Цыганкоў: «Разбураць агульначалавечыя каштоўнасьці пачала Расея, але страшна назіраць, як яна сваім прыкладам актыўна цягне іншых у гэтае балота»

Журналіст — пра тое адзінае, што не дае сьвету канчаткова ўчапіццца ў глотку адзін адному.

— У час вайны размовы пра агульначалавечыя каштоўнасьці зьнікаюць як глупства і нават шкодная крамола, — піша Віталь Цыганкоў. 

Я даволі скептычна стаўлюся да гістарычнай ацэнкі Гарбачова з-за ягонай непасьлядоўнасьці і баязьлівасьці, але за адну рэч ён зойме сваё пачэснае месца ў гісторыі. За тыя самыя «агульначалавечыя каштоўнасьці».

Памятаю, з якім унутраным жахам назіраў тое, што адбывалася ў Расеі ў нулявыя гады, калі Дугін і Праханаў з гарадзкіх вар’ятаў сталі шанаваным мэйнстрымам, калі сталі папулярнымі заклінаньні, што ў Расеі няма саюзьнікаў, што ўвесь сьвет толькі і жадае Расею прынізіць і падпарадкаваць. Ужо тады мне было зразумела, куды гэта ўсё ідзе – да новай халоднай вайны, да самаізаляцыі – вайну гарачую тады, вядома, я не мог уявіць нават у самых песімістычных ацэнках.

Цяпер мы ўсе гаворым пра нацыянальныя інтарэсы як пра нейкі абсалют, мы заклікаем іх адстойваць, абараняць, ахвяраваць дзеля іх, ігнараваць любыя іншыя каштоўнасьці. Палітык, які ў наш час загаворыць пра нешта агульначалавечае, здаецца, будзе аб’яўлены непрактычным летуценьнікам, а то і ворагам свайго народу.

Ювал Ной Харары даволі ярка пісаў пра тое, што любыя каштоўнасьці ў чалавечай гісторыі – гэта не абсалют, не празрэньне, якое раптам сыходзіць на народы – а прадукт пэўнай ідэйнай згоды, міф, канструкт, які большасьць пагаджаецца ўспрымаць дзеля гарманічнага суіснаваньня. Тым больш народаў пагаджаецца прымаць нешта агульнае ў якасьці сваіх правілаў – тым больш шанцаў, што гэтыя народы будуць ужывацца мірна і гарманічна.  

Толькі наяўнасьць нейкіх агульных каштоўнасьцяў, якія вышэй за нацыянальныя традыцыі і інтарэсы – не дае сьвету канчаткова ўчапіццца ў глотку адзін адному, не дае пачаць вайну ўсіх супраць ўсіх.

Калі казаць больш практычна, гэта проста правілы гульні, у рамках якіх краіны могуць адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы – але не выходзячы за агульнапрызнаныя рамкі. Як баксёры, які надзяваюць шалом і пальчаткі, каб, нават перамагаючы, не нанесьці траўму суперніку. 

Самае страшнае, што мне бачыцца ў падзеях апошніх гадоў – гэта пераможнае шэсьце таго варыянту «нацыянальных інтарэсаў», які ня хоча нічога бачыць далей за свайго носа. Ясна, што разбураць агульначалавечыя каштоўнасьці пачала Расея, але страшна назіраць, як яна сваім прыкладам актыўна цягне іншых у гэтае балота, дзе прапануецца пляваць на агульную бяду, дзе кожны сам за сябе – і ў выніку можа загінуць па адзіночцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)