Филин

Сяргей Васілеўскі

Ці вернуць пракуроры беларускіх школьнікаў у савецкае мінулае

Чаму ўлады ўзяліся за школьную форму — меркаванне эксперта.

Фото zorika.by

Міністр адукацыі Андрэй Іванец анансаваў увядзенне адзінага ўзору формы для кожнай школы. Па яго словах, школа — дзяржаўная ўстанова, і парадак пачынаецца з адпаведнай формы адзення. А таму меркаванне бацькоў у гэтым пытанні ўлічвацца не будзе, форму можна будзе набыць толькі вытворчасці «Беллегпрама».

Фiлiн на ўмовах ананімнасці паразмаўляў з экспертам па адукацыі пра новаўвядзенні ў беларускіх школах.

— На вашу думку, якую мэту насамрэч пераследуюць улады ўвядзеннем школьнай формы? Праблема глыбей, чым спосаб разгрузіць склады «Беллегпрама»?

— Беларусы, нават не звязаныя са школай, відаць, заўважылі, што пытанне школьнай формы ўздымаецца ўладамі з завіднай перыядычнасцю кожныя 2-3 гады, і ўзнікае яно, як правіла, калі трэба адцягнуць увагу ад сапраўды важных праблем.

У прэсе і сацыяльных медыя пачынаецца дыскусія на роўным месцы, актывізуюцца хайперы і хейтары. Насамрэч, навукоўцы правялі даследаванні ў розных краінах і выявілі, што наяўнасць ці адсутнасць школьнай формы ніяк не ўплывае на навучальныя дасягненні вучняў.

Таму ў дэмакратычных краінах пытанне формы не абмяркоўваецца, а бацькам даецца права апранаць сваіх дзяцей так, каб ім было зручна вучыцца. Бывае, што бацькоўскі рады прымаюць рашэнні пра школьную форму ці яе элементы. Але гэта ўсё адбываецца на ўзроўні асобнай школы, ніякія чыноўнікі не ўмешваюцца ў такія дробязныя пытанні. 

Наша міністэрства пра гэта добра ведае, але, відаць, так лягчэй прадэманстраваць ілюзію дзейнасці і пры гэтым нічога не трэба мяняць, вырашаць...

Лепш людзі і прэса хай абмяркоўваюць школьную форму, а не недахоп настаўніцкіх кадраў, састарэлыя праграмы, далёкі ад патрэб часу змест падручнікаў, няроўны доступ да адукацыі, нізкі сацыяльны статус настаўнікаў.

— Акрамя абавязковай школьнай формы школьнікаў і гадаванцаў дзіцячых садкоў чакае праслухоўванне дзяржаўнага гімна. Гэта, як высветлілася, ініцыятыва Генпракуратуры. Ці ўдасца пракурорам і школьным функцыянерам вярнуць беларускую школу ў савецкае мінулае?

— Пытанні Міністэрства адукацыі — гэта пытанні якасці адукацыі, а функцыя пракуратуры — сачыць за выкананнем законаў.  Адзінае, што можна сказаць — яны займаюцца неўласцівымі абавязкамі. У любым выпадку незалежным СМІ я б параіла не весціся на гэтыя дутыя праблемы, якія нам падкідаюць.

Нічога яны не мяняюць, моцна на дзяцей не паўплываюць. Нашыя вучні і добрыя настаўнікі, якіх пакуль у школах шмат, даўно навучыліся вырашаць гэтыя праблемы ціха і непублічна. Ды і бацькі не вельмі спадзяюцца на школу ў пытаннях выхавання. Інтэрнэт, рэпетытары, курсы, гурткі па інтарэсах — усё гэта ўтварае паралельную школу без ідэалогіі. Давайце падымаць і абмяркоўваць нешта насамрэч важнае, знаходзіць шляхі вырашэння сапраўдных праблем, іх у нас хапае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)