Фрыдман: «Лукашэнка дасягнуў прыгожых, на яго думку, фотаздымкаў разам з Сі»

Палітычны аглядальнік і гісторык – пра тое, як глядзіць на Беларусь краіна, якая, па словах Лукашэнкі, мусіць «падставіць яму плячо».

– У ШАС ўдзельнічаюць сур’ёзныя краіны і вялікія эканомікі. Перш за ўсё гаворка ідзе пра Кітай і пра Індыю, але таксама там ёсць і Пакістан, даволі важная краіна хаця б таму, што яна валодае ядзернай зброяй. Турцыя таксама жадае далучыцца да ШАС, Казахстан удзельнічае ў арганізацыі, таму з эканамічнага і палітычнага пункту гледжання – гэта важны крок для Беларусі, – тлумачыць логіку далучэння Беларусі да ШАС Аляксандр Фрыдман у эфіры «Е*рарыдыё».

Аляксандр Фрыдман

– Да таго ж, з палітычнага пункту гледжання, гэта яшчэ і імкненне Лукашэнкі, і гэта было відавочна падчас ягоных сустрэчаў, пазбавіцца ад татальнай залежнасці ад Масквы, – мяркуе эксперт.

– Яму трэба было падкрэсліць, што ў яго добрыя адносіны з Кітаем, што яны таксама будуць пашырацца, што Кітай знаходзіцца на ягоным баку – і вось гэта было ягонай мэтай.

Таму, на думку Фрыдмана, Лукашэнка зрабіў усё, каб спадабацца кітайскаму боку.

– Гэта паказвае, што Лукашэнка ў сённяшняй палітычнай сітуацыі, разумеючы ўсе складанасці Масквы, таксама разумее, што Украіна сапраўды можа перамагчы, і ў перамозе Украіны нічога добрага для яго няма. Таму яму трэба шукаць нейкую новую падтрымку, перш за ўсё, з боку Кітая.

І такім чынам, мне падаецца, лукашэнкаўская Беларусь імкнецца ісці ў ШАС, каб быць бліжэй да Кітая.

Разважаючы пра тое, ці зменяць адносіны з Кітаем складаную сітуацыю, у якой апынулася Беларусь пасля 2020-га і лютага 2022-га, Аляксандр Фрыдман заўважае, што Кітай праводзіць палітыку такім чынам, што прызнанні любві, у якіх Лукашэнка сапраўдны майстар, не спрацуюць.

– Мы памятаем адносіны з Расіяй і субсідыі ў абмен на пацалункі з Ельцыным і Пуціным, але ж з кітайцамі гэтыя эмоцыі не спрацуюць, нават калі Лукашэнка выйдзе з кітайскім сцягам.

Кітайцы не праводзяць эмацыянальную або каштоўнасную знешнюю палітыку – яны праводзяць знешнюю палітыку прагматычную.

– Кітай, – гаворыць эксперт, – сапраўды разглядаў Беларусь як трамплін для прасоўвання ў Еўропу і перш за ўсё імкнуўся выкарыстаць спрыяльнае геаграфічнае становішча нашай краіны. І дарэчы, гэта не адзіная дзяржава Еўропы, дзе працуюць кітайцы, бо тое ж самае яны робяць ў Венгрыі, і нічога незвычайнага ў кітайскай палітыцы няма. Таму, калі глядзець на сітуацыю апошніх месяцаў і зыходзіць з эканамічных інтарэсаў Кітая, то тут усё складана.

– Таму, – задаецца пытаннем Аляксандр Фрыдман, – чаго ж Лукашэнка сёння дасягнуў? Ён дасягнуў прыгожых, з яго пункту гледжання і з пункту гледжання спадарыні Эйсмант, фотаздымкаў, якія яны паказалі разам з Сі. І таксама дасягнуў рыторыкі пра тое, што Кітай пра нас не забыўся, што Кітай з намі, і ўлюбёнай фармулёўкі кіраўніка Беларусі пра тое, што «Кітай, калі што, падставіць плячо».

Але ж гэта ўсё рыторыка, бо на практыцы Кітаю не падабаецца, што, з эканамічнага пункту гледжання, Беларусь для Кітая страціла цікавасць, бо яна знаходзіцца ў складанай сітуацыі пад санкцыямі.

Таму зараз ніякіх дасягненняў і ніякай відавочнай палітычнай падтрымкі з боку Кітая няма.

А на постсавецкай прасторы Кітай паводзіць сябе асцярожна, але ўпэўнена. Усе радыкальныя крокі – гэта не кітайская знешняя палітыка. У кітайскіх кіраўнікоў ёсць такая рыса, якая, з палітычнага пункту гледжання, ім вельмі дапамагае: яны ўмеюць чакаць, і яны праводзяць сваю палітыку без якіх-небудзь знешніх эмоцый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)