Вікторыя Целяшук

Генадзь Коршунаў: «Галоўнае слова 2020-га з пазіцыі грамадзяніна – БЕЛАРУСЫ»

Бягучы год змяніў беларусаў, як ніводны з 26 папярэдніх. Цяпер, здаецца, самаму апалітычнаму чалавеку вядома, што 23.34 – гэта не час, а БЧБ – гэта пікет.

Пра тое, як трансфармавалася за гэты год беларускае грамадства, пра вытокі неверагоднасці і крыху пра асабістае «Салідарнасць» пагутарыла з Генадзем Коршунавым – экс-дырэктарам Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, незалежным сацыёлагам-аналітыкам, спецыялістам у галіне сацыяльнай структуры, працэсаў і інстытутаў.

Лічбы і іх тлумачэнні

– Паводле даследавання, якое праходзіла ў красавіку-маі, узровень даверу да Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску складаў усяго 24%. Ці памятаеце, як адрэагавалі ўлады на той момант?

– Інфармацыя выйшла не тое каб без дазволу, яна проста «пратачылася», і асноўнае пытанне было не да лічбаў, а да таго, адкуль наогул вытычка. Не ведаю, знайшлі ці не знайшлі крайніх, у інстытуце былі розныя разборкі, але мы давялі, што гэта не з інстытута, і акрамя роспытаў, нічога такога не было.

– Планавалася правесці яшчэ адно даследаванне, каб паглядзець лічбы ў дынаміцы. Атрымалася гэта зрабіць ці давялося адкласці па зразумелых прычынах?

– Прычыны насамрэч пачаліся яшчэ з вясны. Асноўнай перашкодай стаў кавід, які вельмі замінаў сацыялагічным даследаванням: з аднаго боку, і людзі не надта хацелі размаўляць з незнаёмымі, з другога – пасылаць інтэрв’юераў «у поле» не вельмі выпадала. Таму нармалёвага даследавання не было.

– Як на ваш погляд, калі б яно ўсё ж адбылося ўлетку і ўвосень, якімі былі б аналагічныя лічбы даверу пад канец года?

– Калі карыстацца навуковай метадалогіяй, у бягучых абставінах, якія склаліся ў Беларусі, нармалёвае класічнае сацыялагічнае даследаванне правесці амаль немагчыма. Таму што тэмпы сацыяльнай дынамкі проста неймаверныя, методыкі не паспяваюсь за зменамі сучаснасці.

Глядзіце, пра што я кажу: звычайна даследванне праходзіць колькі тыдняў, шэсць ці восем. Гэта значыць, што калі б праводзілі даследаванне ў лістападзе, збіраючы інфармацыю цягам прыкладна трох тыдняў, а зараз пісалі б справаздачу. Але Беларусь на пачатку лістапада, у сярэдзіне і напрыканцы ўжо была рознай, і звесці ў адно інфармацыю аб розных з’явах – як мінімум, некарэктна.

Можна рабіць апытанкі па тэлефоне і ў інтэрнэце, якія робяцца вельмі хутка, цягам аднаго тыдня – тады яшчэ неяк прымальна. Акрамя пытання часу, ёсць і другі бок: існуючыя шкалы, тэрміналогія, самі словы, якія мы задавалі людзям – іх трэба пераглядаць, пераасэнсоўваць наноў нават тыя каштоўнасныя рэчы, якія раней падаваліся зразумелымі самі сабой.

Прыклад: калі запытацца, «што такое патрыятызм», ці «наколькі патрыятычным чалавекам вы сябе лічыце», – пад гэтым словам кожны будзе разумець настолькі сваё, што звесці гэтыя сэнсы ў нейкую адну прастору складана і не вельмі правільна.

Таму, калі ўсё нарэшце скончыцца, трэба праводзіць цэлы шэраг грунтоўных навуковых даследаванняў, каб зразумець сэнсы, што будуць стаяць за агульнаўжыванымі словамі. Бо сёння рознавектарнасць – і каштоўнасная, і сэнсавая – проста неймаверная. Нават тое, што адбываецца проста зараз: як гэта правільна назваць – ці то бунт, ці то рэвалюцыя, паўстанне, мяцеж – што?

Мала таго, што ўсё адбываецца вельмі імкліва, так яшчэ кожны з нас не да канца разумее сэнсаў таго, што адбываецца, таму распытваць людзей можна толькі пра нешта вельмі канкрэтнае і ў вельмі абмежаваны прамежак часу.

«Самасць» як пачатак усяго

– Калі дазволіце, крыху асабістае пытанне. Адна справа, калі ў сённяшніх рэаліях сыходзіць з дзяржструктуры чалавек з вопытам, прафесіянал, які так ці інакш не прападзе. Іншая справа – моладзь. Як вы паставіліся, калі ваша дачка Арына напісала заяву на адлічэнне з 4 курса БДУ?

