Общество

Наталля Лубнеўская, Наша Нiва

«Гэта было катаванне, адназначна». Што адбывалася ў дворыку Савецкага РУУС

8 лістапада з'явіліся шакуючыя відэа з Савецкага РУУС: людзі гадзінамі стаяць ва ўнутраным дворыку на холадзе з паднятымі рукамі. Што там адбывалася? З «Нашай Нівай» звязаліся жанчыны, якія былі сярод тых затрыманых і выйшлі на волю пасля суда.

«Паставілі да жалезнай агароджы і сцягнулі пальчаткі»

Таццяна аказалася ў Савецкім РУУС, калі абараняла мужа.

«На маршы ў жанчыны вырвалі плакат з хрысціянскім сэнсам. А мы вернікі, муж абразіўся гэтым, узяў той плакат, узняў яго і пайшоў у кірунку калоны. Яго заламалі чалавек пяць і кінулі на зямлю, адзелі кайданкі. Я вырашыла: буду крычаць, каб яго не білі хоць. Калі мужа вялі да аўтазака, я ішла побач, каб назіраць, што з ім. Тыя супрацоўнікі не збіраліся мяне затрымліваць, але пасля іншы амапавец падхапіў пад руку і завёў у аўтазак», — расказвае жанчына.

У аддзяленне міліцыі іх разам з іншымі затрыманымі прывезлі а 14-й гадзіне. Людзям загадалі выстраіцца ў дворыку тварам да сцяны.

«Нас было каля 20 чалавек, гэта першая група. Праз нейкі час падышла жанчына і пачала перапісваць нашы дадзеныя. Спачатку была больш-менш расслабленая абстаноўка. Мы жартавалі між сабой, жанчынам дазвалялі пакурыць. Пасля выйшаў супрацоўнік — твар яго вельмі запамінальны — і скамандаваў, каб мы перасталі размаўляць, расставілі ногі і паднялі рукі.

Да дзяўчат, якія нешта выказвалі або праўялялі спачуванне, было асаблівае стаўленне. Іх адвялі ў іншы бок і паставілі да жалезнай агароджы. Астатнія стаялі каля цаглянай сцяны.

Пачаўся моцны ціск. Гэты супрацоўнік крычаў: «Што вы тут сабе дазваляеце? Я зараз пакажу, як трэба сябе весці». Усё з матам, агрэсіяй. Іншыя міліцыянты сталі кантраляваць працэс, каб мы не расслабляліся».

Сярод дзяўчат, якіх адправілі да жалезнай агароджы, была Яўгенія. Яе затрымалі на вуліцы Заслаўскай разам з сястрой. Яўгенія ўспамінае першыя гадзіны ў дворыку РУУС:

«Злева ад мяне стаяў чалавек, які сказаў, што працуе ў «Варгеймінгу» праграмістам. Я шапнула: танкі з народам. І гэта вельмі раззлавала аднаго супрацоўніка. Ён не прадстаўляўся, апазнавальных знакаў на ім не было, быў адзеты ва ўсё чорнае, але без балаклавы. Калі ён пачуў мае словы, тыкнуў у мяне пальцам: «Гэтая нейкая вельмі гаваркая, пастаўце яе на расцяжку».

Следам паставілі яшчэ адну жанчыну, якая спрабавала заступіцца за мяне. Пасля — тых, хто прасіў пашкадаць хлопца са зламанай нагой (размова пра Ягора Фатыхава. — НН). Вельмі хутка мы ўсе ўжо стаялі на расцяжцы. Патуранняў нікому не рабілі.

Я ў нейкі момант паспрабавала надзець пальчаткі, бо было вельмі холадна, пайшоў дождж. Да мяне зноў падышоў той супрацоўнік: «Ты што, не разумееш чалавечай інтанацыі?» Кажу: вы наогул хто, пакажыце свае дакументы, бо зараз вы падобны да бандыта. Гэта яго раззлавала, ён сцягнуў з мяне пальчаткі: «Будзеш так стаяць».

