Политика

Дыскусія аналітыкаў: Лукашэнка не адчувае сябе пераможцам

Што азначаюць заявы Лукашэнкі, зробленыя 30 ліпеня на нарадзе з «вэртыкальлю»? На гэтае пытаньне адказваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Сяргей Навумчык і Віталь Цыганкоў.

Фота ТАСС

Віталь Цыганкоў:

Калі б Лукашэнка адчуваў сябе пераможцам, у год «народнай еднасьці» паводзіў бы сябе як літасьцівы пераможца, які адчувае, што ніякай пагрозы няма: выпускай людзей на волю, шукай шляхі да прымірэньня. А мы бачым усё наадварот: вайна ідзе і паглыбляецца.

Працэнтаў 70 людзей не ўспрымае цяперашнюю ўладу. Лукашэнка, мяркую, пра гэта ведае, ведае і Пуцін.

Беларуская грамадзянская супольнасьць — гэта і незарэгістраваныя ініцыятывы, якія самаарганізоўваюцца, дапамагаюць тым, каму трэба. Але ўдар наносіцца па самых вядомых і міжнародна прызнаных арганізацыях.

Нарастаньне рэпрэсій мае сувязь з наступнай палітычнай кампаніяй — рэфэрэндумам па канстытуцыі. Улада стварае фон, на якім павінен прайсьці рэфэрэндум. Каб ніхто ня мог прыпадняць галаву. Каб кожны, хто выступіць супраць — успрымаўся як вораг народу. І мне падаецца, пакуль рэфэрэндум ня пройдзе, рэпрэсіі ня спыняцца.

Лукашэнка ня можа ведаць, як будуць паводзіць сябе Злучаныя Штаты пасьля сустрэчы Ціханоўскай з Байдэнам, ён цяпер знаходзіцца ў чаканьні.

Мне здаецца, ранейшыя словы Ціханоўскай пра жаданьне сустрэцца з Пуціным, былі такія фармальныя словы, якія, і ўсе гэта разумелі, ня мелі магчымасьці рэалізавацца.

Пуцін ведае, што кожны іншы кіраўнік пасьля Лукашэнкі будзе значна больш лібэральным і менш прарасейскім, і таму Крэмль чапляецца за Лукашэнку. Бо гэта хаця капрызны, але васал. Якраз гэтае параўнаньне, на мой погляд, найбольш карэктнае — не «марыянэтка крамлёўскіх лялькаводаў», а сюзэрэн і васал.

Сяргей Навумчык:

Такое адчуваньне, што сёньняшняя сустрэча — рэпэтыцыя перад 9 жніўня, які Лукашэнка хоча адзначыць як «дзень перамогі». Улада рыхтуецца да гэтага дня. Але сапраўдныя пераможцы не паводзяць сябе так, як Лукашэнка.

Лукашэнка насамрэч ня ў наступе, а ў глухой абароне: яму ўяўляецца, што з Захаду на яго няспынна нападаюць, ён вымушаны абараняцца. Бяда ў тым, што за сьпіной, на ўсходзе, знаходзіцца ненадзейны саюзьнік (і ён гэта ведае), гатовы, як у свой час атрады СМЕРШ, страляць у сьпіну.

З другога боку, апошнія месяцы ў Беларусі назіраецца нязьменная ваенная прысутнасьць, ідзе падрыхтоўка да сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў.

Калі маюць рацыю аналітыкі, якія кажуць пра падрыхтоўку Пуціным да «гарачай» вайны з Захадам, тады ўсе гэтыя агрэсіўныя чапляньні Лукашэнкі да Польшчы ці Літвы можна ўспрыняць як правакацыю, якія і створаць нагоду для вайны. І ясна, што такі варыянт аналізуецца ў штабах.

Я б не надаваў асаблівай увагі спрэчцы памочніка расейскага прэзыдэнта з Лукашэнкам адносна таго, што Менск не зьвяртаўся з просьбай аб уводзе расейскіх войскаў.

Дастаткова памятаць, што сказаў Пуцін амаль год таму: Масква гатовая ўвесьці ў войскі ў выпадку забурэньняў, да якіх Пуцін залічыў нават перакульваньне аўтамабіляў (гэта тое, што рэгулярна робіць пратэстная моладзь у Парыжы, напрыклад).

Лукашэнка будзе зьнішчаць усё, што было закладзена ў нядоўгія гады адноснай свабоды пачатку 90-х і пазьней, каб проста ніякіх грамадзкіх ініцыятываў не заставалася. Ён памятае, як пачаў Гарбачоў, даўшы спачатку зусім няшмат свабоды, і ведае, як гэта імгненна пашырылася і да чаго гэта прывяло.

Сустрэча Байдэна зь Ціханоўскай — гэта яшчэ адно пацьверджаньне стаўленьня ЗША да выніку выбараў у 2020 годзе. Так, Вашынгтон не прызнаў Ціханоўскую прэзыдэнтам — але ж яна і сама не прызнала сябе такой. Аднак там разумеюць, хто быў фаварытам на галасаваньні, і дакладна ведаюць, што Лукашэнка ня быў абраны.

Самая вялікая праблема Лукашэнкі — ня тое, што думаюць у Вашынгтоне. Людзі, якія сёньня былі на нарадзе, мясцовыя начальнікі, якія займаліся фальсыфікацыямі, вось яны як ніхто іншы ведаюць — Лукашэнка не абраны. І «надзейнымі» ён можа іх лічыць толькі да пэўнага часу.

Лукашенко раскрыл карты: выявлена сеть фирм, выступивших за перемены

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(55)