Цыганкоў: Чаму ўсемагутная Масква дазволіла пасадзіць «сваіх» Бабарыку і Калесьнікаву?

Калумніст пра нелагічнасьць заяваў наконт «прарасейскасьці» Віктара Бабарыкі.

— У беларускай публічнай прасторы ёсьць група людзей (мне хочацца называць іх «групка»), якія проста абажаюць называць усіх вакол прарасейскімі альбо агентамі рэжыму, — піша Віталь Цыганкоў. — Калі нейкага палітыка называюць «прарасейскім», то за гэтым павінны стаяць пэўныя аргументы, доказы, паказаньні.

Напрыклад, Расея падтрымлівае гэтага палітыка – адкрыта ці прыхавана, заступаецца за яго, падключае прапаганду, дае яму слова ў сваіх СМІ, абараняе яго ў выпадку пагрозы. Напрыклад, умоўны Медведчук ва Ўкраіне, ці розныя персанажы ў краінах Балтыі.

Да таго ж сам гэты палітык сваімі дзеяньнямі, заявамі дэманструе сваю прарасейскасьць.  То бок «калі нешта выглядае як качка, плавае як качка, кракае як качка – то гэта качка».

Што ж у нас? Палітыкаў, якіх групка называе прарасейскімі, Расея ніколі нічым не вітала, ані разу не пажадала зь імі сустрэцца, расейская прапаганда бэсьціць іх як празаходніх наймітаў.

Але самае цікавае далей, сачыце за логікай. Тыя ж самыя людзі (групка), якія называюць Бабарыку, Калесьнікаву, а нават і Ціханоўскую з Латушкам прарасейскімі, заўсёды заяўлялі, што Лукашэнка – стаўленьнік Расеі, якога яна сама і паставіла, бо Масква кантралюе ў Беларусі фактычна ўсё, а найперш уладу і спецслужбы.

І вось яна, логіка. Масква, якая паставіла Лукашэнку і яго кантралюе, для чагосьці вылучае на выбарах іншых «сваіх» людзей у выглядзе, як яны кажуць, Бабарыкі. Для чаго? Навошта адхіляць Лукашэнку, які і так (і з гэтым згодныя прадстаўнікі «групкі») задавальняе ўсе стратэгічныя памкненьні Масквы ў Беларусі?

Не ўсё так проста, адказваюць яны. Бабарыка быў вылучаны, каб перамагчы і яшчэ больш выконваць патрэбы Масквы.

Сур'ёзна? Ну, дапусьцім, такі складаны гамбітны ход. Але чаму тады Масква, якая, нагадаю, «усемагутная і ўсё кантралюе, асабліва ў арміі і спецслужбах» – так і не захацела зрынуць Лукашэнку, аказаўшы яму максімальную дапамогу ў самы крытычны час? Можа, усё ж Лукашэнка яе цалкам задавальняе? Навошта тады яна вылучае яму ў процівагу сваіх «стаўленьнікаў»?  Чаму ўсемагутная Масква дазволіла пасадзіць «сваіх» Бабарыку і Калесьнікаву на вялізныя тэрміны?

Нешта не сыходзіцца. Не «нешта», а «усё» не сыходзіцца.

Няма ні фактаў, ні логікі. Ёсьць толькі адно: жаданьне гэтай групкі называць усіх людзей, хто ў яе не ўваходзіць – агентамі Масквы альбо агентамі рэжыму.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:77)