Філіпенка: «Калі ты хочаш паўплываць на беларусаў, падаецца вельмі важным рабіць партызанскія крокі»

Пісьменнік — пра тое, як беларускім эмігрантам дагрукацца да тых, хто ў краіне.

У эфіры Еўрарадыё Саша Філіпенка выказаўся наконт таго, што, па яго меркаванні, варта рабіць пісьменнікам, якіх забаранілі ў Беларусі.

— Што ты робіш, каб твае кнігі ўсё ж такі былі ў Беларусі? Таму што калі ты хочаш паўплываць на беларусаў, падаецца вельмі важным рабіць партызанскія крокі, каб твая кніга была ў краіне. Я намагаюся гэта рабіць, — адзначае пісьманнік.

Саша Філіпенка. Фота: скрын з ютуб-канала «Еўрарадыё»

Гэта нармальна, калі вы пішаце пра тое, што ў вас баліць зараз. Вы не павінны пісаць пра тое, што баліць у іншых. Пісьменнік увогуле нічога нікому не павінен, ён можа пісаць тое, што хоча.

Ёсць пісьменнікі ўнутры Беларусі, якія цяпер не могуць агучваць сваю пазіцыю, але яны могуць пісаць кнігі, якія будуць выдадзеныя праз дзесяць год, і мы даведаемся, што яны адчувалі ў гэты час. Мне здаецца, што вельмі важна, каб кожны чалавек зараз вёў па жаданні і магчымасці асабісты дзённік. Бо калі пішаш, напрыклад, пра 1940-50-я шмат можаш знайсці дакументаў у архівах, але дзённікі могуць казаць нашмат больш.

Табе неабавязкова кожны дзень нешта друкаваць у фэйсбуку ці ў твітары, проста можаш пісаць штосьці для сябе, каб праз нейкі час гэта прачыталі твае дзеці, родныя.

Пісьменнік кажа, што ўвесь час нашу рэальнасць параўноўваюць са сталінскім часам, але, на яго думку, варта яго параўноўваць з фашысцкай Германіяй.

— Ці здолелі немцы зрабіць штосьці з Гітлерам? Бачылі, што немцы нічога не зрабілі. І нават калі скончылася вайна, амерыканскія сацыёлагі сталі размаўляць з немцамі пра гэта. Першыя дзесяць год яны ўвогуле нічога пра гэта ўсё не думалі, казалі, што, калі б мы перамаглі, то цяпер не трэба было б разбірацца так. Потым яшчэ праз дзесяць год сталі казаць, што гэта армія, СС, а яны нічога не ведалі. І толькі яшчэ праз дзесяць год яны зразумелі, што адбылося.

— У гэтым сэнсе я бачу, што ў Расіі ёсць невялізная група людзей, якая супраць вайны, але бачу і тых, хто падтрымлівае. І бачу велізарную колькасць людзей, якім усё роўна.

Велізарная праблема ў Расіі ў тым, што там проста няма грамадства. Я гэта сказаў у Франкфурце, немка абурылася, запыталася, як я магу казаць, што ў Расіі няма грамадства, калі там ёсць людзі? Так не бывае, на яе думку. Я адказаў, што ў гэтым і сэнс: людзі ёсць, а грамадства няма.

Калі я вывучаў, як працаваў ГУЛАГ, турмы вельмі было цікава, што людзі аб’ядноўваліся — беларусы з беларусамі, украінцы з украінцамі і гэтак далей, але рускія ніколі не аб’ядналіся. Толькі масквічы з масквічамі, уральцы з уральцамі і іншыя. Падаецца гэта вельмі важным, каб разумець гэту краіну, у якой людзі так жывуць, калі пачынаецца вайна, для іх гэта СВА, якую вядзе Крэмль, а не яны.   

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(48)