– Яна дарослы, самастойны чалавек. Мы з жонкай ганарымся сваёй дачкой і заўжды стараемся падтрымаць, чым можам. У нашай сям’і не прынята ціснуць адзін на аднаго – мы абмяркоўваем праблемы і разважаем разам. Арына не тое каб параілася, але сказала аб сваім рашэнні і чакала нашай рэакцыі – канешне, мы яе падтрымалі.

– У сваю чаргу, як родныя і сваякі ўспрынялі непрацяг з вамі кантракту? У многіх беларускіх сем’ях, на жаль, зараз канфлікт пакаленняў узмацініўся канфліктам ідэалогій – «цярпі і не лезь» супраць «хопіць баяцца» правакуюць сапраўдныя драмы…

– Я таксама ведаю такія выпадкі, і мне вельмі шкада тых людзей, якія ў іх апынуліся, прычым шкада людзей з абодвух бакоў. Але я лічу, што перадусім павінна стаяць сумленне. Трэба адказваць перш за ўсё перад самім сабой, і бацькі менавіта так мяне выхоўвалі. Зразумела, і тата, і маці вельмі хвалююцца, мо ўнутрана і не вельмі падтрымліваюць, але заўжды, калі стэлефаноўваемся, яны цікавяцца, як справы, вераць у мяне і ў нашу сям’ю, у тое, што ўсё будзе добра.

– Цягам доўгага часу большасць беларусаў была досыць абыякавай у грамадска-палітычным жыцці. Сёлета тактыка ўладаў падчас каранавірусу, арышт актыўных кандыдатаў у прэзідэнты, хваля гвалту пасля выбараў многіх раззлавалі, але гэта ўсё ж «дэтанатары» – а што, на вашу думку, стала «выбухоўкай»? Чым абумоўленая такая моцная хваля грамадзянскай актыўнасці?

– Гэта шыкоўнае пытанне, якому будзе прысвечана яшчэ мноства навуковых захадаў, даследаванняў і г.д. Але ёсць у мяне такая тэорыя, якую можна абмаляваць на ўзроўні буйных тэндэнцый. Склаўся цэлы шэраг фактараў.

Па-першае – паскарэнне сацыяльнай дынамікі, выкліканае навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, дыгіталізацыяй ва ўсім свеце. Узровень чалавечага капіталу дазваляе беларусам уключацца ў сусветныя працэсы даволі моцна і шырока – гэтаму спрыяе і ўзровень адукацыі, і навукова-тэхнічны досвед нашага грамадства, развіццё інфраструктуры, досвед працы за мяжой…

Гэта прыводзіць да таго, што апеляцыі да савецкага часу, нават да 90-х гадоў, ужо не працуюць – людзі жывуць у іншым, сучасным свеце. На гэта накладаецца змена пакаленняў, і я маю на ўвазе не толькі ўзрост, але і схемы працы, побыту, арганізацыі свайго жыцця, матывацыі.

За апошнія 30 гадоў адбылося некалькі рэчаў, прынцыповых на ўзроўні паўсядзённасці. Сярод гэтых рэчаў – развал Савецкага Саюза, з’яўленне камп’ютараў і іх укараненне ў кожнай сям’і, з’яўленне і пашырэнне інтэрнету, які кардынальным чынам змяніў камунікатыўныя практыкі, інфармацыйную прастору, структуру вольнага часу, а цяпер ужо і механіку, мадэлі працоўнай дзейнасці; нарэшце, з’яўленне смартфонаў, якія злучылі ў сабе камп’ютар і інтэрнет і якія сёння ёсць амаль у кожнага чалавека штохвіліну.

Таму вылучылася асобная, вельмі вялікая прастора, якая для многіх людзей ўдваяе сацыяльнае быццё, а часам становіцца больш важнай, чым жыццё афлайн.

У афлайне мы шмат залежым ад іншых – ад суседзяў, начальства, галоўурача паліклінікі, дырэктара школы, і значна менш магчымасцяў праявіць сваю суб’ектнасць, свае жаданні і каштоўнасці, быць сабой.  У лічбавай прасторы зусім іншыя законы і каштоўнасці: чалавек – суб’ект, які сам мусіць развіваць свае кампетэнцыі, сам нясе адказнасць за зробленае і незробленае.

