Дактары абвяргаюць інфармацыю, што Шубіч паступіла ў бальніцу позна
Паводле запісаў у прыёмным пакоі, яна была ў бальніцы ўжо а 18.30, высветліла Еўрарадыё. Дарэчы, Шубіч фігуруе ў спісах параненых, дастаўленых у 3-ю бальніцу, размешчаным на сайце «Нашай Нівы» а 21.26.
На наступны дзень пасля выбуху ў мінскім метро у інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра дзяўчыну, якая нібыта ляжала пад заваламі да 23-й гадзіны.
Марына Шубіч, студэнтка 5 курса БДЭУ, цяпер знаходзіцца ў 3-й гарадской клінічнай лякарні.
Карэспандэнт Еўрарадыё накіраваўся да загадчыцы прыёмнага аддзялення бальніцы, каб даведацца, а якой гадзіне дзяўчыну прывезлі на хуткай.
«Доктар піша 18:25 — 18:30.
Усе яны пачалі прыязджаць першыя ў 18:10, потым у 18:20, у 18:45. Напэўна, апошні дзесьці ў 19:20», — паказвае журнал з запісамі загадчыца аддзялення.
«Усе прыйшлі на дапамогу, з дому ляцелі ўсе медыкі сюды, як толькі пачулі. У мяне адзін павінен дзяжурыць ўрач тэрапеўт, а было разам са мной, атрымліваецца, чатыры. Два лекары прыляцелі з хаты. Хірургаў было 17, напэўна, замест трох дзяжурных».
Галоўны доктар клінікі Уладзімір Комар кажа, што інфармацыя пра дзяўчыну — хлусня.
«Гэта няпраўда. Гэта ўсе пацвярджаюць факты. Пачынаючы ад суправаджальнага ліста хуткай дапамогі, ад фіксаванага выкліку самой хуткай дапамогі да паступлення да нас ў прыёмны пакой і да моманту пачатку аперацыі, усё дакументальна пацверджана. Тое, што распаўсюджаная нейкая хлуслівая інфармацыя, — яна не адпавядае рэчаіснасці».
Дзяўчына прыбыла ў лякарню ў вельмі цяжкім стане з чэрапна-мазгавой траўмай, пераломам нагі і шматлікімі раненнямі. Але цяпер, згодна са словамі медыка, пагрозы для яе жыцця няма.
Словы дактароў пацвярджае той факт, што Шубіч фігуруе ў спісах параненых, дастаўленых у 3-ю бальніцу, размешчаным на сайце «Нашай Нівы» а 21.26. Наш рэпарцёр спісваў яго асабіста каля бальніцы.
Сведчанні яе сяброўкі, якая казала, што «бачыла, як Шубіч выносілі, а 23-й гадзіне», і супрацоўніцы бальніцы, якая казала, што Шубіч даставілі позна, можна аднесці на рахунак шокавага стану людзей пасля выбуху.
Гэта не адзіны выпадак памылак у стрэсавай сітуацыі пасля выбуху. Так, нават кампетэнтныя органы спачатку памылкова ўключылі дзве асобы ў спіс памерлых і апублікавалі іх імёны.
Застаецца пажадаць спадарыні Шубіч найхутчэйшага выздараўлення, а дактарам і ратавальнікам выказаць падзяку за самаадданую працу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное