История

Андрэй Кныш

«Да кожнага, хто прыехаў з-за граніцы, мы ставiмся з недаверам»

90 год таму выйшла аповесць «У капцюрох ГПУ». Яе аўтар паверыў бальшавікам і вярнуўся ў БССР. Каб быць арыштаваным. Расказваем пра Францішка Аляхновіча і ягоныя лагерныя мемуары.

Францішак Аляхновіч

Я прыехаў з-за гранiцы.

— З-за гранiцы? — здзiвiўся мой начальнiк. — Вось як. Дык чаго-ж ты сюды прыехаў?

— Думаў, што тут добра.

Камендант глянуў на мяне, як на здурэлага.

Гэта не фрагмент запіснага пад прымусам прыніжальнага відэа з удзелам чарговага беларуса, што неабачліва вярнуўся з-за мяжы. Перад намі фрагмент біяграфічнай аповесці Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ» — адно з першых у свеце, калі не першае ўвогуле, літаратрунае сведчанне пра пекла бальшавіцкага ГУЛАГу.

Выдадзеная 90 год таму, яна балюча перагукаецца з падзеямі, што адбываюцца на нашых вачах у Беларусі. Сёння «Салiдарнасць» расказвае пра лёс беларускага драматурга і ягоную знакамітую аповесць.

Францішак Аляхновіч — з шэрагу прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, хто паверыў савецкай прапагандзе і прыехаў у БССР. Трапіўшы пад уплыў навінаў пра поспехі новай савецкай дзяржавы, ён яшчэ ў 1922-м справабаў вярнуцца ў Менск. Але здзейсніў свой намер толькі ў 1926-м.

У аповесці яе аўтар называе сябе Попутчіком. Вось як ён апісвае адну сустрэчу ў Вільні, якая, магчыма, і перадвырашыла ягоны лёс.

Да яго падыйшоў незнаёмец, які прадставіўся Селяхам з Менска. Той даводзіў, што яны колькі разоў перасякаліся ў Беларусі. Завязалася гутарка, з якой Попутчік даведаўся, што ягоныя менскiя прыяцелi «добра яго ўспамiнаюць i ахвотна бачылi б у сваей грамадзе; што яму, Селяху, даручана пасулiць Попутчiку, каб ён хутчэй перабiраўся ў Менск».

Неўзабаве Аляхновіч атрымаў запрашэнне на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і ў сярэдзіне лістапада 1926-га выехаў у сталіцу савецкай Беларусі.

Першыя ўражанні па прыездзе ў драматурга былі дваістыя. З аднаго боку, яго захапляў размах беларусізацыі, узровень тагачаснага беларускага тэатра.

З іншага боку, ён не мог не бачыць, як змяніліся настроі ў грамадстве — страх, узаемны недавер і падазронасць, нежаданне былых знаёмцаў адказваць на самыя бяскрыўдныя пытанні.

Францішак Аляхновіч (злева) і Уладзіслаў Галубок (праваруч), Менск, 1918-ы

Аляхновіч, за плячыма якога былі пастаноўкі ўласных п’есаў, створаныя ім трупы і тэатральныя гурткі, якога называлі «бацькам найноўшай беларускай драматургіі», атрымаў пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску.

Працаваць яму давялося зусім недоўга. 1 студзеня 1927-га ён апынецца ў ізалятары мінскай турмы ў якасці падазраванага ў шпіянажы на карысць Польшы.

За тыдзень да гэтага бальшавікі цынічна выдалі яму грамадзянства БССР — не так і цяжка здагадацца, з каго бяруць прыклад сённяшнія паслядоўнікі цанаваў.

Драматург атрымаў 10 гадоў лагераў на Салаўках. Не дапамагла і спроба заступніцтва з боку Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Цішкі Гартнага.

Увесь тэрмін ён не адбыў, хоць, натуральна, нацярпеўся на рэшту свайго жыцця. Восенню 1933-га на памежнай станцыі Коласава яго абмянялі на арыштаванага ў Польшчы лідара Беларускай сялянска-работніцкай грамады, філоляга Браніслава Тарашкевіча.  

Аўтара беларускай граматыкі арыштуюць у 1937-м, ён загіне ў 1938-м. Аляхновіч перажыў яго на шэсць гадоў — 3 сакавіка 1944-га незнаёмец застрэліць аўтара аповесці пра ГУЛАГ на парозе ягонай віленскай кватэры.

«У капцюрох ГПУ» ўпершыню была апублікаваная па-польску ў віленскай газеце «Słowo». Быў яшчэ варыянт на рускай мове ў парыжскай газеце «Возрождение». Асобнымі кнігамі аповесць выходзіла па-польску ў Вільні і Варшаве.

Яе перакладалі на італьянскую, украінскую і партугальскую — у Бразіліі. Па-беларуску аповесць выйшла толькі ў 1937-м.

