Комментарии
Віктар Марціновіч, budzma.by

Гэта Беларусь, дзетка!

Я, у прынцыпе, паспеў сказаць пра тое, як люблю Гародню, адзначыць прыгажосць лесвіцы, што вядзе ад ракі да новага палаца. У зале сядзеў айцец Андрэй Крот, святар, дзякуючы гасціннасці якога я атрымаў магчымасць пагутарыць з чытачамі ў гэтым горадзе.

Сустрэча праходзіла ў грэка-каталіцкай парафіі — невялічкай царкве ў самым цэнтры культурнай сталіцы. Я трохі спалохана аглядаў іконы, харугвы, царкоўны посуд і думаў: вось жа якая экзотыка! У месцах служэння Госпаду нашаму я са сваёй пісанінай яшчэ не выступаў! 10 дзён таму чытанні ў межах франкфурцкага кніжнага кірмашу адбыліся ў Евангелісцкай акадэміі, але ж там была акадэмія, навучальная ўстанова, а тут — царква!

Цяпер ужо складана прыгадаць, што было першым: я спачатку пабачыў міліцэйскую фуражку і толькі потым пачуў вокліч «Что тут проісходіт?», ці наадварот, спачатку ўвайшло пытанне, а потым — фуражка. Міліцыянер прайшоў у пакой, указаў пальцам на мяне і сказаў: «У меня вопросы к этому мужчіне. Следуйте за мной». Наверсе мне адразу ж усё патлумачылі. Я — удзельнік несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Зараз будзем складаць пратакол.

Любы беларус на генетычным узроўні ведае, што за несанкцыяванае масавае мерапрыемства прадугледжаны грашовы штраф ці да 15 сутак арышту. У маёй кішэні ляжаў квіток у Вену, куды я павінны быў трапіць праз 3 дні і адкуль прыехаў на радзіму меней чым на тыдзень (прынамсі, думаў, што прыехаў). У Вене мяне чакала раскошная кватэра ў палацы-Jugendstil, уласны кабінет у венскім Інстытуце гуманітарных навук і недапісаная кніжка пра Шагала, на фіналізацыю якой у мяне па кантракце засталося два месяцы.

Сервантэс пісаў у турме, Далі сядзеў у турме, Міцкевіч у турме прыдумаў п’есу, якая цяпер ідзе ў беларускіх тэатрах, Дастаеўскага — дык таго ўлады наогул ледзь не грохнулі. Ты ў добрай кампаніі, суцяшаў я сябе.

«Образованіе»? — пытаўся міліцыянер. «Доктар навук», — адказаў я, адзначыўшы, як на секунду ягоная рука замерла, не прызвычаеная да таго, каб уносіць у пратакол навуковыя званні.

Першыя 10 хвілін я быў у ступары. Бо мяне ніколі не затрымлівалі — ні за «Параною», ні за «Сфагнум», ні за «Вырай». «Вырай» у 2011-м падаваўся настолькі вострым, што мы з калегамі з 34mag.net яго не выдавалі на паперы, але ж прэзентацыю зладзілі і ўсё гадалі: прыйдуць ці не? Не прыйшлі.

А тут фантастычны раман, легальная кніжка, дадатковы наклад, добры розгалас — і раптам такое. Я на аўтамаце адказваў на пытанні міліцыянера. Тупа адзначаў, што прыйшоў і прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, які таксама складаў нейкі пратакол.

«Кем і где работаете»?

«Пісьменнік я», — паціснуў плячыма.

«Ага, значыць безработный», — і ён сапраўды пачаў пісаць гэта ў пратаколе! І вось тут як сарвала!

Блін, у Мінску ў гэты ж дзень пісьменнікаў прымае прэзідэнт, у тым ліку кіраўніцтва Саюза, у які я ўваходжу, на найвышэйшым узроўні кажуцца добразычлівыя рэчы. А потым прыходзіць гарадзенскі маёр, для якога пісьменнік = беспрацоўны. Уільям Шэкспір, беспрацоўны. Леў Талстой, беспрацоўны. Іосіф Бродскі, беспрацоўны. Стаяначка! А вось гэтак жа яно і было! Нават не «беспрацоўны», а «тунеядзец»…

І тут я пачаў даваць тлумачэнні. Што культурная імпрэза ў памяшканні парафіі — не «масавае мерапрыемства». Што адбывалася мая сустрэча з чытачамі і што з чытачамі я сустракаюся другі год запар па ўсёй Беларусі. Што толькі ў панядзелак вярнуўся з Нямеччыны, дзе таксама сустракаўся з чытачамі, і ніхто згоды Ляйпцыгскага, Берлінскага ці Дрэздэнскага гарвыканкама не патрабаваў. «Вы разумееце, што вы робіце? — пытаўся я. — У дзень, калі прэзідэнт сустракаецца…» — ну і гэтак далей.

