не толькі з РСП, але і з тэатрам. Бо адзін з першых спектакляў «Беларускага свабоднага тэатра», «Психоз 4.48» па п’есе Сары Кейн, быў менавіта ў «Графіці».

І на яго нават прыехаў сэр Том Стопард, брытанскі драматург. Ён ашалеў ад таго, што там адбывалася. З гэтага паказа па сутнасці пачаўся і «Беларускі свабодны тэатр», і пасля напрацягу некалькіх месяцаў мы ігралі ў «Графіці».

Мой першы спекталь у «Свабодным тэатры» таксама адбыўся там у 2005 годзе, калі ў клубе праходзіў драматургічны конкурс.

Потым намі ўжо зацікавіліся кдбшнікі, пачалі давіць на кіраўніцтва пляцоўкі, каб мы там не ігралі, а мы ўжо пачалі вандраваць па кватэрах і іншых лакацыях.

Клим Моложавый (Botanic Project): «Один раз на нас было 140 с чем-то человек только по билетам»

– В «Граффити» мы играли постоянно. Даже не помню, сколько концертов мы там сыграли, но на них всегда было полно народа.

Это был уникальный клуб именно тем, что само помещение выглядело совсем неподходящим для формата клуба, но какая-то своя атмосфера там всегда присутствовала.

Один раз в «Граффити» на нас было 140 с чем-то человек только по билетам. Там ты не можешь пройти ни к бару, никуда. И люди все равно приходили и все равно там отдыхали.

Botanic Project, фота: show-biz.by

В целом «Граффити» – это очень уникальное минское место именно для сольных выступлений. Плюс мы в нем делали регги-вечеринки, и я много на них диджеил с года 2009-го по 2016-ый. Помню танцы на столах. Да и вообще было много каких-то незабываемых моментов.

Я уверен: если изменится власть в Беларуси, то возможны такие флешбеки, как возвращение «Граффити».

Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады Культуры, заснавальнік «Тузін Гітоў»: «Можна было, седзячы за сталом, чокнуцца півам з Ігарам Варашкевічам»

– Упершыню я зайшоў у «Графіці» 23 гады таму, калі яго яшчэ не набыў мой аднакласнік і калі я яшчэ не зрабіў там з пару дзесяткаў канцэртаў.

Гэта быў першы год яго існавання, і канцэрты тады праходзілі не так часта.

У тым сэнсе, што гэта быў бар, дзе тусавалася пэўная музычная супольнасць, аб’яднаная вакол гуртоў «Калі Юга» і «Постскриптум». Мяне туды прывёў дырэктар «Калі Югі», цяперашні кіраўнік і аўтар «Желтых сл*вов», Саша Бенько.

І потым праз некаторы час у 1999-м я нас з гуртом «Анализ», калі я ўжо стаў ягоным дырэктарам, а не гітарыстам, паклікалі ў «Графіці» сыграць канцэрт за ганарар у выглядзе «канверцікаў».

Доўгі час, недзе да сярэдзіны 2010-х, у «Графіці» была такая фірмовая страва, «канверцікі» з сырам ці з вяндлінай.

А потым я неаднаразова там быў ужо ў якасьці гледача, бо ў «Графіці» выступалі амаль усе беларускія выканаўцы. Гэта маглі быць і «Троіца», і N.R.M. Былі нават гурты складам у 10 чалавек, якія проста выстраіваліся вакол бара ўздоўж і нешта набыць на бары можна было толькі ў перапанку, мінуючы гітары і адстаяўшы чаргу.

Потым у 2008 годзе ў клуба змяніліся ўласнікі, і нечаканым чынам уласнікам стаў мой аднакласнік Коля Маторын. А з цягам часу клуб быў кардынальна перароблены.

Сяргей Будкін у «Графіці»

Па-першае, з’явілася сцэна, па-другое, была пабудавана тэраса, памерам з клуб. Таксама цалкам змянілася вонкавае аздабленне, на сцэнах з’явіліся партрэты беларускіх музыкаў, якія там часта выступалі.

Пры гэтым, наколькі я памятаю, партрэты былі і раней, там дакладна была Света Бень. То бок, гэта такія чальцы клуба «Графіці» і тыя, хто там часта выступаў.

І апошнія партрэты, якія там заставаліся і застаюцца - гэта Ілля Чарапко-Самахвалаў, Ігар Варашкевіч, Дзяніс Тарасенка і Аляксандр Кулінковіч.

Гэта такая адметнасць клуба, што можна было, седзячы за сталом, чокнуцца півам з Ігарам Варашкевічам. То бок, атмасфера была абсалютна душэўная.

А потым я там ужо пачаў арганізоўваць канцэрты – недзе з 2007-га па 2015-ы. Прыгадаю некалькі этапных праектаў, звязаных з «Графіці». Гэта, найперш, праект «Тузін Unplugged» – серыя акустычных канцэртаў беларускіх гуртоў, у тым ліку тых, для каго гэты фармат неўласцівы.

У межах праекта ў «Графіці» ўпершыню выступілі ў такім фармаце гурты Neuro Dubel, J:MOPC, Vincent, Akute, Dali, Znich і іншыя.

Першы і наогул апошні раз у гісторыі даў свой канцэрт гурт «Кальян», які проста падчас імпрэзы перайменаваўся ў «Людзі на Балоце».

Сенсацыяй быў выступ на «Тузін Unplugged» на той час 17-гадовай Паліны Рэспублікі з песняй «Як ты», якая потым стала абсалютным хітом, а мы потым на васемнаццацігоддзе Паліны зрабілі поўнавартасны канцэрт па квітках.

 

Тут мы ладзілі паказы праекта «Тузін. Немаўля» (2012-2013), які аб’ядноўваў сучасную музыку і беларускае немое кіно 1920-х. Тут упершыню выступіў беларускі гурт з Польшчы IlO&Friends, і упершыню выступілі ўкраінцы «Фіолет».

Менавіта ў «Графіці» адбываліся рэпетыцыі праекта «Апошні золак», прысвечанага тэме смяротнага пакарання.

Карацей, такі важны перыяд у маім жыцці быў звязаны з «Графіці», таму вельмі шкада, што гісторыя завяршаецца, але гэта значыць, што пачынаецца нейкая новая. Таму я спачуванняў Колі Маторыну з гэтай нагоды не прыносіў.

Працяг гісторыі «Графіці» чытайце неўзабаве на старонках «Салідарнасці».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(14)