Филин

Яна Сакалова

Гісторык: Як трэба ставіцца да заяваў чыноўніка Савета бяспекі РФ пра Каліноўскага

Чаму ў расійскім Савеце бяспекі раптам занепакоіліся «раскручваннем» фігуры Кастуся Каліноўскага? Филин абмеркаваў сітуацыю з гісторыкам Паўлам Церашковічам.

Намеснік сакратара Савета бяспекі РФ Аляксей Шаўцоў заявіў, што краіны Захаду яшчэ да пачатку расійска-украінскай вайны імкнуліся зрабіць з Беларусі «другую Украіну, яшчэ адну анты-Расію», але «спроба зрабіць дзяржпераварот, насадзіць у Мінску празападны рэжым правалілася».

Ён лічыць, што «невыпадкова… ва Украіне, у Польшчы і краінах Балтыі цяпер інтэнсіўна раскручваюць фігуру Кастуся Каліноўскага», якога «як і Бандэру, імкнуцца прадставіць змагаром за нацыянальную самасвядомасць».

Пра тое, як варта расцэньваць падобныя заявы, тлумачыць гісторык Павел Церашковіч.

На каго накіравана гэта заява? Найперш на расійскую аўдыторыю?

— Канешне, найперш на расійскую. І ў дадзеным выпадку Шаўцоў фактычна цытуе працы расійскага гісторыка Аляксандра Дзюкава, які займаецца ў тым ліку паўстаннем 1863 года і месцам ў ім Кастуся Каліноўскага.

Дзюкаў працуе ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук РФ, але ён вядомы не як прафесійны гісторык, а як прапагандыст. Менавіта з яго падачы пайшло параўнанне Кастуся Каліноўскага са Сцяпанам Бандэрам, хаця гэта абсалютна розныя асобы з розных эпох, параўноўваць іх з пункту гледжання навуковага абсалютна бэссэнсоўна.

Але вось з пункту гледжання прапаганды, тут сэнс, канешне, ёсць, бо для расійскай аўдыторыі Сцяпан Бандэра — гэта такі маркер ворага Расіі, русафоба і г.д.

Кажучы пра тое, што нібыта паўстанцы забілі болей беларускіх сялян, чым жаўнераў расійскага войска, Шаўцоў цытуе менавіта Дзюкава. Падкрэслю, што Дзюкаў з большага прапагандыст, а не прафесійны гісторык. Ён займаўся гісторыі краін Балтыі  — і стаў персонай нон грата ў Літве.

Цікава, што ён атрымаў дастаткова добрую адукацыю: скончыў славуты гісторыка-архіўны інстытут, але пасля яго чамусьці працаваў у ТАСС у аддзеле ваенна-тэхнічнай інфармацыі. А ўжо пасля гэтага заняўся гістарычнымі даследаваннямі.

І бачна, што ўсе яго даследаванні робяцца па замове ідэалагічных структур РФ, ці ён сам прапануе ім тое, што, на яго думку, будзе запатрабавана ідэалогіяй і прапагандай.

Адпаведным чынам – як да прапаганды – трэба і ставіцца да заяваў чыноўніка Савета бяспекі. Тут нічога новага. Адзінае, што на дастаткова высокім дзяржаўным узроўні гэта прагучала.

— Ці нясе гэта небяспеку для Беларусі?

— Кіраўніцтва, адміністрацыя Лукашэнкі падзяляе гэтыя погляды, яны амаль што нічым не адрозніваюцца. Абсалютна зразумела, што хваля непрыкрытай нянавісці да гістарычный асобы Каліноўскага сёння звязаная не з самім Каліноўскім, а з тым, што ва Украіне ваюе полк імя Кастуся Каліноўскага, і гэта адна з галоўных пагроз існавання рэжыму Лукашэнкі.

— Ці могуць наратывы расійскай прапаганды трапіць у падручнікі па гісторыі Беларусі?

— Думаю, што ідэолагі ў Мінску зробяць усё самі без падказкі сваіх маскоўскіх кіраўнікоў, бо стаўленне да гістарычных постацяў у іх абсалютна супадае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(25)