Общество
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY

Ці можа ў мяне быць дзве родныя мовы?

14 кастрычніка ў Беларусі стартаваў перапіс насельніцтва. Адно з найбольш рэзанансных пытанняў анкеты, якое ўжо выклікала абурэнне грамадскасці — “Ваша родная мова”. Аднак, выглядае, арганізатары перапісу і самі не ведаюць, як дакладна на яго адказаць.

Маніпуляцыі з фармулёўкай?

Адмыслоўцы ўжо даўно заўважылі падмену ў фармулёўцы моўнага пытання. Гэтак, у зацверджанай спачатку Саўмінам Праграме перапісу моўнае пытанне складалася з наступных пунктаў:

— родная мова;

— мова, на якой рэспандэнт звычайна размаўляе дома;

— іншая(ыя) мова (ы), якой (імі) свабодна валодае рэспандэнт.

Аднак у пазнейшай пастанове Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ ад 29.08.2008 № 129 былі зацверджаны "Указанні па запаўненні формаў перапіснога ліста". У частцы 4, п.33.7 чытаем: "у пытанні 10 "Ваша родная мова" калі рэспандэнту цяжка вызначыць, якая мова для яго з'яўляецца роднай мовай, то варта мець на ўвазе, што родная мова — гэта мова, якую ён засвоіў першай у раннім дзяцінстве".

Прадстаўнікі Белстата спасылаліся на рэкамендацыі ААН і міжнародную метадалогію для супастаўляльнасці дадзеных. Незалежныя ж эксперты выказваюць меркаванне, што, маніпуляцыі з фармулёўкай скіраваныя на тое, каб як мага меншая колькасць беларусаў назвала роднай мовай беларускую.

"На працягу ўсяго жыцця чалавек фармуецца, развіваецца, пад уздзеяннем розных фактараў змяняецца яго светапогляд. Таму трактоўка роднай мовы як першай, засвоенай у дзяцінстве, некарэктная. На адмысловым круглым стале мы вывучалі досвед дзясятка еўрапейскіх краін, і нідзе падобнага няма, — тлумачыў у гутарцы з карэспандэнтам TUT.BY вядомы філолаг і першы амбасадар незалежнай Беларусі ў ФРГ Пятро Садоўскі. — Тысячы гарадскіх дзяцей, якія ў дзяцінстве не размаўлялі па-беларуску, сталі свядомымі беларусамі падчас нацыянальнага адраджэння 1980-90-х. Беларуская для іх не проста родная мова, але і найважная духоўная каштоўнасць".

Блытаніна з адказамі

Аднак, як выявілася, пытанні выклікае не толькі фармулёўка “роднай мовы”, але і варыянтнасць адказу.

14 кастрычніка, у першы дзень на пытанні анкеты адказваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Частка ягоных публічных адказаў была паказана па ўсіх беларускіх тэлеканалах.

“Ваш родной язык? — запыталася перапісчыца ў прэзідэнта. — Белорусский, — адказаў Лукашэнка і пасля паўзы дадаў: — Белорусский и русский язык. Мне одинаково два языка”.

Якую мову напісала ў апытальным лісце перапісчыца?

Рэч у тым, што карэспандэнт TUT.BY, які паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі, так і не зразумеў, ці магчыма на пытанне аб роднай мове даць два адказы, як зрабіў прэзідэнт краіны. Напрыклад, я не магу вызначыцца з роднай мовай і лічу, што для мяне роднымі з’яўляюцца адразу дзве: беларуская і руская. Як быць у дадзеным выпадку?

Падчас онлайн-канферэнцыі на TUT.BY намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, начальнік упраўлення перапісу насельніцтва Святлана Навасёлава атрымала наступнае пытанне ад чытача:

— Ці магу я даць некалькі варыянтаў адказаў на пытанне пра родную мову? Я са змяшанай сям'і і не ведаю, якую з трох моў засвоіў першай.

— Вы павінны вызначыцца самі. Якую мову вы лічыце роднай асабіста для сябе, такую і трэба пазначыць, — адказала Святлана Навасёлава.

То бок, з адказу вынікае, што выбраць трэба толькі адну родную мову.

Сёння мы зноў звярнуліся за тлумачэннямі ў Нацыянальны статыстычны камітэт.

— Пажадана ставіць адну мову. Але ў прынцыпе, калі мова змяшаная, як, напрыклад, трасянка, то няхай пішуць “трасянка”. Калі руска-беларуская, то руска-беларуская. Для гэтага ў анкеце прадугледжана асобная графа “іншая”, — патлумачылі нам у Нацстаце.

— Але калі чалавек лічыць, што ў яго дзве родныя мовы?

— Ну, скажыце, як дзве мовы могуць быць родныя? Гэта размаўляць можна на змяшанай мове. Але родная мова ж толькі адна.

Пасля гэтага мы патэлефанавалі на гарачую лінію ў Галоўнае стытыстычнае ўпраўленне Мінска. Там нам сказалі абсалютна супрацьлеглую рэч: “Вы можаце называць дзве родныя мовы”.

Нарэшце, мы вырашылі паслухаць, што ў падобнай цьмянай сітуацыі робяць людзі, якія непасрэдна займаюцца зборам інфармацыі.

Перапісчык Алег Кепцюха перакананы, што ў пытанні пра родную мову трэба выбіраць толькі адзін варыят, бо “гэта самая першая мова, засвоеная ў раннім дзяцінстве. Раз першая, значыць, адзіная, адна”.

— Ці былі сітуацыі, калі чалавек не мог выбраць адну родную мову? — пытаюся ў перапісчыка.

— Былі людзі, якія сцвярджалі, што ўсё жыццё размаўляюць на беларуска-рускай мове. У нас ёсць дапаможная кніжка (“Указания по заполнению форм переписного листа и отдельных форм переписной документации при проведении переписи населения РБ 2009 г.”), у якой прапісана, што ў падобнай сітуацыі трэба ставіць крыжык у графе “іншая” і пісаць “трасянка”, то бок беларуска-руская мова.

— Значыць, двух адказаў на 10-е пытанне быць не можа?

— Так, не можа.

***

Як бачым, ад розных людзей, якія арганізуюць нацыянальны перапіс, мы не атрымалі адназначнага адказа на пытанне, ці можа чалавек назваць дзве родныя мовы. Гэтая блытаніна аўтаматычна спараджае другое, яшчэ больш важнае пытанне: як жа тады будуць лічыць нашы звесткі і які вынік мы атрымаем па сканчэнні перапісу?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)