Общество

Царская нявестка. Што азначае ўзнагароджаньне жонкі Дзьмітрыя Лукашэнкі адмысловай прэміяй Аляксандра Лукашэнкі

Сяргей Навумчык на Радыё Свабода – пра ўзнагароджанне Ганны Сялук адмысловай прэміяй за «вялікі асабісты ўклад у разьвіцьцё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятыў».

Дзеці ды сваякі кіраўнікоў СССР традыцыйна займалі высокія месцы ў савецкай герархіі і хутка рухаліся па службовай лесьвіцы.

Васілій Сталін у 25 гадоў стаў генэралам, у 26 — камандуючым вайскова-паветранымі сіламі Маскоўскай акругі.

Сяргей Хрушчоў у 23 гады ў якасьці канструктара ракетнай тэхнікі стаў ляўрэатам Ленінскай прэміі, а ў 27 атрымаў званьне Героя Сацыялістычнай працы.

Сын Брэжнева пры бацькавым жыцьці быў прызначаны першым намесьнікам міністра зьнешняга гандлю СССР, а зяць — першым намесьнікам міністра ўнутраных спраў СССР. Абодва былі абраныя дэпутатамі Вярхоўнага Савету РСФСР, сталі кандыдатамі ў члены ЦК КПСС (апошняе азначала, што яны ўваходзілі ў паўтысячы самых высокапастаўленых і ўплывовых у краіне асобаў).

Але ўжо на Андропаву традыцыя сваяцкіх кар’ераў пачала прытарможваць. Калі ягоны сын Ігар яшчэ дасягнуў пры жыцьці бацькі высокай службовай прыступкі ў МЗС (хоць амбасадарам стаў пазьней), дык ужо дзеці Чарненкі не «сьвяціліся» на колькі-небудзь прыкметных у маштабах краіны пасадах. Адзіная дачка Гарбачова, калі ён быў ва ўладзе, працавала ў непрыкметнай мэдычнай установе.

У незалежнай Беларусі дзеці яе першых кіраўнікоў не займалі ніякіх высокіх пасадаў: дачка Шушкевіча ад першага шлюбу, скончыўшы кансэрваторыю, у часы ягонага старшынёўства ў ВС выхоўвала дзіця, а сын быў школьнікам. Сын і дачка Мячыслава Грыба таксама ня мелі ніякіх пасадаў.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі традыцыя вылучэньня дзяцей і сваякоў на кіроўныя пазыцыі аднавілася.

Найбольшага посьпеху дасягнуў, бясспрэчна, старэйшы сын Віктар: ён стаў памочнікам прэзыдэнта і членам Савету бясьпекі — своеасаблівага аналягу савецкага Палітбюро. Такой вышыні не дасягалі сваякі ні Сталіна, ні Брэжнева.

Забароненая сфэра

У савецкіх лідэраў блізкія родзічы кім толькі не былі — кіраўнікамі міністэрстваў, генэраламі ды рэктарамі, высокапастаўленымі дыпляматамі, супрацоўнікамі абаронных установаў.

Але існавала адна сфэра, куды дзецям і сваякам камуністычных кіраўнікоў доступ быў ня тое што забаронены, але дзе яны, якімі б талентамі ды здольнасьцямі ні валодалі, не маглі разьлічваць на публічнае прызнаньне і тым больш на нейкія афіцыйныя ўзнагароды. Гэта сфэра мастацкай і літаратурнай творчасьці.

Кожны, хто чытаў тэксты дачкі Сталіна Сьвятланы, пераканаўся, што яе мэмуары — ня толькі ўнікальнае (фактычна адзінае) сьведчаньне пра тое, што адбывалася ў сям’і дыктатара, але і прыклад якаснай мэмуарнай літаратуры (добры стыль Сьвятланы адзначалі і яе рэдактары).

Ня ў першую дзясятку, але ў першую сотню маладых (на той момант) савецкіх літаратараў Сьвятлана пры жыцьці бацькі магла б увайсьці нават ананімна, без пратэкцыі магічнага прозьвішча. Але яна разумела, што тут перад ёю была каменная сьцяна (што пацьвярджае і апублікаваная нядаўна яе перапіска зь сябрамі).

Андропаў у свой час прыклаў істотныя намаганьні, каб ягоныя дзеці не пайшлі ў акторскую прафэсію, пра якую марылі. І нават, як прыгадваюць, падзякаваў галоўнаму рэжысэру «Таганкі» Юрыю Любімаву, што той адмовіўся прымаць сына ў сваю трупу.

Прыклады можна доўжыць.

Прычыны такога стаўленьня маглі быць у кожнага розныя, але агульнае, відаць, было тое, што гэтыя надзвычай далёкія ад паняцьцяў дэмакратыі і справядлівасьці дзеячы разумелі: сфэра мастацкай творчасьці — тэрыторыя, на якую іхным сваякам лепей не ступаць.

