Ці ўратуе Лукашэнку мілітарызацыя сыстэмы адукацыі

Журналіст Сяргей Навумчык на Радыё Свабода – пра тое, чаму падрыхтоўка вялікай колькасьці малакваліфікаваных салдатаў і афіцэраў можа выглядаць лягічнай.

Студэнткі Нацыянальная школа прыгажосьці з аўтаматамі. Ілюстрацыйнае фота

У навучальных установах Беларусі ўводзяць абавязковую пачатковую вайсковую падрыхтоўку.

Яшчэ ў траўні міністар абароны Віктар Хрэнін паведаміў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, што ва ўсіх ВНУ краіны будзе выкладацца пачатковая вайсковая падрыхтоўка. У школах такая дысцыпліна ўжо выкладаецца пад назвай «дапрызыўная падрыхтоўка».

Назваць гэта новаўвядзеньнем можна толькі ўмоўна — падобная практыка дзесяцігодзьдзямі існавала ў Савецкім Саюзе і тлумачылася падрыхтоўкай да абароны «заваёваў сацыялізму». Калі канкрэтызаваць: СССР рыхтаваўся да вайны ўдзельнікаў Варшаўскай дамовы з блёкам NATO.

У школах у старшых клясах тады вывучалі азы вайсковай падрыхтоўкі — як сабраць-разабраць аўтамат Калашнікава і як ратавацца ад радыяактыўнага забруджваньня (у дужках зазначым, што пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС сыстэма грамадзянскай абароны выявіла суцэльную бездапаможнасьць). У вышэйшых навучальных установах падрыхтоўка была ўжо больш сыстэмнай і прафэсійнай.

Але, насуперак распаўсюджанай сёньня думцы, у ВНУ ў часы СССР выкладаньне вайсковай справы не было татальным. Вайсковыя катэдры існавалі далёка не ва ўсіх інстытутах.

Так, у Віцебску з чатырох ВНУ (мэдычны, пэдагагічны, тэхналягічны і вэтэрынарны інстытуты) вайсковая катэдра, пасьля навучаньня на якой выпускнік атрымліваў афіцэрскае званьне (звычайна лейтэнанта) існавала толькі ў мэдычным інстытуце. Што цалкам зразумела: лекары, асабліва хірургі, на вайне патрэбныя.

Можна меркаваць, што калі б армія, як гэта было яшчэ ў часы Другой сусьветнай вайны, асабліва ў яе пачатку, мела кавалерыю, такая катэдра была б і ў вэтэрынарным інстытуце. А вось пэдагогі ці спэцыялісты ў галіне лёгкай прамысловасьці на вайне карысныя хіба што ў ролі звычайных салдатаў, ім афіцэрскія пагоны даваць не абавязкова.

Выключэньне складалі ўнівэрсытэты (у БССР гэткі статус мела толькі адна ВНУ — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Леніна): тут вайсковыя катэдры існавалі абавязкова. І мужчынская частка студэнцтва (матэматыкі, гісторыкі, фізыкі, філёлягі, біёлягі, журналісты) разам з дыплёмамі, пасьля праходжаньня кароткатэрміновых вайсковых збораў, атрымлівалі званьне афіцэраў запасу.

Пакуль незразумела, ці будуць выпускнікі беларускіх ВНУ пасьля курсу вайсковай падрыхтоўкі атрымліваць лейтэнанцкія зоркі, як тое было ў часы СССР, але з наяўнай афіцыйнай інфармацыі можна зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, «мілітарызацыю» пройдуць усе: і настаўнікі, і IT-спэцыялісты, і вэтэрынары.

Прафэсіяналы і апалчэнцы

Як сьведчыць міжнародны досьвед, татальная вайсковая падрыхтоўка ўласьцівая краінам з аўтарытарным рэжымам кіраваньня (за выняткам некалькіх дзяржаў, якія дзесяцігодзьдзямі вымушаныя існаваць у стане пэрманэнтнага канфлікту, напрыклад Ізраілю).
У эканамічна разьвітых дэмакратычных краінах страляць з аўтамата, узводзіць фартыфікацыйныя збудаваньні альбо аказваць мэдычную дапамогу параненым на полі бою вучацца звычайна толькі тыя, хто служыць у войску: альбо як прызыўнікі, альбо як прафэсіяналы.

