Общество
Віталь Гарбузаў, «Народная воля»

Дом, у якім жыве Уладзімір Канаплёў

Карэспандэнт «Народнай Волі» пабываў дома ў былога старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Канаплёва і нават трапіў у «закладнікі»...

У рэдакцыю "Народнай Волі" даволі часта тэлефануюць чытачы, якіх цікавіць лёс Уладзіміра Мікалаевіча. "Чым ён зараз займаецца, дзе працуе? Чаму яго не бачна побач з кіраўніком дзяржавы, яны ж разам амаль з дзяцінства?” — непакояцца прыхільнікі "Народнай Волі". Пасля аднаго з такіх тэлефанаванняў карэспандэнт "Народнай Волі" адправіўся на пошукі Канаплёва.

Спачатку звярнуўся ў федэрацыю гандбола Беларусі, якую на грамадскіх пачатках ўзначальвае былы дэпутат. Дарэчы, гандбольныя спецыялісты ў адзін голас сцвярджаюць, што з прыходам Канаплёва беларускі гандбол атрымаў "другое дыханне". Аднак у офісе федэрацыі гандбола адказалі, што Канаплёў з'яўляецца там вельмі рэдка. У асноўным каштоўныя ўказанні і парады супрацоўнікам федэрацыі паступаюць праз памочніка Уладзіміра Мікалаевіча. У сваю чаргу і "выхад" на Канаплёва з боку гандбольных функцыянераў адбываецца праз таго ж самага памочніка. "Народная Воля" вырашыла абысціся без пасярэднікаў і адразу адправілася ў госці да экс-старшыні Палаты прадстаўнікоў...

Дом Уладзіміра Канаплёва, роўна як і "сціплыя" маёнткі некаторых іншых набліжаных да кіраўніка дзяржавы чыноўнікаў, знаходзіцца зусім недалёка ад хатняй рэзідэнцыі А.Лукашэнкі ў Драздах — у так званым Царскім сяле. Двухпавярховы дом экс-старшыні ППНС стаіць у самым канцы завулка з паэтычнай назвай Азёрны. На фасадзе — спадарожнікавая талерка. Злева ад жалезных дзвярэй — паштовая скрыня, справа — званок. Націскаю. Хоць і не адразу, але дзверы аўтаматычна адчыняюцца. У мяне нават не запыталіся "Хто там?". Заходжу ў двор. Не ведаючы дакладна куды ісці, інтуітыўна па цаглянай дарожцы крочу ў левы бок. Апынаюся за домам — тут драўляныя альтанкі, напэўна, для прыёму гасцей і адпачынку на свежым паветры. Не паспеўшы як след зарыентавацца на мясцовасці, у спіну чую ветлівае: "Добры дзень, а вы хто?" Прадстаўляюся, адказваю, адкуль і навошта прыйшоў. У дыялог са мной, як высветлілася пазней, уступіла хатняя работніца Уладзіміра Канаплёва — жанчына сярэдніх гадоў у фартуху і тапачках.

"Вы ведаеце, Уладзіміра Мікалаевіча няма дома, — сказала яна. — Увогуле, наколькі я ведаю, яго зараз няма нават ў горадзе. Калі вернецца — я не ведаю, бо такіх пытанняў яму не задаю..."

На гэтым мы і развіталіся. Крочу да выхаду і разумею, што дзверы, праз якія я ўваходзіў літаральна пяць хвілін таму, не адчыняюцца.

"Вось так і застанецеся ў закладніках", — жартуе мая нядаўняя суразмоўца.

Не разгубіўшыся, я імгненна даю згоду на тое, каб застацца ў закладніках дома ў экс-старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Але дачакацца Уладзіміра Мікалаевіча на ягонай канапе мне не давялося — хатняя работніца прынесла ключ, якім уваходныя дзверы адчыняюцца знутры...

Між тым людзі, якія адсочваюць падзеі ў каляпрэзідэнцкім атачэнні, кажуць, што Уладзімір Канаплёў, як і тады, калі быў пры пасадзе, па-ранейшаму з'яўляецца на некаторых мерапрыемствах з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, калі верыць нашым крыніцам інфармацыі, ніякай афіцыйнай пасады Канаплёў не мае. Да пенсіі былому кіраўніку ППНС яшчэ далёка — у студзені гэтага года яму споўнілася толькі 55 гадоў.

За якія грошы жыве былы дэпутат і паплечнік першай асобы дзяржавы?

Якія ў яго планы на будучыню?

Ці праўда, што яму прапаноўвалі вярнуцца ва ўладу, але ён адмовіўся ад чарговай высокай пасады? (Зразумела, што нейкія сталыя крыніцы даходаў у яго ёсць, інакш адкуль грошы на аплату працы хатняй гаспадыні?)

Карацей кажучы, пытанняў да Канаплёва шмат. Спадзяёмся атрымаць на іх адказы з першых вуснаў падчас наступнага візіту ў госці да Уладзіміра Мікалаевіча…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)