Словы дыктара Левітана на ўсю краіну ў рэпартажы з Краснай плошчы «Пачынае паветраны парад самалёт, за штурвалам якога генэрал-лейтэнант Васілій Сталін!» — так. Публікацыя нават не ў сталічным, а ў нейкім непрыкметным правінцыйным часопісе апавяданьня маладой літаратаркі Сьвятланы Сталінай — ані ў якім разе. Партыйныя кіраўнікі разумелі, што сфэра мастацтва, як ніякая іншая, найбліжэй цікавіць тых, каго яны прызвычаіліся называць «простым народам».

Сапраўды: акторы, сьпевакі, паэты цікавяць людзей куды болей, чым міністры, генэралы ды надзвычайныя і паўнамоцныя амбасадары. У сталінскія часы інфармацыя з кінэматаграфічнай ці літаратурнай «кухні» істотна дазавалася, але чуткі вакол разьмеркаваньня роляў ці прэміяў даволі хутка даходзілі да самых «нізоў». Вельмі часта — у скажоным варыянце.

Мала каго цікавіла, што намесьнік кіраўніка МУС — зяць Брэжнева, затое нібыта існуючая сувязь адной папулярнай у той час эстраднай сьпявачкі зь Ленінграду з кіраўніком рэгіёну і членам Палітбюро Раманавым абмяркоўвалася вельмі шырока (пазьней выявілася, што ніякіх рэальных падстаў для гэтага не было).

Некаторыя біёграфы Андропава лічаць, што плётка распаўсюджвалася супрацоўнікамі КДБ нароўні з чуткамі пра вясельле дачкі таго ж Раманава ў «Зімнім палацы», на якім госьці нібыта разьбілі сэрвіз Кацярыны II (сапраўднае вясельле прайшло сьціпла і ў вузкім коле). Мэта простая — дыскрэдытаваць у вачах людзей найбольш верагоднага канкурэнта Андропава ў будучай барацьбе за пасаду генсека.

Пры тым, што кіраўнікі СССР абапіраліся на дзяржаўны апарат, на армію і КДБ, на адладжаны мэханізм прапаганды і, здавалася б, зусім не залежалі ад меркаваньня насельніцтва (на «выбарах» нязьменна фігуравала лічба 99,8% за «блёк камуністаў і беспартыйных») — ім усё ж было неабыякава, што гавораць пра кожнага зь іх «у народзе».

Прадэманстраваў, што ўсё можна

Наўрад ці Лукашэнка кантралюе беларускае грамадзтва ў большай ступені, чым у свой час Сталін кантраляваў грамадзтва савецкае. Але такога падаўленьня асабістых свабодаў не было з моманту сьмерці дыктатара ў 1953-м, гэта значыць — сем дзясяткаў гадоў.

Можна сказаць, што Лукашэнка дасягнуў такога ўзроўню кантролю над краінай і над кожным яе жыхаром, калі яму абсалютна абыякава, што будуць пра яго думаць.

Прызначэньнем сына Віктара ў Савет бясьпекі Лукашэнка прадэманстраваў чынавенству, што яно, чынавенства, пад поўным кантролем.

Прэміяй сваёй нявестцы Лукашэнка паказаў, што яму абсалютна абыякавая думка народу.

Хай бы і кожны з 9,5 мільёна грамадзянаў Беларусі зь яго сьмяяўся і кожны яго ненавідзеў — ён ведае, што сьмяяцца ды зьдзекавацца публічна ніхто не адважыцца (колькасьць асуджаных за «абразу прэзыдэнта» ўжо ідзе на сотні). Ну, а «праява нянавісьці» ў дачыненьні ня тое што да «вярхоўнага галоўнакамандуючага», але і да сяржанта АМАПу лёгка кваліфікуецца як тэрарызм з пакараньнем больш цяжкім, чым за наўмыснае забойства.

У такіх умовах нейкая прэмія нявестцы фактычна цара — гэта вельмі нават сьціпла. Тым больш што, мяркуючы па рэестры інтэлектуальнай уласнасьці, яна за няпоўныя тры гады стварыла 106 песень, сярод якіх «Ах, Аляксандар», «Бульба-данс» і гімн Генэральнай пракуратуры.

Аднак было б несправядлівым абвінавачваць Лукашэнку ў тым, што ён адзіны, хто парушыў сьвятую некалі для кіраўнікоў СССР традыцыю. Напрыклад, Гульнара Карымава, дачка колішняга прэзыдэнта Ўзбэкістану, пры бацькавым жыцьці дасягнула зайздроснага вакальнага посьпеху: сьпявала ў дуэце з Хуліё Іглесіясам і Жэрарам Дэпардзье.

І нават з самой Мансэрат Кабалье, чым мог бы пахваліцца далёка ня кожны опэрны сьпявак першага сусьветнага шэрагу.

Цяпер Гульнара Карымава адбывае пакараньне ў 13 гадоў 4 месяцы пазбаўленьня волі — «за фінансавыя махінацыі і стварэньне злачыннай супольнасьці».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)