Гэтым летам Беларусь чакае вінны бум
Яшчэ 15 красавіка дзяржаўная камісія мусіла вызначыць спіс кампаній-імпарцёраў алкагольнай прадукцыі ў Беларусь. Гэта адбылося толькі 17 чэрвеня: цяпер існуе 15 афіцыйных фірмаў, якія маюць права завозіць у нашу краіну алкаголь. Прычым гэтае права даецца ім толькі на чатыры месяцы. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, што канкрэтна зменіцца ў віна-гарэлачных аддзелах беларускіх крам.
Квоты на ўвоз у Беларусь алкагольнай прадукцыі адмянілі яшчэ на пачатку года. З’явіўся спіс афіцыйных імпарцёраў, прычым аніякіх абмежаванняў у памерах на імпарт няма. Пра гэта Еўрарадыё расказала Алена Кавалёва, прэс-сакратар Міністэрства гандлю Беларусі:
Алена Кавалёва: “Камісія скончыла працу і цяпер вызначаны спіс арганізацый, якія будуць імпартаваць алкагольную прадукцыю ў Беларусь. Кожная фірма будзе завозіць у нашу краіну алкагольную прадукцыю адпаведную іх спецыялізацыі, якую самі выбіраюць”.
ЕРБ: “А ці рэгламентуюцца неяк памеры ўвезенага алкаголю?”
Елена Кавалёва: “Не”.
Цікава, што гэтыя 15 імпарцёраў маюць права ўвозіць у Беларусь алкаголь толькі да кастрычніка. Нібыта потым павінна адбыцца пэўная перарэгістрацыя. На думку Марыі Гуляевай, аглядальніцы “БелГазеты”, новая сістэма імпарту алкаголю ў Беларусь па факце захавала квоты:
“Нягледзячы на заяўленую адсутнасць квотаў, то бок колькасных абмежаванняў, яны існуюць. І гэта пацвярджае практыка, калі кампанія-імпарцёр накіроўвае ў Мінгандлю заяву з пазначанай колькасцю таго ці іншага напою на ўвоз у Беларусь. Атрымліваецца, што колькасць алкагольных напояў падзеленая на ўвесь год. Наколькі я разумею, гэта робіцца дзеля таго, каб прасачыць, хто, як і колькі ўвозіць у краіну замежнага алкаголю”.
Прычына новай сістэмы квартальнага дазволу на імпарт – гэта абарона дзяржавай айчыннага вытворцы. Марыя Гуляева лічыць, што такія дзеянні ўладаў можна трактаваць выключна як непавагу да спажыўца:
”Гэта звязана з імкненнем дзяржавы замацаваць становішча гэтак званых “вытворцаў віна”. Папросту такія дзеянні ўладаў – гэта дэманстрацыя непавагі да айчыннага спажыўца, у якога так ці інакш павінна быць права выбару. Насамрэч нічога новага нашы ўлады не паказваюць: тое самае было зроблена на тытунёвым і рыбным рынках. Стабільнасці на рынку няма. А калі мы не можам гаварыць пра стабільнасць, бо нават не ведаем, што будзе ў кастрычніку, то тады і сам рынак не будзе развівацца”.
Начальнік аддзела продажу фірмы “Перно Рикар Минск”, адной з найбуйнейшых кампаній-імпарцёраў элітных напояў у Беларусь, Еўрарадыё паведамілі, што збіраюцца павялічыць памеры ўвозу замежнага алкаголю ў два разы. Гэта пры тым, што пакуль невядома, ці працягнуць ліцэнзію на імпарт з кастрычніка:
“Нашая фірма пашырае асартымент віна. Непасрэдна ў крамах з’явіцца больш добрага віна. З пункту гледжання нашай кампаніі памеры імпарту павысяцца ў два разы”.
Варта зазначыць, што такая сітуацыя на алкагольным рынку далёкая ад стабільнасці, бо ніводная нават з афіцыйных кампаній-імпарцёраў не можа заключыць кантракт з замежным вытворцам алкаголю нават да кастрычніка месяца:
”Размова ідзе пра тое, што, нягледзячы на заяўленую нібыта лібералізацыю алкагольнага рынку, на самой справе гэтага не адбываецца. Колькасць імпарцёраў вызначана толькі з траўня па верасень. Што будзе ў кастрычніку – невядома”.
Як бы там не было, а гэтым летам асартымент замежнага алкаголю ў беларускіх крамах пашырыцца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное