Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Пастка лічбаў, калі гаворка вядзецца пра палітыку, мае значэнне»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину падвёў вынікі выбараў у Каардынацыйную раду.

Юрый Дракахруст

— І ў працэсе выбараў у Каардынацыйную раду, і па іх выніках гучыць шмат крытыкі. І што несвоечасова гэта робіцца, і невядома навошта, і з рызыкай для людзей. У адказ гаворыцца, што трэба вучыцца дэмакратычным механізмам у любых умовах. Дык што гэта было і ці дарэчныя ўрокі дэмакратыі ў эпоху росквіту таталітарызму?

— Я думаю, што агульная выснова з усяго гэтага, магчыма, самая важная, заключаецца ў тым, што для агульнанацыянальных выбараў, як яны былі прэзентаваныя, у якіх удзельнічае сем тысяч чалавек, гэта малавата. Вось так скажу вельмі мякка.

Зразумела, што ў гэтага былі свае прычыны. Так, сапраўды, быў шалёны ціск на ўдзельнікаў кампаніі. Былі шалёныя пагрозы, маўляў, усё даведаемся, нават пры тых, хто за мяжой. І, зразумела, быў страх у людзей у гэтым удзельнічаць, нават за мяжой.

Але з іншага боку, я думаю, акрамя гэтага быў пэўны элемент непатраплення ў грамадскі настрой. І непатраплення з формай, бо многім было незразумела, што гэта за Рада, на што яна ўплывае.

Вось ёсць Ціханоўская, ёсць кабінет, а навошта яшчэ і КР пры гэтым? Я ведаю ўсе гэтыя тлумачэнні, што гэта прадстаўнічы орган. Так, гэта інструмент кантролю. І шмат на каго гэта не падзейнічала, не пераканала. І гэтая лічба, чаму яна такая, гэтым таксама тлумачыцца.

І ў гэтым сэнсе грамадства і заходнія партнёры будуць скептычна ставіцца. Тут ёсць пэўная неадпаведнасць паміж замахам і вынікам. Калі б гэта адпачатку падавалася як трэніроўка цягліцаў, як анлайн-апытанне, што мы вырашылі высветліць, у каго большы рэйтынг, то окей.

За тыдзень французская Le Monde надрукавала вялікі артыкул пра гэтыя выбары. Аўтарка разбіралася ў тэме. І вось першы радок публікацыі: «Беларускія дысідэнты ў выгнанні спрабуюць атрымаць другое дыханне».

І аўтарка артыкула гэта не прыдумала, яна гэта чула ад людзей. Яна зразумела кантэкст канферэнцыі, на якой асабіста прысутнічала 19 траўня. Ну, але сем тысяч і другое дыханне… На жаль.

Ці можна было б казаць так, калі б прагаласавала 50 тысяч?

Магчыма, таксама не. Але той самы эфект другога дыхання пры гэтым адчуваўся б больш.

І я б тут адзначыў, што ў 2022 годзе ў часе канстытуцыйнага рэферэндуму на платформу «Голас» звесткі пра тое, як яны прагаласавалі, даслалі 200 тысяч чалавек.

Удзел людзей з дэмакратычнай свядомасцю ў тым рэферэндуме таксама быў не надта зразумелы, тым не менш, дзве сотні тысяч чалавек напісалі тады.

Так, можна сказаць, што сёння сітуацыя ў Беларусі ўвогуле жахлівая. І калі б цяпер была ангажаванасць у працэсы, як у 2022-м, то, магчыма і сёння мы ўбачылі б іншыя вынікі.

Я думаю, што рэакцыя грамадства будзе даволі кіслай. Справа не ў маёй асабістай рэакцыі, я добра да гэтага стаўлюся, у прынцыпе. Не лічу гэта абсалютна бескарысным.

Сапраўды, гэта была такая трэніроўка, адпрацоўка пэўных механізмаў. Была нейкая дыскусія, што таксама карысна. Размовы пра тое, дзе мы ўвогуле апынуліся, куды мы ідзем і куды трэба ісці. Пра тое, чым быў 2020-ы.

Выбары былі акурат пра гэта. Гэта ўсё абмяркоўвалася і нейкія пазіцыі нават у гэтым працэсе былі артыкуляваныя. Гэта станоўчыя моманты.

Магчыма, у нейкай будучыні гэта паўплывае на палітычны працэс. Бо ўсё ж адчуванне тупіка, і не толькі палітычнага, але і ідэйнага, прысутнічае. Не выключана, што выбары задумваліся, сярод іншага, як і шлях пераадольвання гэтай тупіковасці.

Не ведаю, не было адчування, што на гэтых выбарах з’явілася нейкая новая фігура, плынь, нейкія новыя думкі. Такія, што ахапілі хоць бы частку грамадства, хоць бы дыяспару. А што там адбываецца ў Беларусі, мы наогул не ведаем.

То бок, пэўныя станоўчыя наступствы ад гэтага могуць быць. Але вось гэтая пастка лічбаў, калі гаворка вядзецца пра палітыку, мае значэнне. Напрыклад, калі нехта выступіў з петыцыяй, а за яе прагаласавала некалькі сотняў чалавек.

Як, дарэчы, гэта здарылася з петыцыяй Валерыя Цапкалы наконт ультыматуму Захаду Лукашэнку. Петыцыя вісіць з лютага — восемсот з нечым галасоў, можа ўжо дзевяцьсот. Вось вынік. Сказаць, што гэта з-за страху, што людзі чагосьці не разумеюць? Можа быць. Але гэта ацэнка.

Ці, скажам, хтосьці збіраецца зладзіць мітынг, людзей заклікае, а прыходзіць на яго сто чалавек. І тут можна мільён тлумачэнняў даваць, але гэта палітычны факт: прыйшло сто чалавек.

Калі праводзяцца выбары з заяўкай, пра якую пісала французская газета, то такі вынік другім дыханнем мала хто палічыць.

— Як гэта можа адбіцца на пазіцыях дэмакратычных сілаў агулам у самой Беларусі і ў вачах заходняга свету, дзейсных і патэнцыйных партнёраў? Ці можа гэта паўплываць на падтрымку з боку Захаду?

— Думаю, што хутчэй не, чым так. Я не выключаю, што ў подбіўцы і ў спадара Латушкі, і ў другіх удзельнікаў была думка пра тое, каб такім чынам збалансаваць уплыў, уладу, аўтарытэт Ціханоўскай.

За якую галасавалі чатыры гады таму, даўно ўжо, а тут вось у нас свежы народны мандат. Калі б гэта былі дзясяткі, а яшчэ лепей — сотні тысяч, то гэты праект, я думаю, мог бы часткова рэалізавацца.

Тады можна было б сказаць: за мяне прагаласавала 50 тысяч. Гэта значна менш, чым за Ціханоўскую чатыры гады таму, але з дысконтам — сувымерна. А калі мы маем такі вынік, які маем, то, думаю, ўсё застанецца на ранейшым узроўні. Як і камунікацыя з Ціханоўскай.

Тым больш што ў выбарах удзельнічаў яе блок. Ён заняў толькі  чацвёртае месца, але яго ўзначальваў яе прадстаўнік Аляксандр Дабравольскі. Ціханоўская не тарпедавала гэтую ініцыятыву, але і не агітавала за яе.

Агульная тэндэнцыя ўвогуле не вельмі спрыяльная для яе, для дэмсілаў. Ад 2020-га час ідзе, вайна побач, свет і Захад занятыя іншым. Цікавасць да Беларусі ў цэлым падае. Але сказаць, што гэтыя выбары неяк моцна падарвуць яе пазіцыі ў межах той эвалюцыі, што ўжо адбываюцца, я не думаю.

З ёй, з яе кабінетам усё ў парадку. Ніхто не правяраў электаральную моц гэтых праектаў зараз, правяраўся іншы праект, і ён аказаўся вось такім.

Я думаю, што рэакцыя заходніх партнёраў будзе ніякай. Ну, скажуць, што дэмакратыя — гэта добра, дыктатура — кепска. Дэмакратычная працэдура — гэта добра. І добра, што вы паспрабавалі. А больш і нічога.

У прынцыпе, ніхто і не абвяшчаў, што калі ў выбарах, умоўна кажучы, возьмуць удзел сто тысяч, то мы падумаем пра пэўны статус. Такога і раней ніхто не казаў. Калі б тыя сто тысяч былі, то пэўны статус мог бы і ўзнікнуць.

Такі, як і ў самой Ціханоўскай, якую рэальна таксама ніхто не прызнае прэзідэнткай. Але, тым не менш, прадстаўніцтва ёсць, там нейкі дыялог, а там кансультацыі, а там яе проста прымаюць.

І калі б былі гэтыя сто тысяч, то нейкія падобныя формы маглі б быць. Але з лічбай у сем тысяч я сабе такое слаба ўяўляю. Хоць якія формы.

З тым жа Латушкам могуць сустракацца, як з кіраўніком НАУ, як з намеснікам Ціханоўскай у пераходным кабінеце. І калі плюс да гэтага дадаецца статус кіраўніка фракцыі ў Каардынацыйнай радзе, то таксама добра.

Але толькі як з лідарам фракцыі, ці калі ён стане спікерам рады ўявіць сабе сустрэчы ў нямецкім бундэстагу, ці амерыканскім кангрэсе, я гэтага не чакаю, гэтага не будзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(9)