Абавязковай вайсковай падрыхтоўкі няма нават у ЗША, дзе насельніцтва даволі шчыльна мілітарызаванае. Як вядома, там дазволена мець агнястрэльную зброю ў прыватным карыстаньні, а ў некаторых штатах да нядаўняга часу набыць стрэльбу можна было, усяго толькі паказаўшы правы кіроўцы аўтамабіля.

Увогуле ж, досьвед войнаў пасьля Другой сусьветнай паказаў перавагі прафэсійных армій над тымі, якія фармуюцца з прызыўнікоў. Ня кажучы ўжо пра тыя, якія ствараюцца з апалчэнцаў, людзей, якія зброю ў руках трымалі толькі аднойчы, а часта і ўвогуле бачылі яе толькі ў кіно.

Хаця апошнія падзеі ўнесьлі ў разуменьне сучаснай вайны пэўныя карэктывы.

Стратэгія «Baby novykh narozhajut»

Хаця вынікі вайны Расеі з Украінай з чыста вайсковага пункту гледжаньня падсумоўваць яшчэ рана, але пэўныя высновы і заканамернасьці некаторыя вайсковыя аналітыкі робяць ужо цяпер.

Так, сярод іншага адзначаецца, што практыка дзеяньняў расейскіх камандзіраў прымусіла скарэктаваць погляды на сучасную вайну як на ў значнай ступені высокатэхналягічны працэс, дзе выкарыстаньне навукаёмістых распрацовак адыгрывае ўсё больш вызначальную ролю.

Вядома, звышдакладную зброю і касьмічную выведку ніхто не адмяняў, і мы бачым, зь якой высокай эфэктыўнасьцю яны дзейнічаюць ва Ўкраіне.

Аднак пры ўсім гэтым аналітыкі зьдзіўленыя маштабам выкарыстаньня мэтадаў, якія савецкія палкаводцы прымянялі ў часы Другой сусьветнай вайны. А менавіта — завальваць праціўніка «гарматным мясам», кідаючы на перадавую ўсё новыя і новыя тысячы байцоў, аж пакуль не вырастае, у літаральным сэнсе, гара трупаў.

«Baby novykh narozhajut» — працытаваў па-расейску ў тэледыскусіі брытанскі экспэрт фразу, якую прыпісваюць аднаму славутаму савецкаму маршалу. І сапраўды, як расказваюць украінскія вайскоўцы, сучасныя расейскія генэралы не шкадуюць салдат, бо лічаць, што расейскія жанчыны народзяць ім новых.
 

І калі год таму посьпехі Узброеных сілаў Украіны былі падставай для досыць аптымістычных прагнозаў адносна заканчэньня вайны, дык цяпер усё часьцей гучаць спасылкі на практычна бязьмежныя людзкія рэсурсы Расеі, якія крамлёўскія кіраўнікі могуць выкарыстоўваць як паліва ў «рухавіку вайны». Без усялякай высокатэхналягічнай і звышдакладнай зброі.

У кантэксьце працяглай, расьцягнутай на гады вайны з Захадам, на якую, як лічаць некаторыя назіральнікі, разьлічвае Пуцін, падрыхтоўка вялікай колькасьці малакваліфікаваных салдатаў і афіцэраў у залежнай ад Масквы Беларусі можа выглядаць цалкам лягічнай.

Залішне казаць, што ні з інтарэсамі беларускага народу, ні з прынцыпамі гуманізму такая стратэгія ня мае нічога супольнага.

Каб слова ваенрука ў душу запала

Існуе і яшчэ адна прычына ўвядзеньня абавязковай вайсковай падрыхтоўкі, і зьвязана яна зусім не з пытаньнямі тактыкі атакі, авалоданьня зброяй ці нейкімі іншымі спэцыфічнымі вайсковымі аспэктамі.

Гэта тое, што ўлады называюць «патрыятычным выхаваньнем», укладаючы ў гэтыя словы ўвесь спэктар цяперашніх ідэалягічных догмаў — ад «дэструктыўнай дзейнасьці зьбеглых» і «нацысцкага кіеўскага рэжыму» да ўдзячнасьці Лукашэнку за захаваньне «стабільнасьці і міру» ў краіне.

