Цыганкоў: «Час» сам па сабе нічога не «вырашыць»

Журналіст Віталь Цыганкоў – пра аргумент пра «час» ў дыскусіях наконт улады.

– Прызнаюся, у мяне выклікаюць пэўнае раздражненьне аргументы ў стылю «Лукашэнка прайграў часу», – піша Цыганкоў. – «Час» сам па сабе прадстаўляецца нейкім неадхільным вырашальнікам, «Богам з машыны», які «ўсе расставіць на свае месцы».

Маўляў, новыя тэхналогіі, права выбару, інтэрнэт і спажывецкае грамадзтва самі аб’ектыўным (хутчэй, загадкавым) чынам прывядуць да злому дыктатур і панаваньню дэмакратыі. Гэткая непахісная вера ў паступовы і абавязковы прагрэс як адзіны шлях разьвіцьця гісторыі.

Не дзіва было такое пачуць у 1992 годзе, калі наступіў «канец гісторыі» і была цьвёрдая ўпэўненасьць, што калі ў нейкую краіну прыходзіць Макдональдс і Галівуд, то хутка там зьявіцца і ліберальная дэмакратыя.

Але мы жывем у 2023-м, калі новыя тэхналогіі толькі дапамагаюць дыктатарскім рэжымам кіраваць сваімі народамі, як у Кітаі, спажывецкае грамадзтва толькі адлучае людзей ад палітыкі і ўвогуле ад любых ідэяў, права выбару часам прыводзіць да самага няправільнага выбару з усіх магчымых, а сацыяльныя сеткі замест плюралізму меркаваньняў прынесьлі цэнзуру і панаваньне кіча і прымітыву.

Калі я чую «новае супраць старога», дык адразу ўзгадваю прыклад Ганконгу супраць камуністычнага Кітаю. «Старое» —дэмакратычны, капіталістычны Ганконг з правамі чалавека і свабоднай прэсай, супраць наступленьня «новага» — камуністычнай лічбавай дыктатуры, якая ўзяла на ўззбраеньне ўсе тэхналагічныя дасягненьні цывілізацыі.

І «новае», канешне, перамагае.

Не прыводзьце мне аргумент пра «Час».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(20)