Што найбольш прынцыпова, з-за гэтага змяняецца не толькі мадэль паўсядзённасці, але і працоўныя практыкі. На пачатку гэтага года для мяне было вялікай навіной, што больш за палову валавага прадукту Беларусі робіцца прыватным сектарам, дзе занята звыш 50% насельніцтва. Я быў шакаваны, бо мы ж прывыклі лічыць, што ў нас усё дзяржаўнае, а насамрэч не. І калі казаць пра ролю прыватнага сектару, гэта людзі, якія не атрымоўваюць грошы, а зарабляюць – і за гэтым простым сказам вельмі шмат чаго стаіць…

Такім чынам, пералічым наноў: лічбафікацыя, змена пакаленняў, дэвальвацыя савецкага досьведу, нарастанне прыватнага сектару. Напэўна, мы мусілі б яшчэ што-небудзь дабавіць, але, на мой погляд, гэта галоўныя чыннікі вялікіх трансфармацый у грамадстве, што пачаліся яшчэ да 2020 году.

БЕЛАРУСЫ. З усіх вялікіх

– Мы не першы месяц чуем рыторыку: пратэсты здзімаюцца, каляровыя рэвалюцыі не прайшлі. Вы раней ужо казалі, што спробы нацягнуць чужыя сцэнарыі на Беларусь – лукавая казуістыка, и што беларускія пратэсты ідуць «мірна і разумна, мы сцвярджаем сябе і перасцвярджаем дзяржаву». Калі гаварыць пра пратэстны рух сёння, на што вы першым чынам звярнулі б увагу?

– Паколькі ўсё развіваецца дастаткова хутка, адказаць канкрэтна вельмі цяжка, але давайце паспрабуем. У чым адрозненне ад каляровых рэвалюцый? Фактычна, яны ставілі мэтай просту змену першай асобы, там быў арганізацыйны пачатак, было кіраванне.

У нас, наколькі я магу меркаваць, наколькі бачу і чытаю, сітуацыя не такая. Кіравання няма, пратэсты дэцэнтралізаваныя, і гэта шыкоўна. Калі дзесьці ўзнікаюць заклікі рабіць так і гэтак, але людзям гэта не падабаецца, яны не прыслухоўваюцца і робяць тое, што вырашаюць самі.

Гэтая самаарганізацыя пачалася не ў жніўні, а яшчэ на пачатку эпохі кавіду, калі мы ўбачылі з вялікім здзіўленнем, што беларусы могуць аб’яднацца, зарганізавацца і паспяхова вырашаць пытанні – не нейкія дробныя, а пытанні выжывання. Дзякуючы гэтай самаарганізацыі людзі адчулі ўласную моц, пачалі дзейнічаць розныя калабарацыі, дабрачынныя ініцыятывы, валанцёры і гэтак далей.

Яшчэ на перыяд першай хвалі кавіду з’явілася сістэма – я называю яе «гарызантальная сацыяльнасць», у якой людзі пачалі самі эфектыўна вырашаць шмат якіх пытанняў, і на ўзроўні лакальным, і на ўзроўні гораду, і ўсёй дзяржавы. Таксама значная рэч, якой не чакалася – вялікі ўплыў і дапамога ад нашых беларускіх дыяспар за мяжой.

– Мабыць, у першую хвалю кавіду мы ўпершыню адчулі, як нас многа і як «усе за аднаго»…

– Фактычна многія адмыслоўцы, з якімі я зараз размаўляю, кажуць аб тым, што адбылося самаасэнсаванне нацыі. Раней усе казалі, што беларусы ёсць, вось яны мы – але ведаць і асэнсоўваць, адчуваць – розныя рэчы. Проста ведаць нешта – рэч даволі абстрактная, а адчуваць і кіравацца гэтым адчуваннем у сваім жыцці – гэта вельмі значная штука. З абстрактнай канструкцыі беларусы сталі фактам быцця, яны сталі быць беларусамі, жыць беларусамі і, што важна, ганарыцца сабой.

Да таго можна было казаць аб віктымнай прыродзе беларусамі. У дамінуючым дыскурсе заўсёды гучала, што беларусы больш за ўсіх пацярпелі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, пасля па нас ударыў Чарнобыль, развал Саюзу, і мы ўсё цярпелі, цярпелі… А тут – бац! І аказалася, што наш народ – неймаверны. Гэты панятак не выпадкова так «стрэліў», людзі адчулі сябе нацыяй і адчулі гонар ад прыналежнасці да яе.

…Але вернемся да гарызантальнай супольнасці. Калі стартавала электаральная кампанія, гэтая гарызантальная сацыяльнасць, дзе быў назапашаны патэнцыял самарэалізацыі, справакавала, выпіхнула з сябе цэлы шэраг кандыдатаў у прэзідэнты, хто мог бы вызначыць яе інтарэсы.