Апошнім часам вайсковыя камісарыяты пачалі запрашаць салдатаў і афіцэраў запасу на 1,5-2 гадзінныя «палітінфармацыі». У некаторых сельскіх раёнах такія мерапрыемствы праходзяць штодзённа, паводле графіку, ахопліваючы значную частку насельніцтва (праўда, пераважна мужчынскую, калі не лічыць адносна невялікую колькасьць жанчын-мэдыкаў).

Увядзеньне абавязковай вайсковай падрыхтоўкі ў навучальных установах (ці нават толькі пашырэньне яе на значную іх частку) істотна пашырае магчымасьці «прамываньня мазгоў».

Здавалася б, «патрыятычнае выхаваньне» могуць праводзіць і звычайныя выкладчыкі, і куратары студэнцкіх групаў. Тым больш што за тры апошнія гады ВНУ вычышчаныя ад выкладчыкаў, якія адкрыта выступілі супраць палітыкі гвалту і рэпрэсій.

Але, па-першае, ня ўсім ім можна давяраць: хто ведае, ці не чытае гэты самы дацэнт употайкі экстрэмісцкія тэлеграм-каналы. Патрэбныя тэзісы з «мэтадычкі» ён, вядома, студэнтам прачытае, але зробіць гэта без «агеньчыка», абы з рук. Не западзе такое слова ў душу студэнта.

А вось выкладчык вайсковай падрыхтоўкі, кадравы афіцэр, хай і ў адстаўцы, паставіцца да задачы як да баявой. І ў добранадзейнасьці яго сумневу няма: афіцэры ў беларускім войску дзесяцігодзьдзямі выхоўваліся ў духу адданасьці Лукашэнку і вернасьці «братняй Расеі», ім ня трэба тлумачыць згубнасьць арыентацыі на Захад і небясьпеку, што ідзе ад NATO.

А па-другое, расказаўшы студэнтам пра лёсавызначальнасьць выбараў ва «ўсебеларускі народны сход», выкладчыца літаратуры XIX стагодзьдзя паставіць адзнаку за веданьне тэкстаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ці Францішака Багушэвіча. Роўна як выкладчык малекулярнай фізыкі ня будзе пытацца на іспыце пра стаўленьне студэнта да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» Расеі ва Ўкраіне.

Затое ваенрук мае поўнае права паставіць нездавальняючую адзнаку па сваім прадмеце за, напрыклад, недастаткова глыбокае разуменьне важнасьці «саюзнай дзяржавы», бо, як вядома, ідэйная загартоўка зьяўляецца ня проста неад’емнай часткай, але і адной з умоваў посьпеху на полі бою.

І, атрымаўшы «нездавальняюча» па вайсковай падрыхтоўцы, студэнт-філёляг ці біёляг страціць стыпэндыю, а можа, і ўвогуле рызыкне дыплёмам.

Тое ж тычыцца і школьнікаў — ваенрук лёгка можа сапсаваць атэстат. Істотны момант: калі ў савецкія часы ў школах былі выкладчыкі пачатковай вайсковай падрыхтоўкі, дык з 2021 году пасада завецца «кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаваньні». Расшыфроўваць, як падаецца, залішне.

Так што татальная мілітарызацыя адукацыі мае сама меней дзьве мэты: абараняць дзяржаву ад нападу і абараняць уладу ад ідэйных і палітычных апанэнтаў. Адносна посьпеху ў дасягненьні першай мэты можна дапускаць розныя вэрсіі: вынік ваенных дзеяньняў залежыць ад безьлічы фактараў.

Што да другой, дык можна зьвярнуцца да не такога і даўняга прыкладу, які на памяці сёньняшніх старэйшага і сярэдняга пакаленьняў. У СССР «камуністычнае выхаваньне» ахоплівала савецкіх людзей татальна, пачынаючы з малодшых клясаў школы, а то і зь дзіцячых садкоў.

Яно адбывалася ў інстытутах, на заводах, у калгасах, у арміі, вялося вялікай арміяй прапагандыстаў у звычайным жыцьці і палітработнікаў у войску, з выкарыстаньнем усіх тагачасных сродкаў масавай інфармацыі.

Але калі ў 1991-м абрынулася КПСС, а за ёй і савецкая імпэрыя, абараняць ідэалы камунізму ня выйшаў і дзясятак чалавек на ўвесь амаль 300-мільённы Савецкі Саюз.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(19)