Филин

Юлія Кот

Франак Вячорка: «Гэта была б аплявуха ўсім тым, хто сядзіць зараз у турмах»

Дарадца Святланы Ціханоўскай — пра тое, які сэнс у запрашэнні паслоў Беларусі і Расеі на цырымонію Нобелеўскай прэміі міру.

Усяго за некалькі дзён Фонд Нобеля паспеў запрасіць паслоў Расіі, Беларусі і Ірана на традыцыйны банкет з нагоды ўручэння прэміі ў Стакгольме, потым, пасля рэзкай крытыкі з боку міжнароднай супольнасці і шведскіх палітыкаў, адмяніць гэтае запрашэнне. Але пры тым запрашэнне на цырымонію Нобелеўскай прэміі міру ў Осла 10 снежня застаецца ў сіле.

«У нарвежскага Нобелеўскага камітэту ёсць 70-гадовая традыцыя запрашаць усіх замежных паслоў у Осла на цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі міру 10 снежня. Камітэт жадае, каб урады кожнай краіны, афіцыйна прадстаўленай у Нарвегіі, мелі магчымасць удзельнічаць у цырымоніі ўзнагароджання і пачуць важныя пасланні лаўрэатаў прэміі.

Гэта адносіцца не ў апошнюю чаргу і да краін з аўтарытарным рэжымам, якія вядуць вайну з іншымі краінамі альбо з уласным насельніцтвам,  супраць чаго выступаюць нашыя лаўрэаты прэміі міру», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы нарвежскага Нобелеўскага камітэту.

Аднак такое тлумачэнне выклікае збянтэжанасць і нават абурэнне — беларусы не забываюцца, што леташні лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі, атрымаўшы ад «міралюбных» беларускіх уладаў 10 год зняволення па сфабрыкаванай справе, па сутнасці, акурат за сваю праваабарончую дзейнасць.

Дый наогул які сімвалічны і практычны сэнс можа быць у тым, каб запрасіць на цырымонію прэміі міру афіцыйных прадстаўнікоў краін-суагрэсараў?

— Мы вітаем рашэнне шведскага Нобелеўскага камітэту, — зазначыў у каментары Филину галоўны палітычны дарадца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — На цырымоніі не павінна быць паслоў ні Расіі, ні Лукашэнкі, таму вельмі добра, што яны далі заднюю і вырашылі іх не запрашаць, гэтаксама як і летась.

Бо гэта быў бы вельмі дрэнны сігнал беларускім дэмакратычным сілам, беларускаму народу і палітвязням, у тым ліку Алесю Бяляцкаму.

Але трэба адзначыць, што нарвежскі камітэт ніколі не запрашаў беларускага пасла — таму што ў Нарвегіі няма рэзідэнта-амбасадара, Нарвегію абслугоўвае амбасадар Зміцер Мірончык (былы прэс-сакратар беларускага МЗС, ад 2018 года прызначаны паслом РБ у Швецыі, а па сумяшчальніцтве і ў Нарвегіі, — Ф.), які знаходзіцца ў Стакгольме. І як правіла, з іншых краін паслоў не запрашаюць.

Таму пытанне пра запрашэнне пасла Беларусі на цырымонію прэміі міру ў Осла нават не стаіць. І было б вельмі дзіўна, калі б гэта запрашэнне зараз паступіла адмыслова паслу Лукашэнкі, каб ён прыехаў на гэту цырымонію. Таму мы зыходзім з таго, што гэтага запрашэння не будзе — пры гэтым не выключаючы патрабавання, каб не было таксама і пасла Расеі, як гэта адбылося і летась.

Паводле словаў дарадцы Ціханоўскай, беларускія дэмсілы знаходзяцца цяпер у камунікацыі з Нарвегіяй, як уладамі, так і Нобелеўскага камітэту, і накіруюць запыт, каб праясніць сітуацыю.

— Але, хутчэй за ўсё, паводле цяперашняй інфармацыі, пасла Лукашэнкі там не будзе, — дадае Франак Вячорка.

Наогул, у запрашэнні на Нобелеўскую цырымонію ёсць вельмі вялікі палітычны сімвалізм. Няўдзел у ёй згаданых амбасадараў — гэта ўдар па легітымнасці Лукашэнкі.

Так, вядома, гэта не палітычны форум ці высокаўзроўневая канферэнцыя, — але гэта галоўная прэмія планеты. І калі там з’яўляюцца прадстаўнікі аўтарытарных рэжымаў, яны не зараджаюцца ідэямі правоў чалавека і міру — наадварот, яны выкарыстоўваюць гэту пляцоўку як трыбуну для прапаганды вайны, для распаўсюджвання нянавісці, для апраўдання парушэння правоў чалавека.

Кожная іх прысутнасць атручвае міжнародную дэмакратычную супольнасць. Таму гэта была б аплявуха ўсім тым, хто сядзіць зараз у турмах, пакутуе, як Алесь Бяляцкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)