Улада, якая да таго дыстанцыявалася ад цэлага шэрагу пытанняў і праблем, нібы казала: «рабіце самі», – і гарызанталь пачала рабіць. Вертыкаль адчула ў гэтым пагрозу для сябе і пачала прэвентыўна, як ёй здавалася, але насамрэч запозна, рэагаваць. І выйшла толькі на адзін метад – гэта гвалт, якога станавілася ўсё больш і больш, да жнівеньскага параксізму, які немагчыма было сабе ўявіць…

Пасля таго пайшлі зусім іншыя працэсы, якія абагульнена мы называем пратэстамі – калі тысячы  і сотні тысяч людзей масава пачалі выходзіць на вуліцы, і выходзяць па сёння. Гэтага таксама ніхто не чакаў і не ўяўляў сабе. Але жнівеньскія падзеі сталіся агромністай экзістэнцыяльнай траўмай, якую ў сучаснай лічбавай прасторы кожны мог перакласці на сябе, на сваю каханую жанчыну ці на сваё дзіця.

Людзі бачылі і зараз бачаць усё гэта не тое што ў смартфонах, а проста праз вокны, на вуліцы. Як з гэтым жыць, не ўкладваецца ў галаву, гэта выбух мозгу. І шэсці па нядзелях, у іншыя дні дазвалялі выказаць не толькі пратэст як пратэст, але ўсвядоміць, што ты не адзін перажываеш падобнае, такіх людзей шмат – і гэта стала велізарнай тэрапіяй.

Другі момант, на які варта звярнуць увагу – што пратэсты ідуць на вялікай прасторы і на розных узроўнях. Пачынаючы з індывідуальных, калі чалавек не можа нічога не рабіць, бо адчувае  велізарную трагедыю ці перажывае разбурэнне карціны свету, з якой, магчыма, ён жыў усё жыццё. Мо, дзікаватая алюзія, але ўявіце: у чалавека паламалі палову дома, і сказалі – хутка зламаем усё астатняе, і вокны і дзверы. І як жыць у такім разламаным свеце, калі ў цябе дзеці, калі трэба зарабляць грошы?! А жыць трэба, і значыць, трэба нешта рабіць.

Далей – калектыўны ўзровень, у тым ліку дваравы, гэта ўзаемная падтрымка, хваля пачуццяў яднання. 100% гэта будзе развівацца далей, магчыма, як новае мясцовае самакіраванне.

Далей – узровень арганізацый і карпаратыўных супольнасцяў, мы бачылі вялізную колькасць калектыўных зваротаў з асуджэннем гвалту. Я спачатку, прызнаюся, недаацэньваў гэты ўзровень – ну што зменіць калектыўны ліст? Але зараз бачу, што гэта быў толькі першы крок: адзін зварот, другі зварот – з’яўляўся карпаратыўны дух: супольнасць навукоўцаў, якія аднымі з першых склалі ліст супраць гвалту, супольнасць медыкаў, шахцёраў, спартсменаў, студэнтаў… Такія лісты – магчымасць выйсці, хай і на лічбавую пляцоўку, стаць поплеч і сказаць: «Хлопцы, я з вамі, я супраць гвалту».

А калі ўзнікла повязь, пачынаецца рух далей – фонды ўзаемадапамогі, новыя формы падтрымкі адзін аднаго – я спадзяюся, гэта вырасце ў альтэрнатыву прафсаюзам, больш мабільную і больш эфектыўную… Не магу ўсведаміць пакуль, як гэта будзе развівацца далей, але тое, што развіццё будзе – адназначна, пытанне толькі ў формах і тэмпах.

Як мне бачыцца, зараз у Беларусі выбудоўваецца новы тып дзяржавы і новы тып дзяржаўнасці. Усё ўжо ёсць, толькі не запрацавала ва ўсю моц – гэта ж «хлопотное дельце». І тое, што ўсё гэта было зроблена менш чым за год – насамрэч фенаменальна.

– Вы апошнім часам выкладваеце ў Фэйсбуку гласарый для «Слоўніка Беларусі 2020». Ужо далі азначэнне такім з’явам, як арт-пратэст і аграхунта, у каментарах прапанавалі яшчэ шмат актуальных паняццяў. Якія неалагізімы 2020-га асабіста вас найбольш уразілі, што можна назваць «словам года»?

– Быць аналітыкам і грамаддзянінам адразу – вельмі… клопатная справа. (Смяецца). Зрабіць слоўнік аднаму амаль немагчыма, і я буду размаўляць з калегамі, каб супольна яго скласці і зрабіць не тое каб сухім, акадэмічным, хутчэй на ўзроўні постмадэрну – але ўсё ж навуковым.

Таму адкажу на ваша пытанне як навуковец. Для мяне галоўным адкрыццём года была гарызантальная сацыяльнасць. Я вынайшаў гэты канцэпт, калі спрабаваў зразумець, што наогул адбываецца, і для мяне ён – галоўнае вынаходніцтва году. А калі казаць пра галоўнае слова 2020-га з пазіцыі грамадзяніна, я б вялікімі літарамі напісаў у тэксце слова БЕЛАРУСЫ.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:48)