Кризис
Сяргей Куркач, «Звязда»

Да лета дачная нерухомасць вакол Мінска можа патаннець на 20-30%

Такi смелы прагноз нашаму выданню прапанаваў дырэктар Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць" Мiкалай Прасталупаў. Адразу ўдакладнiм, што гаворка iдзе аб жыллёвай нерухомасцi на невялiкiх сотках у садаводчых таварыствах i дачных кааператывах адлегласцю не больш за 30—50 км ад Мiнска.

Рынак актывiзаваўся

Менавiта ў красавiку пачаў з’яўляцца рэальны попыт на загарадную нерухомасць. Да апошняга часу клiенты са свабоднымi грашыма больш звярталi ўвагу на патаннелыя кватэры ў Мiнску i абласных цэнтрах. Пасля адкрыцця новага дачнага сезона актывiзаваўся попыт i на зямельныя ўчасткi з невялiкiмi пабудовамi ў садаводчых таварыствах i вёсках побач з транспартнымi магiстралямi. Мiкалай Прасталупаў адзначае, што агульная тэндэнцыя на патанненне нерухомасцi закранула i гэты сегмент рынку ўжо ў лютым—сакавiку, але яшчэ i цяпер тут назiраецца вельмi вялiкi роскiд цэнаў на садовыя домiкi, часам даволi падобных характарыстык.

Самыя танныя, але не вельмi якасныя дачы прапануюцца па маладзечанскiм напрамку адлегласцю да 35—40 кiламетраў ад Мiнска ў садаводчых таварыствах "Холмы-95" побач з Вязынкай, у с.т. "Уша" (Радашковiчы), у с.т. "Здароўе" i "Медтэхнiк" (Баяры). Зямельныя ўчасткi плошчай каля 5—6 сотак з сезоннымi жылымi домiкамi плошчай да 25 квадратных метраў цi ўвогуле бытоўкамi да 15 "квадратаў" каштуюць ад 5 да 10 тысяч долараў. Па мядзельскiм напрамку ў садаводчым таварыстве "Лясное" (25 км ад МКАД) садовы жылы дом на 8 сотках каштуе каля 8—9 тысяч долараў.

Па брэсцкiм напрамку недалёка ад Фанiпаля самыя танныя 6 сотак з бытоўкамi, электрычнасцю i сезонным водазабеспячэннем каштуюць ад 8 да 10 тысяч долараў. Невялiкiя садовыя домiкi па лагойскiм кiрунку прапануюцца ўжо мiнiмум па 15—16 тысяч долараў. Абсалютна гатовыя для жылля дачы па маскоўскiм кiрунку побач з Гарадзiшчам (18 км ад МКАД), Дамашанамi (20 км), Малым Залужжам (22 км) каштуюць мiнiмум каля 20 тысяч долараў. Увогуле, як паведамiлi рэдакцыi ў агенцтве нерухомасцi "Твая сталiца", стандартныя жылыя дачы на 6—9 сотках у садаводчых таварыствах, блiжэйшых за 25 кiламетраў ад Мiнска, каштуюць не менш за 19—20 тысяч долараў.

Масавы продаж дач пачнецца ў маi

Вядома, што цэны "абвальваюцца" ў тым выпадку, калi прапанова ў некалькi разоў перавышае попыт. Сёння на рынку загараднай нерухомасцi яшчэ не вельмi шмат прапаноў менавiта па стандартных садаводчых домiках. Цяпер у продажы знаходзiцца толькi каля 20 дач па кожным са стратэгiчных напрамкаў з Мiнска. Менавiта ў другой палове красавiка i ў маi гаспадары садовых домiкаў пачнуць актыўна наведваць дачы i канчаткова вырашаць iх далейшы лёс. Многiя садовыя таварыствы знаходзяцца на пэўнай адлегласцi ад лiнii электрычак i аўтобусных маршрутаў. Тут трэба заўважыць, што сусветны фiнансавы крызiс i цяжкасцi з атрыманнем крэдытаў не дазволiў пэўнай частцы садаводаў набыць уласныя аўтамабiлi. Спецыялiсты ўпэўненыя, што i гэты фактар у тым лiку прымусiць гаспадароў загараднай нерухомасцi больш актыўна прадаваць свае садовыя домiкi. Эксперты рынку дачнай нерухомасцi адзначаюць, што з пачатку года сярэднi кошт недарагiх садовых домiкаў знiзiўся прыкладна на 7—15 працэнтаў. Разам з тым сёння на рынку загараднай нерухомасцi прысутнiчаюць яшчэ дачы па кошце да 30—35 тысяч долараў. Менавiта такiя пабудовы будуць iстотна таннець у першую чаргу. Цяпер пры рэальных здзелках гаспадары садовых домiкаў згаджаюцца на знiжэнне кошту сваёй нерухомасцi ў памеры 2—5 тысяч долараў. У тым выпадку, калi дачы "вiсяць" больш за 2—3 месяцы, канчатковыя знiжкi могуць скласцi да 5—7 тысяч долараў.

Нелiквiдныя зямельныя ўчасткi могуць патаннець на трэць

Асобна спынiмся на зямельных участках у садаводчых таварыствах, на якiх стаяць цяпер бытоўкi цi зусiм маленькiя часовыя збудаваннi для сезоннага жылля. Такiя надзелы набывалiся жыхарамi гарадоў для будаўнiцтва жылых дач. У свой час такое будаўнiцтва было замарожана да лепшых часоў. Цяпер фiнансавае становiшча гаспадароў гэтых зямельных участкаў нават пагоршылася. Калi такiя аб’екты зямельнай нерухомасцi з незавершаным будаўнiцтвам побач з актыўнымi транспартнымi магiстралямi яшчэ можна прадаць за 5—6 тысяч долараў, то зямельныя ўчасткi больш аддаленыя ад лiнii электрычак увогуле не карыстаюцца попытам. Мiкалай Прасталупаў упэўнены, што такiя гора-дачы за два бягучыя месяцы павiнны патаннець больш чым на трэць.

Увогуле да лета ўвесь спектр дачнай нерухомасцi абавязкова патаннее прыкладна на 20—30 працэнтаў, лiчыць дырэктар Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць". Вiдавочна, што сёлета не ўсе гаспадары загараднай нерухомасцi менавiта рынуцца прадаваць свае дачы. Эксперт не выключае, што частка пустых садовых домiкаў застанецца чакаць сваiх новых гаспадароў да вясны наступнага года. Аднак якi iх будзе кошт тады? Гэта спрагназаваць сёння даволi цяжка…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)