Общество
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

Францыск Скарына — Імя Беларусі

Асобны раздзел апытання, праведзенага лабараторыяй аксіяметрычных даследаванняў «Новак», прысвечаны нацыянальным каштоўнасцям беларусаў. Апытаныя называлі самага вядомага гістарычнага дзеяча, найвыбітнейшы архітэктурны помнік і літаратурны твор і — урэшце — сімвал краіны.

Купала адстае ад Коласа

Апытаныя паспрабавалі скончыць сказ «Калі беларускі пісьменнік, то гэта… » У лідэрах апынуліся песняры – Якуб Колас і Янка Купала.

У спаборніцтве класікаў перамог Колас (29,1%). У Купалы трошкі менш – 27,2%.

За імі ў рэйтынгу вядомасці ідуць празаікі Васіль Быкаў (8,7%), Іван Шамякін (4,0%) і Уладзімір Караткевіч (3,8%). Івана Мележа памятаюць не вельмі добра (3,0%), але ён – аўтар самага вядомага твору (глядзі наступны рэйтынг). Пасля празаікаў прыходзіць час узгадаць паэтаў – Максіма Танка (2,7%) і Максіма Багдановіча (2,2%). Завяршаюць спіс палескі рабінзон Янка Маўр (0,9%) і адзіны названы аўтар XIX стагоддзя Францішак Багушэвіч (0,9%). Сярод жывых літаратараў народнай папулярнасці не здабыў ніхто.

Самы вядомы верш – гімн

Калі ж рэспандэнты паспрабавалі назваць самы значны літаратурны твор беларускага аўтара, то нарэшце ўзгадалі Мележа. Ягоных «Людзей на балоце» назвалі 18,4% апытаных. Творчасць Якуба Коласа – «Новая зямля» і «На ростанях» – заняла другое і трэцяе месца, набраўшы 9,3% і 5,0% галасоў адпаведна.

Далей ідуць «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага і творы Васіля Быкава (па 2,3%). Караткевічавыя «Каласы пад сярпом тваім» і Купала «Паўлінка» набралі 1,7% і 1,6% галасоў адпаведна. А вось самым вядомым вершам аказаўся… гімн Беларусі. Твор Клімковіча і Карызны заняў пачэснае дзесятае месца (1,1%)

Лукашэнка не дацягвае да Скарыны і Машэрава

Наступнае пытанне датычылася самых вядомых беларускіх гістарычных дзеячаў. Своеасаблівы конкурс «Імя Беларусі» выйграў Францыск Скарына. Яго назваў кожны чацвёрты (25,5%). Яшчэ адзін «чалавек-праспект» Пётр Машэраў трымаецца на другім месцы (12,0%).

Кастусь Каліноўскі і Ефрасіння Полацкая набралі 4,4% і 3,6% адпаведна і апярэдзілі Аляксандра Лукашэнку (3,6%). Больш за працэнт набралі яшчэ Тадэвуш Касцюшка і Леў Сапега.

Калі ж рэспандэнтам прапанавалі адказваць, ці ведаюць яны таго ці іншага чалавека з 22 прапанаваных, высветлілася, што Францішка Скарыну і Ефрасінню Полацкую ведае амаль кожны (па 95%). Пазнавальнасць Каліноўскага (84,2%) і Касцюшкі (77,2%) меншая.

Мір, Мінск, Брэст

Самы вядомы архітэктурны помнік краіны – Мірскі замак. Яго назвалі 17,0%. Другое месца займае Брэсцкая крэпасць – 9,9% галасоў. У Нацыянальнай бібліятэкі бронзавы медаль (5,8%). Нясвіжскі палац і Сафійскі сабор маюць 5,0% і 4,6% адпаведна.

Няпраўда, што Мінску не хапае архітэктурных помнікаў! Калі аб’яднаць рэйтынг ўсіх названых сталічных славутых мясцінаў (а гэта і плошча Перамогі, і Траецкае прадмесце, і курган Славы), то Мінск набярэ ажно 13,5% галасоў.

А вось Горадня, якая лічыцца самым прыгожым беларускім горадам, ніводны свой помнік уключыць у спіс самых важных, надзіва, не здолела.

Зубр і бусел супраць сцяга і герба

Відаць, людзі ўжо прызвычаіліся да дзяржаўнай атрыбутыкі і атаясамліваюць яе з нацыянальнымі сімваламі. Герб (22,2%), сцяг (20,7%) і гімн (2,9%) агулам сабралі ледзь не палову галасоў апытаных. Канкурэнцыя ім спрабуюць скласці зубр (10,9%), бусел (6,5%), бульба (3,8%) і валошка (2,6%). Пасля згадваецца і герб «Пагоня» (2,2%).

Апытанне сацыялагічная лабараторыя «Новак» правяла ў кааперацыі з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў пры падтрымцы ўсюдыіснай кампаніі «Будзьма».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)