Філіпенка: «Адзінае, што мы можам рабіць — гэта працягваць людзьмі звацца»

Пісьменнік распавёў пра справу, якая адчынена супраць яго ў Беларусі, і прадставіў сваё бачанне сітуацыі ў краіне.

У Берліне на пачатку лютага адбылася прэм’ера спектаклю паводле рамана «Крэмулятар» беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі. У Францыі гэты раман назвалі найлепшым еўрапейскім раманам 2023 году. У лістападзе мінулага года бацьку пісьменніка затрымалі, ён адсядзеў суткі. Філіпенка тлумачыць, што справа супраць яго самога толькі пачынаецца.

— Супраць мяне заведзена крымінальная справа, але я не ведаю, па якім артыкуле. Бацьку далі падпісаць пратакол супраць мяне, але ён не пабачыў, што там за артыкул, — кажа пісьменнік у інтэрв’ю Свабода Premium.

Саша Філіпенка

— Яны сказалі, што супраць мяне адчынена справа і будзе яшчэ тры, яны рыхтуюцца. Былі допыты, адразу стала відавочна, што ў іх няма ніякіх пытанняў да бацькі, а толькі да мяне. Таму нічога не скончылася, а толькі пачынаецца.

Пісьменнік прагназуе, што сітуацыя ў Беларусі будзе толькі горш.

— Я проста не бачу, чаму зараз можа быць лепш. Я бачу снежны ком, які каціцца і каціцца, і кожны дзень сітуацыя становіцца горш і горш. Людзі, якія ўтрымліваюць уладу ў нашай краіне, робяць усё, каб мы набліжаліся да вялікай катастрофы.

І мне падаецца, што толькі вялікая катастрофа можа быць новым фундаментам для новай краіны. Зараз я не бачу нічога добрага, што можа адбыцца з намі.

Я разумею, што людзям цяжка: і тым, хто застаецца, і тым, хто апынуўся за мяжой. Самае цяжкае — гэта рабіць так, каб заставацца сумленным чалавекам. І адзінае, што мы можам рабіць — гэта працягваць людзьмі звацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(52)