Общество

Наша ніва, фота Надзеі Бужан

Дзяўчына, затрыманая за прагулку з белым парасонам, — пра пятую адсідку: «Мыцца не вадзілі, на шпацыр трапіла адзін раз»

Пасля 25 сутак на волю выйшла Юлія Міхайлава, якую затрымалі за шпацыр з белым парасонам на праспекце Пераможцаў. На волі яе сустрэла сям’я і сябры з кавай і тортам «Кавалак шчасця» ў руках.

Увечары 7 красавіка да Юлі ў Прылуцкую Слабаду, дзе яна жыве, прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Разам з ёй у той жа дзень затрымалі маці і брата — іх асудзілі за непадпарадкаванне на 5 і 6 сутак адпаведна.

Сястру Лілію таксама забіралі ў РУУС на тры гадзіны, але пасля адпусцілі, бо ў яе ёсць непаўналетнія дзеці.

За шпацыр з белым парасонам суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла дзяўчыне 25 сутак. Фота TUT.BY

Усе 25 сутак Юлія Міхайлава правяла на Акрэсціна. Ад тых, хто раней выходзіў на волю з яе камеры, сястра Юліі Ліля загадзя ведала пра жудасныя ўмовы ў ЦІП. Камера была перапоўненая (здаралася, што ў двухмясцовай камеры знаходзілася адразу 10 чалавек), акно не адкрывалася, бракавала кіслароду. Лісты да асуджаных не даходзілі, кнігі і іншыя рэчы для баўлення часу адбіраліся.

Зняволеных маглі будзіць некалькі разоў за ноч, патрабуючы назваць сваё імя і прозвішча. На падлогу амаль кожную раніцу вылівалі ваду з хлоркай. У пэўны момант да дзяўчат падсялілі бяздомную з вошамі. Усё гэта пацвердзіла нам сама Юля:

— Наколькі мы зразумелі, з намі была тая ж бяздомная, якую падсялялі ў камеру да Вольгі Хіжынковай. Пры гэтым мыцца нас не вадзілі: падмываліся з бутэлек, якія ў нас таксама ўвесь час імкнуліся забраць супрацоўнікі ізалятара. А на шпацыр за 25 сутак я трапіла ўсяго адзін раз: на 24-я суткі.

Разам з Юляй у камеры апынулася, напрыклад, маці Сяргея «хлопотное дельце» Міронава. Дзяўчына кажа, што яна трымаецца малайцом.

Сярод іншых здзекаў, якія пералічвае Юля, — тое, што перадачы аддавалі з вялікай затрымкай, амаль у пару тыдняў. Мясцовая ж ежа часам была зусім жахлівай: напрыклад, у якасці супу давалі пустую грэчку з вадой.

— Каб нам сталі даваць нармальную ежу, мы нават пачалі галадоўку, — кажа суразмоўца.

На ўсе падобныя ўмовы дзяўчаты спрабавалі скардзіцца, прасілі паперу і асадкі, каб аформіць скаргу афіцыйна, але ім адмаўлялі. Заняцца гэтым плануюць ужо на свабодзе.

Па суботах і нядзелях на Акрэсціна давалі па яйку. Адно з іх Юля на Вялікдзень распісала зубной пастай і змагла пранесці на волю. Гэта сапраўдная ўдача, бо звычайна на выхадзе забіраюць усё: ад падзелак з хлеба да запісак ад асуджаных родным

Раней Юлія Міхайлава ўжо чатыры разы адбывала адміністрацыйны арышт. Упершыню яе затрымалі 14 верасня 2020 года на жаночай акцыі каля Чырвонага касцёла — суд прысудзіў 12 сутак. Пасля яна пабыла на волі літаральна пару дзён і зноў была асуджаная на 15 сутак за шпацыр з кветкамі ў руках. Трэцяя адсідка здарылася ў лістападзе пасля наведвання Плошчы Перамен, куды беларусы прыйшлі ўшанаваць памяць забітага Рамана Бандарэнкі, а чацвёртая — зімой. 31 студзеня дзяўчына ішла па цэнтральным праспекце з лампадкай у руках і так «здабыла» сабе яшчэ 15 сутак у скарбонку.

Часткова пра сваё жыццё ў ізалятарах Юля расказала ў фільме «Сёстры пратэсту».

У суме, пачынаючы з верасня-2020, дзяўчына правяла за кратамі 82 дні.

«25 сутак у параўнанні з 15-цю цягнуліся, здаецца, вечнасць», — кажа Юля. Пры гэтым дзяўчына настроена вельмі пазітыўна: чарговае зняволенне яе дакладна не зламала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)