Мая прамова ўразіла прадстаўніка гарадзенскай міліцыі. Ён захістаўся.

«А згоду ў гарвыканкаме вы атрымалі»? — яшчэ раз запытаўся ён. Я патлумачыў, што для культурнай сустрэчы ў памяшканні згода не патрэбная. «А давайце мы зараз паклічам прадстаўніка гарвыканкама», — сказаў ён. Прадстаўнік гарвыканкама з’явіўся так хутка, нібыта сядзеў пад вокнамі ў машыне і чакаў, калі яго паклічуць.

Варта сказаць, што чыноўнік у сітуацыі разабраўся значна хутчэй за міліцыянера: пабачыў мяне, пабачыў кнігу з афіцыйнымі выходнымі дадзенымі, пачуў, што я кажу, і адразу ўдакладніў: да мяне — ніякіх прэтэнзій. Я наогул «пацярпелы». Як і ўсе астатнія, якіх 10 хвілін таму вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе. Проста нас запрасілі ў непрыстасаванае памяшканне, знаходзіцца ў ім небяспечна.

Прадстаўнік гарадзенскай ідэалогіі ветліва прапанаваў мне спусціцца да чытачоў і абвясціць ім, што мерапрыемства не адбудзецца, і ім варта разыходзіцца. «Дык хто прыняў рашэнне? — звярнуўся я да яго ціха, па-сяброўску. — Вы ці міліцыя?» Было бачна, што ён не ведае, што адказваць, а сітуацыя (у дзень, калі прэзідэнт сустракаецца… — ну і гэтак далей) выглядае так, што палітычную адказнасць на сябе браць не вельмі дальнабачна. «Рашэнне прыняла міліцыя, — патлумачыў ён. — Ад іх паступіў сігнал». Я паціснуў плячыма: а што ж тады міліцыя, калі яе паставілі ў тупік, кліча гарвыканкам?

Разгубленасць расла, і гэта добра адчувалася.

«Давайце тады зробім так. Рашэнне адмяніць імпрэзу — вашае, і вы пра яго абвесціце чытачам», — прапанаваў я мужчыну. Той, падумаўшы, пагадзіўся: так будзе лагічна. Мы спусціліся ўніз усе разам, ён зрабіў прамову, у якой паўтарыў усё, што тлумачыў наверсе: памяшканне непрыстасаванае, знаходзіцца ў ім небяспечна. Трэба разыходзіцца. «Дайце хоць 10 хвілін паслухаць пісьменніка», — звярнулася да чыноўніка вельмі інтэлігентная старая жанчына.

І вось тут адбыўся цуд. «Добра, — сказаў ідэолаг. — 10 хвілін у вас ёсць».

Зала патанула ў авацыях.

Тут выявілася, што 10 хвілін — гэта нават многа. Што ўсё патрэбнае пра кнігу можна сказаць за адну хвіліну. Раман “МОВА 墨瓦” ёсць у продажы і ў інтэрнэце, ідзіце і чытайце яго. Я буду размаўляць з вамі і пасля таго, як час, адпушчаны мне аддзелам ідэалогіі Гарадзенскага гарвыканкама, скончыцца, вы пачуеце мае словы са старонак маіх тэкстаў.

На гэтым весялосць скончылася. Айцец Андрэй Крот паспрабаваў падараваць нашым нечаканым гасцям жартаўлівыя закладачкі, якія цяпер ходзяць па Мінску: «Не чытай! Віні Пух вунь толькі еў, а які красівы!»

Я падпісаў гэтаму светламу і вясёламу чалавеку асобнік як майму «падзельніку».

Зараз яны будуць даваць прававую ацэнку таму, што адбылося, і тэарэтычна сітуацыя можа адгукнуцца адміністрацыйнай справай і перадачай матэрыялаў у суд. Тэарэтычна ўсе мы можам атрымаць свае 15 сутак турмы, тэарэтычна царкве могуць даць штраф за тое, што запрасіла пісьменніка сустрэцца з чытачамі.

Але як гэта будзе выглядаць?

І ці не варта фільтраваць абсурд? Каб ён не рабіўся нашым вялікім стылем, квінтэсенцыяй гэтага слова: Бе-ла-русь?

Я шчыра спадзяюся на літасць Бога і Гарадзенскага гарвыканкама!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)