Общество
Алла Ксёнжык, фота belngo.info

Галоўныя героі і антыгероі года для грамадзянскай супольнасці Беларусі

У Мінску ўпершыню прайшла нефармальная цырымонія ўзнагароджання «Грамадзянская супольнасць-2009». У галерэі «Ў» прадстаўнікі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў (НДА) адзначылі выбітных актывістаў года. Антыгероем года адзінадушна быў прызнаны Мін'юст, які стаў пераможцам намінацыі «Нерэгістрацыя года».

Арганізатары мерапрыемства плануюць ладзіць цырымонію ўганаравання

найбольш актыўных дзеячаў грамадзкага сектара штогод. На гэты раз лаўрэатаў абірала працоўная група з 38 чалавек. Як паведаміла «Салідарнасці» кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец, першая імпрэза прайшла ў галерэі амаль у сямейных абставінах. Павіншаваць адзначаных актывістаў сабралося каля 25 чалавек.

— Мы вырашылі, што ў наступным годзе гэтае мерапрыемства будзе больш масштабным. Мы лепей падрыхтуемся і зробім сімвалічныя статуэткі, — сказала суразмоўца.

Як паведамляе прэсавая служба Асамблеі НДА, сярод лаўрэатаў апынуліся БХК, праваабарончы цэнтар «Вясна», прадстаўнікі суполкі «ЖЖ’істы — Кобрынскаму дзіцячаму дому»… Антыгероем году адзінадушна прызнаны Мін'юст, які стаў пераможцам намінацыі «Нерэгістрацыя году».

ПАЗІТЫЎНЫЯ НАМІНАЦЫІ

«Грамадзянская кампанія-2009» — супольная ініцыятыва «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» (дыплом атрымалі прадстаўнік «Вясны» Валянцін Стэфановіч, старшыня БХК Алег Гулак, каардынатар ініцыятывы Ірына Тоўсцік).

«Рэгіянальная падзея-2009» — Форум Асамблеі НДА Магілёўскай вобласці (сабраў пад адным дахам больш за 80 актывістаў дэмакратычных аб’яднанняў Магілёўшчыны).

«Крэатыў году» — падпольныя Дзяды Марозы і Снягуркі, якія дамагаюцца адмены артыкула 193.1 КК РБ.

«За дзейсную дабрыню» — група ініцыятыўных блогераў, якія самаарганізаваліся дзеля дапамогі дзіцячаму дому.

«За чалавечнае стаўленне да жывёлаў» — Кампанія ў абарону бяздомных жывёл, якая ладзіцца цэлым шэрагам арганізацый і асоб (грамадзкімі аб'яднаннямі «Эгіда» і «Ратаванне», «Абаронім жыццё», «Заасвет», былымі валянтэрамі «Фаўна гораду», «Ініцыятыва», «Беларуская музычная альтэрнатыва» ды іншыя).

«Найбольш абсурдная адмова году» — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама (чыноўнікі адмовілі ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі «Залаты леў», таму што «ў тэксце статута арганізацыі адсутнічае расшыфроўка назвы «Залаты леў».

Як адзначыла вядучая імпрэзы Алёна Валынец, «у слонімскім упраўленні юстыцыі, відаць, ніколі не бачылі гербу свайго гораду, дзе залаты леў прысутнічае буйным планам!» Дыплом будзе дастаўлены на суд 29 снежня, дзе прадстаўнікі гэтай арганізацыі аспрэчуць пастанову чыноўнікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)