Людзей вязлі і вязлі. Праз некалькі гадзін у дворыку чакала каля 100 затрыманых. Сагрэцца на вуліцы было немагчыма.

«Каля мяне стаяў хлопец вельмі стомлены, калаціўся, рукі яго пачырванелі. У дзяўчыны побач змерзла нага, і яна пачала прытанцоўваць. Ёй зрабілі заўвагу: «Хопіць танчыць, прынцэса. Што, не можаш пастаяць?» Яна сказала: «Мне холадна». Тады да яе падышоў адзін з супрацоўнікаў: «Зараз пакажу табе, як стаяць». Жорстка прысунуў яе да сцяны, рукі падняў, трымаў галаву. Усе тады сціхлі», — апісвае Таццяна.

Яна прастаяла ў расцяжцы пяць з паловай гадзін. «Гэта было катаванне, адназначна».

Кіраўнік Савецкага РУУСа Сяргей Каліннік

«Супрацоўніца пачала скакаць на сцягу і пляваць на яго»

Затрыманых па чарзе выклікалі ў будынак аддзялення — апытваць і апісваць маёмасць. Унутры яны таксама мусілі стаяць тварам да сцяны, прысесці дазволілі толькі старэйшым жанчынам. Пасля ўсіх вярталі на вуліцу.

Падчас вопісу Яўгенія змагалася за свой сцяг з «Пагоняй», які выкінулі ў сметніцу.

«Кажу: вопіс падпісваць не буду, бо тут не хапае маёй рэчы. Жанчына, якая займалася гэтым, раззлавалася: «Вы бандэраўка, фашыстка! Я гэту анучу апісваць не буду, я яе забіраю». Кажу: добра, тады давайце афармляць акт канфіскацыі. На гэта яна пасярод падвала пачынае скакаць на сцягу, пляваць на яго. Выйшаў нейкі яе начальнік, прымусіў апісваць. Жанчына пазначыла: «ануча бел-чырвона-белага колеру з «Пагоняй». Гэта я таксама адмовілася падпісваць. Яна стала зноў істэрыць. Сышліся на тым, што напісалі «тканіна».

Яўгенію таксама вадзілі ў актавую залу, дзе здымалі на камеру інтэрв’ю. Міліцыянт пытаўся, чаму яна выходзіць, якія яшчэ формы пратэсту бачыць, ці будзе ўдзельнічаць у маршах і далей. На пытанне «які тэлеграм-канал падказвае, куды трэба ісці?» дзяўчына пажартавала: дастаткова рушыць за аўтазакамі.

Пасля РУУС: 19 жанчын у камеры на чатырох

З Савецкага РУУС жанчын даставілі ў Жодзіна. Двое сутак да суда яны правялі ў жудасных умовах. У камеры на чацвярых іх было восем. Двух’ярусныя ложкі стаялі без матрацаў.

«Раніцай нас пакармілі — далі аўсяную кашу і гарбату. Пакінулі таксама дзве буханкі хлебу. Наступны раз пакармілі толькі праз суткі», — дзеліцца Таццяна.

Пазней у камеру падсялілі яшчэ жанчын — іх стала 19. Сняданак — адна талерка на дваіх. Кабетам старэйшага ўзросту станавілася млосна — ім пагадзіліся прынесці таблеткі, якія засталіся ў асабістых рэчах.

«Мы спалі пад сталом, пад ложкам, у праходах, занялі усю прастору на падлозе. Падсцілалі курткі, клалі пад галаву красоўкі. Матрацы нам так і не далі. Увесь час абяцалі: сёння. А потым адзін з надзіральнікаў сказаў, што да суда не прынята. Мы зразумелі, што матрацаў не будзе, і вырашылі больш не прасіць і не прыніжацца».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(17)