У аповесці Аляхновіча нямала эпізодаў, якія рэхам адгукаюцца ў нашыя дні. Вось, напрыклад, апісанне першай «гутаркі» ў ГПУ пасля прыезду ў БССР:

— Ну, таварыш Попутчiк, усё добра... — сказаў Апанскi. — Хiба гэта разумееце, што да кожнага, хто прыехаў з-за граніцы, мы ставiмся з недаверам... Мы павiнны яго добра памацаць, каб раскумякаць, хто ён, якiя ў яго пляны... Гэткiя ўжо нашы абавязкi... Ну, але iнакш i быць не можа. Дык жа разумееце, што мы з усiх бакоў абкружаны ворагамi, капiталiстычны свет толькi i глядзiць, каб нам неяк пашкодзiць...

Непарадныя старонкі жыцця вязняў ГУЛАГу

А вось фрагмент пра працу прапаганды і яе ўплыў на савецкіх грамадзянаў, у тым ліку родных вязняў ГУЛАГу. Ён варты поўнага цытавання.

«Апрача тэатру было й кiно — пару разоў на тыдзень. Найцiкавейшы быў у кiно сеанс у 1928 годзе, калi мы пабачылi на экране «самiх сябе». Памятаю, як рабiлiся здымкi да гэтага фiльму.

Перад нашай ротай быў садочак, у якiм улетку спрабавалi красаваць нейкiя рахiтычныя кветкi. У садку стаяла драўляная каплiца, аберненая ў чытальню часопiсаў.

Вось раз — на вялiкi наш дзiў — пачулiся ў садочку гукi нашае вастрожнае аркестры. Камендант абходзiў нашыя камеры, выбiраў спасярод нас тых, якiя вонкава выглядалi больш прыстойна, i пасылаў у садок.

Тамака былi расстаўленыя сталы, за якiмi сядзелi вязнi, гуляючы ў шахматы або пераглядаючы часопiсы. Нагналi сюды таксама й жанок з «женроты» i дазволiлi iм сядзець разам з мужчынамi...

А воддаль стаяў механiк з апаратам i накручваў фiльм. Ведама, палажэнне было такое незвычайнае, што смеху й жартам ня было меры, і фiльм удаўся, як мае быць: даў вобраз салавецкае радасцi...

...А от разных ударных работ

«Веселеет» рабочий народ...

Пасля мы аглядалi свае радасныя твары, бачылi, як ахвоча выходзiм на работу, як вясёла працуем, як адпачываем пасля працы, займаючыся «культурнымi гульнямi».

Фiльм свайго дасягнуў: разыйшоўся па СССР. Мацi мая пiсала з Менску: «Я бачыла ў кiно вашае жыццё на Салаўкох. Значна супакоiлася. Бачу, што там не гэтак блага, як я думала...»

Я пэўне ж адказаў ёй, што мне вельмi добра, бо iнакш цэнзура не прапусьцiла б лiста».

Сваёй аповесцю-споведдзю Францішак Аляхновіч хацеў не толькі расказаць пра перажытае ў пекле салавецкіх лагераў, але і папярэдзіць іншых пра небяспеку замілавання бальшавікамі.

— Дык навошта я гэта ўсё пiшу? Можа, і не трэба ўжо аб гэтым пiсаць, калi ўсе ўжо добра пазналiся на бальшавiках? Дай Божа, каб усе. Але яшчэ не ўсе. Як сіфiлiтычныя спiрахеты ў арганiзме, гэтак залазiць ў душы паганая бальшавiцкая атрута.

Няхай мае словы, словы «попутчiка», аздараўляюць гэтых бедных духам людзей. Няхай вучацца на маiм прыкладзе.

Бо нi Тарашкевiч, нi Рак-Мiхайлоўскi, нi Гаўрылкiн, нi Дварчанiн — ды й не пералiчыш iх усiх, нiчога вам не скажуць. Адны з гэтых няшчасных, неразумных гнiюць ўжо ў зямлi, iншыя — у канцлагерах або вастрогах.

Мне пашанцавала. Я шчэ жыву. Я на волi. Я магу яшчэ трымаць пяро ў руцэ. Ад свайго вызвалення, восем год назад, я не пакiдаю пiсаць i гаварыць аб найстрашнейшым ворагу чалавецтва — аб бальшавiзме. Мне калiсь не верылi. Казалi, што гэта паэтыцкая выдумка. Хлусьня. Цяпер паверыце.

Фота «Радыё Свабода»

І яшчэ адно змрочнае прывітанне з мінулага. У 2013-м Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з «Радыё Свабода» заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Адным з першы лаўрэатаў прэміі стаў праваабаронца Алесь Бяляцкі, які напісаў прадмову да перавыдання «У капцюрох ГПУ» 1994-га.

Сёння Бяляцкі, як і многія іншыя атрымальнікі прэміі, ізноў знаходзіцца ў няволі. А рэшта альбо хавае свае імёны, альбо вымушана знаходзіцца за мяжой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(29)